Паколькі публіцыстыка — гэта той род літаратуры, прадметам якога з’яўляюцца актуальныя грамадска-палітычныя пытанні, рэдакцыя звярнулася да старшыні секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэя Мукавозчыка з просьбай выказаць свой погляд на сучасны яе стан, задачы і праблематыку.
Папрасілі выказацца пра публіцыстыку. Паглядзеў — большая частка цытат пра яе належыць СалтыковуШчадрыну і Бабарыкіну. У гэты шэраг... не хочацца, скажам так. Хоць задумка галоўрэда, мабыць, такой і была.
Пра публіцыстыку гаварыць цяжка — гэтак жа, як сярод сваіх гаварыць пра патрыятызм. Не прынята гэта, не хочуць нармальныя людзі біць сябе пяткай у грудзі без сур’ёзнай нагоды.
І выказвацца пра яе цяжка — і пісаць няпроста. Па словах Каверына, «Серапіёнавы браты» сто гадоў таму віталі адзін аднаго так: «Добры дзень, брат, пісаць вельмі цяжка». За сто гадоў лягчэй не стала.
Публіцыстыка — гэта калі палеміка, спрэчка, барацьба за ідэі, напісана ў Малой савецкай энцыклапедыі (МСЭ). У тыя часы яно так, напэўна, і было. Цяпер для мяне публіцыстыка — гэта калі ўнутры баліць. У першую і галоўную чаргу. Калі аж краваточыць. У гэтым сэнсе — так, публіцыстыка ёсць «найвышэйшы род журналістыкі».
Астатняе ў параўнанні — ганарарная ведамасць. Звычай¬ная аплата за прафесійную працу.
* * *
Толькі ў коле прафесіяналаў (а ЛіМ, па задумцы, і ёсць газета для вузкага кола, газета творчай інтэлiгенцыi) і можна ў лоб задаць, напрыклад, такое пытанне. Я вось лічу, што публіцыстыка павінна быць з прозвішчамі. З пасадамі. З назвамі арганізацый і ўстаноў. Бо так сумленна: ты напісаў, табе прыляцела ўадказ.
І тут ужо хто каго. У каго мацнейшыя аргументы.
Прылятае часта, паверце. У самых розных формах, і абяцанне запрашэнняў суд — не самая з іх уражальная. Але калі называеш сябе публіцыстам, прапагандыстам, агітатарам — будзь ласкавы, умей і сам сказаць, і трымацца потым.
Прапаганда на ўзроўні «некаторыя міністры ў асобных міністэрствах дазваляюць сабе самі разумееце што...» не ўражвае. Яна і не працуе, што пацверджана ўласным гістарычным вопытам. Хіба пры брэжнеўскім «застоі» не было крытыкі? Ды колькі заўгодна: «Калі хтосьці. Дзе-нідзе. У нас. Часам... — у нябачны бой!» — нават песню напісалі, на ўсю краіну гучала.
Як адзначала тады ж МСЭ: «З творчасцю публіцыста несумяшчальныя нясмеласць і трафарэтнасць думкі, ілюстрацыйнасць і несамастойнасць погляду».
Вось стомлены ад хлусні народ і не выйшаў абараняць савецкую ўладу нават тады, калі здрада была відавочнай. Так надакучыла тагачасная крывадушнасць.
Некаторыя з вас, дарагія чытачы, любяць называць артыкулы з прозвішчамі «даносамі». Шчыра лічачы, што гэта «пасля даносу» чалавека звольнілі, не ўзялі, не працягнулі — а не з-за яго ж дзеянняў, несумяшчальных з бягучым «рэвалюцыйным момантам». Дык жа і ў той «застой», калі скулы зводзіла, вам — тым, хто старэйшы — вяртацца б не хацелася. Урэшце, жыць у адным доме з тымі, хто гэты — менавіта гэты! — дом хоча разваліць, ды яшчэ і падмурак падарваць, — таксама немагчыма.
Што рабіць, аб чым пісаць — што думаеце, творцы?
* * *
Кажаце, публіцыстыка — гэта на злобу дня? Ну, давайце пра надзённае: пра цягнікі і пуцеправоды, пра самалёты і аэрадромы.
Калі была тэрарыстычная атака на аэрадром у Мачулішчах, не памятаеце? 26 лютага 2023 года, два з лішнім гады назад. Ужо тады, па гарачых слядах бліскучай работы нашых спецслужбаў (на жаль, па слядах тэракта) сталі відавочнымі некаторыя рэчы. Напрыклад, што ніякая традыцыйная СПА не абароніць самалёты, калі дрон запускаюць літаральна з перыметра аэрадрома. І традыцыйная сістэма РЭБ таксама не абароніць. Нічога не абароніць, акрамя меткага навучанага пільнага ахоўніка з драбавіком. І комплексу контртэрарыстычных мерапрыемстваў у маштабах аэрадрома, раёна, вобласці, краіны.
Ну, а ўявіць варыянт, што дрон будзе не адзін, а іх падвязуць... у закрытай фуры... куды трэба паставяць і на адлегласці выпусцяць... слухайце, мудрацы здольны па адной кроплі вады прадказваць існаванне акіянаў, не біном жа Ньютана!
Аднак, мяркуючы па выніках нападу на адну з часцей стратэгічнай ядзернай трыяды Расіі, у дадзеным кірунку за ўвесь гэты час было зроблена дзе мала, а дзе і недастаткова. І вось тут пачынаецца яна, тая самая публіцыстыка.
Людзі, з якімі ты ніколі не будзеш на адным баку (бо не могуць апынуцца на адным баку нашчадкі партызан і «духоўныя» спадчыннікі бандэраўцаў) — яны ініцыятыўныя, рызыкоўныя, зацятыя, яны ставяць перад сабой мэты і дасягаюць іх. Яны матываваныя — так, бандэраўшчынай, быдла-нацызмам. А чым матываваны свае, плоць ад плоці, абаронцы? Горш за ўсё, калі нічым, — нават горш, напэўна, чым калі чарговым распілоўваннем адкатаў.

І як, і чым, у такім разе, матываваць чытача (а матываваць — адна з функцый публіцыстыкі)? Адкажы, чытач. Ты патрабуеш ад публіцыста праўды? Вось табе праўда. І як з ёю далей жыць?
Адно зразумела: усе парыкі з акулярамі і накладныя бароды цяпер можна хаваць у кладоўку, каб ніколі больш да гэтых дзіцячых ранішнікаў не вяртацца і штанамі на шлейках не свяціць лішні раз сярод дарослых.
Пры тым, што ўнутры ўсё крывавіць і баліць. За нашых. За сваіх. За вынік, якога ты тут чакаеш з не меншым нецярпеннем, чым яны там, бо ўсё тваё жыццё апошніх гадоў ад яго залежыць. «Адна на ўсіх» — і мы сапраўды не пастаім за цаной, таму што цана (як і раней) — наша існаванне.
Толькі скажыце, куды і колькі прынес¬ці, каб аднаго разу хапіла.
* * *
Дадайце яшчэ і асаблівую ўласцівасць менавіта беларускай публіцыстыкі: калі немагчыма пракрычаць заканамернае, якое вельмі ў такой сітуацыі напрошваецца: «Дзе СМЕРШ?!» І прадоўжыць у тым жа духу, што, маўляў, былі расстрэлы — але былі ж і наркамы!.. Таму што яны, там — могуць. А ты, тут — не.
Няма ў цябе такіх правоў, а толькі абавязак усімі сіламі падтрымліваць братоў і саюзнікаў, гэта і ёсць твой доўг, твая доля, будзь ласкавы, маўчы і цягні.
І ўсё, што беларускай публіцыстыцы застаецца, гэта прасіць-маліць сваіх сілавікоў:
— Ну, вы ж таксама глядзелі-бачылі? Вы ж зрабілі высновы, праўда? Вы ж перабралі варыянты, прадугледзелі развілкі, абставіліся на выпадковыя фатальнасці, так? Не запрашайце нас, журналістаў, паглядзець і ўпэўніцца, не пераконвайце нікога з тых, хто разумее, расказваць астатнім, не развейвайце боязь, якая непазбежна накопліваецца ў насельніцтва, добра, не трэба, мы прывыклі. Толькі кіўніце: вы ўлічылі? Усе памылкі, і тыя, што самі рабілі, і якія быццам спецыяльна працягваюць рабіць побач з вамі, якія крыві і грошай каштуюць, — вы іх прааналізавалі і прарашалі? Кіўніце хоць, хоць вока прыжмурце...
Эрнэст Рэнан, помніцца, называў «публіцыстамі старажытнасці» біблейскіх прарокаў. Не ўпэўнены, што яно дакладна так, але што сучасны публіцыст павінен быць гатовы стаць гэткай Касандрай — вось гэта дакладна.
* * *
Ці буду я пра гэта — пра такое — гаварыць з маладымі журналістамі? Наўрад ці, бо ўсяму свой час, і вялікія веды — вялікі смутак, а ім бы яшчэ ў прафесіі проста асвоіцца. Таму гэтыя свае разважанні магу даверыць толькі прафесійнай супольнасці. Яна ж абавязкова павінна ведаць, дзе заканчваецца публіцыстыка і пачынаецца данос (а таксама — хто іх мільёнамі пісаў).
І ці былі насамрэч крывавыя рэпрэсіі — ці на самай справе былі сабатажнікі, як цяпер? Тэрарысты, якія навокал? Шпіёны, гатовыя здымаць і перасылаць, і ціпсашнікі-плеткары, гатовыя распаўсюджваць і разганяць любыя чуткі?
Яно ж у нас цяпер дакладна так, як у трыццатыя гады мінулага стагоддзя было ў нашых продкаў! Кропля ў кроплю, ад чутак да фотак! Толькі продкі нашы праблемы рашалі, а мы соплі жуём, затое іх называем крывавымі тыранамі, ды яны змаглі, а мы — яшчэ вяя-ялікае пытанне...
І ці павінна публіцыстыка казаць людзям усю праўду — пры тым, што добра б яшчэ ведаць, у чым менавіта яна — уся.
Ну, і галоўнае пытанне ў мяне як у публіцыста застаецца — да сямейных дынастый, да патомнай інтэлігенцыі, да цэлых пластоў работнікаў разумовай працы: вы, калегі, і праўда думаеце, што пацукоў з-пад плінтусаў ці павуцінне з кутоў прыбіраць павінен нехта, а не вы самі, бо «не царская гэта справа» ці «бруднай тачкай рукі не пэцкай»? А тады ці разумееце вы, што гадамі жывучы ў хаце, якая смярдзіць, чалавек і сам міжволі пачынае крыху патыхаць?
Публіцыстыка — гэта, як ні круці, усё ж пра свежае паветра.
Андрэй МУКАВОЗЧЫК