У Водны кодэкс Беларусі рыхтуюць змены і дапаўненні. Адна з нормаў тычыцца адносін паміж людзьмі і бізнесам, расказала старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Чарняўская, перадае тэлеканал АНТ.
У апошні раз дакумент перапрацоўвалі каля дзесяці гадоў таму.
Усе ахвотныя займацца рэкрэацыйным бізнесам у Беларусі могуць узяць у арэнду возера або частку ракі. Выбраць можна са спісу Мінпрыроды.
Пасля гэтага трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю і запусціць рыбу, для чаго спатрэбіцца рыбаводна-біялагічнае абгрунтаванне. У дакуменце трэба будзе прапісаць тэрміны, перыяды і віды рыб, якімі плануюць зарыбіць возера.
І самае важнае правіла — мясцовым жыхарам не трэба плаціць грошы, каб адпачываць каля такіх вадаёмаў.
«Па новых правілах арандатары не маюць права перашкаджаць насельніцтву карыстацца вадаёмамі. Яны з’явіліся, каб людзі не былі абмежаваныя ў праве карыстацца вадаёмам, які знаходзіцца альбо ў населеным пункце, альбо побач з ім», — удакладніла Жанна Чарняўская.
Таксама змены Воднага кодэкса Беларусі крануць размяшчэння сажалак на прысядзібных тэрыторыях. Цяпер можна выкапаць толькі адзін вадаём. Але калі да паправак у законе іх было два, другі можна пакінуць.
У новым кодэксе прапішуць, як узяць у арэнду возера пад зону адпачынку і турызм. А забараніць карыстацца гарадскім вадаёмам мясцовыя ўлады змогуць цяпер толькі на падставе крытэрыяў небяспекі.