Top.Mail.Ru

Ці прышпільваецеся вы рамянём бяспекі?

На тэрыторыі Гомельскай вобласці супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі працягваюць рэйдавыя мерапрыемствы па адсочванні выкарыстання вадзіцелямі і пасажырамі рамянёў бяспекі.


Як адзначыла старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Ганна Кавалёва, на тэрыторыі рэгіёна з 29 студзеня па 2 лютага аб’яўлена прафілактычнае мерапрыемства «Прышпілі сябе і сваіх пасажыраў!». Яно накіравана на папярэджанне траўміравання грамадзян у выніку ДТЗ з-за невыкарыстання рамянёў бяспекі, а таксама заахвочванне іх выкарыстання. За першыя два дні рэйдаў за парушэнне патрабавання аб выкарыстанні рамянёў бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 245 чалавек: 209 вадзіцеляў і 36 пасажыраў.

— З пачатку студзеня бягучага года на дарогах Гомельскай вобласці зарэгістравана 22 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 6 чалавек загінула і 22 — з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваны. Лічбы статыстыкі загінуўшых і параненых у ДТЗ людзей маглі б быць значна меншымі, калі б вадзіцелі і пасажыры не адмаўляліся ад выкарыстання рамянёў бяспекі, — асаблівую ўвагу ўдзельнікаў дарожнага руху звяртае старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.

З пачатку года на Гомельшчыне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 2100 вадзіцеляў, якія праігнаравалі выкарыстанне рамянёў бяспекі і не прышпілілі ні сябе, ні сваіх пасажыраў. Супрацоўнікі ДАІ Гомельшчыны падчас рэйдавых мерапрыемстваў праводзяць тлумачальную работу, расказваюць, чым пагражае парушэнне правілаў бяспекі на дарозе. 

Так, як нагадваюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, згодна з пунктам 9.5 Правілаў дарожнага руху, не прышпільвацца рамянём бяспекі дазваляецца толькі асобам, якія навучаюць кіраванню механічным транспартным сродкам, калі ім кіруе вучань (сам ён павінен быць прышпілены), пасажырам аўтамабіля аператыўнага прызначэння, вадзіцелям аўтамабіля-таксі падчас руху ў населеным пункце і перавозцы пасажыра, пасажырам і вадзіцелям з медыцынскімі супрацьпаказаннямі, пералік якіх вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. У іншых выпадках пры парушэнні гэтага артыкула Правілаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам. Пагражае штраф да адной базавай велічыні і ад 2 да 5 «базавых» — пры паўторным парушэнні на працягу года.

— Выкарыстанне рамянёў бяспекі — самы просты спосаб забяспечыць сваю бяспеку ў любым транспартным сродку, і ўсё роўна, вадзіцель вы ці пасажыр. Акрамя таго, важна памятаць, што выкарыстоўваць рамяні бяспекі абавязкова як на пярэдніх, так і задніх сядзеннях усіх транспартных сродкаў, — падкрэсліла старшы інспектар Ганна Кавалёва.

Фота аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю