«Якасны і канкурэнтаздольны кантэнт прыцягвае гледача»
У традыцыйнай рубрыцы «НаПадумаць» міністр інфармацыі Марат Маркаў адказаў на пытанне аб неабходнасці прытрымлівацца працэнтных суадносін для выкарыстання беларускай мовы ў стварэнні тэлевізійнага кантэнту.
У прыватнасці, прагучала наступнае пытанне: «Хацелася б спытаць з нагоды беларускай мовы. Хоць у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, тэлепраграм на мове няшмат.
У асобных тэлеканалах на беларускай мове перадач няма зусім. Ці магчыма стварэнне больш тэлепраграм на беларускай мове? Так, каб не менш за 45 % усяго тэлевяшчання ажыццяўлялася на беларускай мове?»
Адказваючы на пытанне, Марат Маркаў пагадзіўся, што беларускамоўных праграм на ТБ не так шмат і вось чаму:
— Сітуацыя склалася не ўчора і адлюстроўвае агульную сітуацыю ў грамадстве. Нагадаю, пра што ўжо пісаў у гэтай рубрыцы: пры тым, што больш за палову грамадзян краіны, згодна з апошнім перапісам (насельніцтва. — Заўв. рэд.), назвалі менавіта беларускую мову роднай, гаворыць на ёй — менш за чвэрць насельніцтва.
Тут важна разумець, што проста так узяць і сказаць: «Цяпер 45 % эфіру будзе на мове!» — гэта падыход у рэаліях больш падобны на авантуру. У нас няма грамадскага тэлебачання, няма абавязковага штомесячнага збору Abonament RTV за валоданне тэлевізарам і збору на смартфоны, планшэты, ноўтбукі, тэлевізары, як у Польшчы і шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў. Тэлеканалы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыт гледача. А толькі 1,1 % тэлегледачоў, паводле сацапытання 2025 года Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу тэлевізійным праграмам на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначаюць аднолькавую ступень перавагі як рускай, так і беларускай моў у тэлекантэнце.
І, што паказальна, доля тэлеглядзення нашага культурнага тэлеканала Беларусь 3, дзе пераважаюць беларускамоўныя праграмы, — у сярэднім 2,5 %.
Міністр канстатаваў: не ўлічваць гэтую рэальнасць немагчыма.
На яго думку, прывіваць любоў да беларускай мовы неабходна комплексна — праз культуру, адукацыю, інфармацыйныя рэсурсы. І дакладна без ушчамлення іншай дзяржаўнай мовы.
— Таму Міністэрства інфармацыі бачыць сваю задачу не ў штучным навязванні працэнтных суадносін, а ў стымуляванні стварэння тэлеканаламі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове, — акцэнтаваў увагу Марат Маркаў.
Міністр дадаў:
— Не бачу сэнсу ўскладняць гэтае пытанне цяпер, з улікам усяго таго кашмару, які робіцца ў свеце. Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь з дзяржаўных моў, роўна як і любую іншую нацыянальную мову, павінны жорстка прыпыняцца. Менавіта абвастрэнне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытанняў часцяком становіцца прычынай развалу дзяржаў. А для Беларусі, дзе пражывае больш за 150 нацыянальнасцяў, гэта больш чым актуальна.
Так што, «наПадумаць».