Як правільна паводзіць сябе на пашпартным кантролі? Ці можна ўсміхнуцца і адпусціць дарэчны жарт? Як успрымуць гэта пагранічнікі? Пра гэта паведамляе Smartpress.by.
«Радасць і гумар — гэта нармальна. Гумар, натуральна, у разумных рамках. — расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення пагранічнага кантролю Дзяржпамежкамітэта Беларусі, палкоўнік Руслан Мікуліч. — Наогул, трэба паводзіць сябе натуральна і, калі задаюць нейкія пытанні, спакойна на іх адказваць».
Са слоў Мікуліча, гэта простыя пытанні фармату «куды ідзе чалавек, да каго і з якой мэтай». Ёсць пэўныя правілы паводзін пры перасячэнні мяжы, і любы чалавек павінен іх выконваць. У адваротным выпадку будзе адказнасць.
«Жорстка мы не караем, а заўсёды, у першую чаргу, займаемся прафілактыкай. Мы патлумачым, пакажам, што можна і што нельга рабіць».
Як запэўнівае Руслан Мікуліч, усмешка і дарэчны жарт памежнікамі ўспрымаюцца абсалютна нармальна.