Top.Mail.Ru

Ці парадуе нас нябесная канцылярыя цяплом напрыканцы жніўня?

Затрымайся, лета!

Сіноптыкі абяцаюць цёплае развітанне з летам. Месцамі па краіне паветра прагрэецца да плюс 28 °C, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У апошнія выхадныя жніўня чарговыя франтальныя раздзелы абумовяць няўстойлівы характар надвор’я: ападкі ў спалучэнні з навальніцамі і моцным парывістым ветрам. Бонусам у гэтай сінаптычнай сітуацыі стане змена паветраных патокаў з паўночна-заходніх на паўднёва-заходнія і паступленне цёплага паветра паўднёвых шырот, удакладнілі сіноптыкі.

Згодна з папярэднімі прагнозамі, 28 — 30 жніўня з паўднёвага захаду Еўропы пачне паступаць больш цёплае паветра, тэмпературны фон будзе павышацца і да сярэдзіны дня стане вагацца ад 18 да 28 °C вышэй за нуль. Пры гэтым калі 28 жніўня захаваецца антыцыкланальны характар умоў надвор’я, то 29 — 30 жніўня ў большасці раёнаў Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Пры актыўным развіцці канвектыўных працэсаў месцамі ападкі будуць суправаджацца навальніцамі і ўзмацненнем ветру з парывамі 15–20 м/с. У начны і ранішні час у вільготным паветры ў асобных раёнах краіны будуць згушчацца непрацяглыя туманы.

У суботу ноччу будзе пераважна без ападкаў, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Раніцай і днём у асобных раёнах прагназуюцца навальніцы і ўзмацненне ветру з парывамі 15–20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 8–14 °C, па захадзе месцамі — да 17 °C цяпла, днём — 19–26 °C вышэй за нуль, па паўднёвым усходзе — да плюс 28 °C.

У нядзелю на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Ноччу ў асобных раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15–20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе ад плюс 9 °C па захадзе да 17 °C цяпла па паўднёвым усходзе. Днём — 18–24 °C вышэй за нуль, па поўдні — да плюс 26 °C.

Віктар ЛЮБІМАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю