Ці можна сумяшчаць работу з водпускам па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў і як гэта адаб’ецца на выплатах, расказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе БелТА.
У Мінпрацы расказалі, што ў перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці член сям’і, які ажыццяўляе такі догляд, можа выйсці на работу ў любы час да дасягнення дзіцем 3 гадоў. У гэтым выпадку памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў будзе залежаць ад рэжыму працы. Калі не больш чым на 0,5 стаўкі, то без страты поўнага памеру дапамогі. Калі на поўную стаўку — у памеры 50 % ад дапамогі.
Калі асоба, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, ажыццяўляе сваю дзейнасць з выплатай падатку на прафесійны даход, дапамога захоўваецца ў поўным аб’ёме.
У ведамстве таксама нагадалі, што памер дапамогі на першае дзіця складае Br931,91, на другое і наступных дзяцей — Br1065,04, на дзіця-інваліда — Br1198,17.
Таксама ў ведамстве адзначылі, што выхад на работу, ажыццяўленне іншай дзейнасці не ўплываюць на памер і права атрымання іншага віду дапамогі — сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Аднак важна ўлічыць, што атрымальнік дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў паведамляе па месцы прызначэння дапамогі пра абставіны, якія могуць уплываць на памер дапамогі, самастойна. Калі такія даныя будуць утоены, залішне выплачаная сума будзе падлягаць спагнанню.