Сёлета жнівень дэманструе крайнюю нестабільнасць. На мінулым тыдні беларусы апынуліся ў сапраўдных тропіках. Паветра нагрэлася да 40,3 °C, тым самым пабіўшы рэкорд месяца і ледзь не паўтарыўшы нацыянальны рэкорд максімальнай тэмпературы 40,4 °C, які быў устаноўлены ў Пінску 29 чэрвеня 2026 года. А ў выхадныя вярнулася тыповае беларускае лета з прывычнымі значэннямі слупкоў тэрмометраў ад 20 да 26 °C.
Але і на гэтым жнівень не жадае спыняцца. Бягучы тыдзень нагадаў, што лета набліжаецца да канца. У яго сярэдзіне назіралася паніжэнне тэмпературнага фону да 17–24 °C цяпла, што больш адпавядае верасню. Тэмпературныя перабудовы суправаджаліся актыўнымі атмасфернымі працэсамі.
Тым не менш напрыканцы тыдня жнівень падрыхтаваў нам узнагароду ў выглядзе камфортных цёплых выхадных. Пачне паступаць цёплае паветра з паўднёвага захаду Еўропы, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу ападкаў не чакаецца, абяцаюць сіноптыкі. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 8–14 °C вышэй за нуль, месцамі — плюс 5–7 °C. Днём — 23–30 °C цяпла.
У нядзелю месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 9–16 °C цяпла. Днём — ад 25 °C вышэй за нуль па поўначы да плюс 34 °C па поўдні.
Віктар ЛЮБІМАЎ