Top.Mail.Ru

Ці можна зрабіць так, каб зімой дзікія жывёлы не выходзілі на дарогу, пры гэтым ніяк ім не нашкодзіўшы

Нядаўна на Магілёўскай кальцавой аўтадарозе ў прыцемках вадзіцелі і пасажыры назіралі, як некалькі ласёў нетаропка перасякалі праезную частку і адначасова лізалі языком соль з паверхні, апрацаванай супрацьгалалёднай сумессю. І такая карціна ў халодную пару года не рэдкасць. Больш за тое, па даступную соль да дарогі выходзяць не толькі ласі. Апроч іх прыходзяць высакародныя алені, казулі, кабаны, зайцы — практычна ўсе расліннаедныя звяры. А ўлічваючы, што дарога ўсё ж такі першапачаткова прызначана для руху транспарту, а не як кармушка для жывёл, узнікае канфлікт, які пры пэўных абставінах прыводзіць да дарожна-транспартных здарэнняў.


Ледзь не кожны дзень у зводках чытаеш аб аварыях з удзелам жывёл, якія выйшлі на дарогу. У іх калечацца, гінуць дзясяткі людзей, а жывёлы гінуць тысячамі. І колькасць такіх ДТЗ расце. Асноўнымі прычынамі спецыялісты лічаць павелічэнне інтэнсіўнасці дарожнага руху і рост пагалоўя жывёл. Таксама адным з фактараў выхаду ў халодны перыяд дзікіх жывёл на дарогу лічыцца соль, якая выкарыстоўваецца ў супрацьгалалёдных сумесях.

Як соллю намазана

Патрэба расліннаедных жывёл у солі (NaCl) тлумачыцца тым, што расліны звычайна багатыя на калій і бедныя на натрый. Але менавіта натрый неабходны для росту арганізма, звычайнага абмену рэчываў, такіх фізіялагічных працэсаў, як лінька, рост рагоў, развіццё эмбрыёнаў, лактацыя і інш. Соль падтрымлівае пастаянны асматычны ціск у плазме крыві і тканкавых вадкасцях, салявы і водны балансы. Яе спажыванне павышае апетыт, папярэджвае некаторыя захворванні. Зніжэнне канцэнтрацыі NaCl у крыві, лімфе, тканках рэзка адбіваецца на функцыях нервовай сістэмы. Жывёлы здольныя пераносіць недахоп іншых кармоў, але абыходзіцца без некаторых мінеральных элементаў яны не ў стане. У іх пошуках яны могуць здзяйсняць шматкіламетровыя пераходы.

Ведаючы гэту асаблівасць, паляўніцтвазнаўцы праводзяць мэтанакіраваныя біятэхнічныя мерапрыемствы, у рамках якіх майструюць у лесе саланцы. Гэта дазваляе не толькі дапамагчы дзікім жывёлам атрымаць неабходныя мінеральныя рэчывы, але і служыць элементам кіравання. Напрыклад, правільна ўстаноўленыя — як мага далей ад дарог у старых лясах — саланцы памяншаюць верагоднасць выхаду жывёл на аўтатрасы, захоўваюць маладыя пасадкі дрэў ад патраў. Аднак масавае ўжыванне пясчана-саляных сумесяў у халодную пару года на дарогах спараджае міжвольную канкурэнцыю. Такая неабходная жывёлам соль аказваецца даступнай практычна паўсюдна.

Па даных Мінтранса, працягласць сеткі аўтадарог агульнага карыстання ў краіне складае каля 86,5 тысячы кіламетраў. З іх каля 16 тысяч — дарогі рэспубліканскага значэння. З надыходам халадоў, пры паніжэнні тэмпературы да +1 °C/-1 °C (у залежнасці ад тыпу дарожнага пакрыцця), дарожнікі пачынаюць праводзіць прафілактычную супрацьгалалёдную апрацоўку. Асноўны склад — сумесь пяску і солі ў прапорцыі 1:1. Для разумення аб’ёмаў сродкаў, якія выкарыстоўваюцца на дарогах, можна прывесці прыклад Мінска. На гэту зіму сталіцы спатрэбіцца 88 тысяч тон галіту (каменная соль) і 42 тысячы тон пясчана-саляной сумесі. Улічваючы, што халады і першыя дарожныя апрацоўкі пачынаюцца ў лістападзе і могуць доўжыцца да сакавіка—красавіка, атрымліваецца, што соль на дарогах аказваецца даступнай для жывёл амаль паўгода!

Гарчэйшы за чэмер

Спробы змяніць склад супрацьгалалёдных сумесяў рабіліся даўно. Праўда, прычынай пошуку новых рэагентаў быў не клопат аб жывёлах або прафілактыка ДТЗ, а каразійныя ўласцівасці солі. Пашкоджаныя пяском і соллю металічныя дэталі аўтамабіляў літаральна за два-тры сезоны ператвараюцца ў кавалкі ржавага жалеза. Аднак эфектыўнага рашэння так да гэтага часу і не знойдзена. Асобныя прэпараты паказваюць нядрэнныя вынікі, але кошт іх вытворчасці аказваецца настолькі высокі, што аб іх масавым выкарыстанні няма і гаворкі. У выніку акрамя пясчана-саляных сумесяў і чыстых соляў у найбліжэйшы час наўрад ці нешта новае з’явіцца. Як правіла, у гарадах часцей прымяняюць соль, а на загарадных трасах — пясчана-саляную сумесь.

Ці ёсць выйсце з узніклай сітуацыі? А што будзе, калі паспрабаваць зрабіць соль на дарозе нясмачнай для жывёл?

Яшчэ ў 1958 годзе падчас даследавання мясцовых анестэтыкаў у Шатландыі выпадкова адкрылі рэчыва пад назвай «бітрэкс». Як высветлілася, гэта самае горкае з вядомых хімічных злучэнняў. Яго сталі выкарыстоўваць у фармацэўтыцы, касметыцы, дадаваць у растваральнікі, мыйныя сродкі, у пластмасы, каб дзеці не маглі з’есці дробныя дэталі, у сельскай гаспадарцы як рэпеленты і ў многіх іншых сферах. Лічыцца, што разведзены прэпарат у канцэнтрацыі ўсяго 10 ppm (10 мг на тону) будзе ўжо невыносна горкі для большасці людзей, аналагічна ён уздзейнічае і на многіх жывёл, у тым ліку аленевых. Бітрэкс даступны і недарагі. Засталася справа за малым — ацаніць яго эфектыўнасць пры выкарыстанні ў дарожных пясчана-саляных сумесях.

Інавацыйны падыход з цікавымі перспектывамі

Наколькі перспектыўная гэта ідэя, пракаменціраваў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз:

— Праблема скарачэння колькасці ДТЗ з дзікімі жывёламі, сапраўды, актуальная. Дзяржавай прымаюцца розныя меры: узводзяцца загароды, абсталёўваюцца пераходы. Але ідэальнага рашэння пакуль не існуе. Таму новыя ідэі і прапановы, несумненна, заслугоўваюць увагі. У рамках работы Пастаяннай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне, дзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі МУС, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мінпрыроды, Мінлясгаса, Мінтранса і іншых зацікаўленых ведамстваў, падчас якога аналізуецца бягучая сітуацыя з ДТЗ, абмяркоўваюцца меры, што прымаюцца, і іх эфектыўнасць. Думаю, што пытанне магчымасці апрабацыі бітрэксу ў пясчана-саляных супрацьгалалёдных сумесях можна будзе больш дэталёва абмеркаваць на пасяджэнні камісіі. Для нас гэта інавацыйны падыход з цікавымі перспектывамі, які патрабуе сур’ёзнай прапрацоўкі.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю