У апошнія выхадныя адыходзячага года на тэрыторыі нашай краіны адаб’ецца ўплыў сістэмы малаактыўных атмасферных франтоў, якія ссоўваюцца з боку Балтыйскага мора, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Аднак у пятніцу надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску і малаактыўны атмасферны фронт. Чакаецца перавага воблачнага надвор’я. Месцамі па краіне пройдуць невялікія ападкі (у асноўным дождж). У асобных раёнах чакаецца туман, на дарогах — галалёдзіца. Ноччу і раніцай месцамі слабы галалёд. Вецер заходні, паўночна-заходні ад слабага да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 1 градуса да плюс 5 градусаў, а максімальная днём — 1–6 цяпла. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.
А ў суботу да нас прынясе марскі вецер. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд, ноччу і раніцай на дарогах краіны — галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў ад слабага да ўмеранага. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад нуля да плюс 6 градусаў.І ў нядзелю на большай тэрыторыі Беларусі дождж і мокры снег. Месцамі па краіне чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе ад 1 марозу да 5 цяпла.
У панядзелак (30 снежня) зноў дождж і мокры снег, магчымы слабы галалёд. Ноччу і раніцай прагназуецца слабы туман, на асобных участках дарог галалёдзіца. У дзённыя гадзіны месцамі ўзмоцніцца вецер парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 2 градусаў да плюс 4, максімальная днём — ад нуля да 6 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у апошні дзень адыходзячага года і ў першы дзень 2025 года ў краіне захаваецца цёплае надвор’е. Так, у аўторак, 31 снежня, ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах чакаецца слабы галалёд, на дарогах можа быць галалёдзіца. Месцамі ўзмоцніцца вецер з парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, удзень — мінус 1 — плюс 5 градусаў.
У першы дзень новага года месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). У асобных раёнах можа быць слабы галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 3 — плюс 2 градусы, а ўдзень — мінус 1 — плюс 5 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ