Прырода шчодра надзяліла беларускую зямлю лясамі і балотамі. Таму невыпадкова ў яе нетрах тысячагоддзямі назапашваўся наш чорна-буры капітал — торф. І запасы яго вельмі значныя: агульныя залежы ацэньваюцца прыкладна ў 2,4 мільярда тон, з якіх каля 300 мільёнаў тон — восьмая частка — прызначаны для прамысловага асваення. Паколькі штогод беларускія прадпрыемствы здабываюць каля 2 мільёнаў тон торфу, няцяжка падлічыць, што гэтага хопіць на 150 гадоў. Якое прызначэнне мае сёння такі шчодры падарунак прыроды і ці варта яго здабываць увогуле?
«Зялёныя» перспектывы
Дасведчаныя навукоўцы-прыродаахоўнікі сцвярджаюць, што выкарыстоўваць торф у якасці паліва — тое ж самае, што тапіць печ грашыма. Тым больш што ён вельмі запатрабаваны ў раслінаводстве як эфектыўны складнік угнаенняў. І гэта таксама можа прыносіць вялікія грошы. Тым не менш пакуль ёсць попыт на такое паліва і існуюць прадпрыемствы па яго вытворчасці, не варта перакрываць і гэты канал даходаў.
— У паліўную прадукцыю перапрацоўваецца прыкладна
1 мільён тон торфу, — паведаміў генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Валерый КАВАЛЁЎ. — Аднак спажыванне тарфяных брыкетаў насельніцтвам паступова скарачаецца, таму тарфяныя прадпрыемствы паступова перапрафілююцца на выпуск непаліўнай прадукцыі. Для яе вытворчасці выкарыстоўваецца каля 100 тысяч тон торфу.
Па словах гендырэктара, у склад тарфяной галіны ўваходзяць 11 прадпрыемстваў, 10 з іх займаюцца здабычай і перапрацоўкай торфу, яшчэ адно выпускае тарфяное абсталяванне і запасныя часткі да яго.

— З-за санкцыйных абмежаванняў тарфяная прадукцыя цяпер пастаўляецца перш за ўсё на ўнутраны рынак, а таксама ў Расію і Кітай. Дарэчы, супрацоўніцтва з КНР працягваецца ўжо каля васьмі гадоў, і асноўны рост экспарту прыпадае менавіта на непаліўную прадукцыю. Летась пастаўкі ў Кітай павялічыліся ў 13,5 раза ў параўнанні з 2024 годам, а за першыя шэсць месяцаў 2026-га ўжо ўдвая перавысілі аб’ём за аналагічны перыяд мінулага года.
Да 2030 года Беларусь плануе павялічыць пастаўкі тарфяной прадукцыі ў Кітай да 16 мільёнаў долараў у год. Для гэтага будуць развівацца глыбокая перапрацоўка торфу, вытворчасць гуматаў, у тым ліку сухіх, экалагічных угнаенняў і грунтоў. У КНР беларускую прадукцыю выкарыстоўваюць фермеры, вытворцы агародніны, садавіны і тытуню.
Яшчэ адным перспектыўным кірункам з’яўляецца аднаўленне дэградаваных зямель, адзначыў Валерый Кавалёў.

Па жураўліных мясцінах
Нядаўна ў рамках двухдзённага прэс-тура, арганізаванага напярэдадні 25-годдзя Міністэрства энергетыкі, журналісты пабывалі на многіх яго аб’ектах. Завіталі і на Жураўлёўскае радовішча торфу, якое знаходзіцца на мяжы Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў і звязана з аднайменным Жураўлёўскім балотам.
Само поле, дзе ідзе нарыхтоўка торфу, займае 725 гектараў. Глыбіня залежаў карысных выкапняў складае да 7 метраў. Па падліках спецыялістаў, торфу тут столькі, што яго хопіць на 50 гадоў бесперабойнай выпрацоўкі.
Як расказаў дырэктар ПУ «Віцебскторф» Павел КРАЎЧАНКА, на Жураўлёўскім радовішчы торф здабываюць вахтавым метадам у цёплую пару года. Усяго на гэтым участку працуюць 15 чалавек, кожны з якіх — майстар сваёй справы. Пажадана ўмець кіраваць любой спецмашынай, а пры неабходнасці і рамантаваць абсталяванне на месцы. Непасрэдна ад універсальнасці работніка залежыць і яго зарплата, якая ў «гарачы» сезон складае ад 5 да 13 тысяч рублёў.
— Першы этап у здабычы торфу — фрэзераванне, — пачаў знаёміць з тэхналагічнымі тонкасцямі Павел Краўчанка. — Для гэтага выкарыстоўваецца фрэзбарабан, прадукцыйнасць якога — 7 гектараў у гадзіну. Агрэгатуецца ён з трактарам 1221. Дарэчы, каб павысіць праходнасць тэхнікі, усе нашы трактары — са спаранымі коламі.
Немалаважны факт: абсталяванне — айчыннай вытворчасці.

— Замежны аналаг абышоўся б на 10 тысяч долараў даражэй. Так што эканомія адчувальная. Плюс імпартазамяшчэнне, — растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара па прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці УП «Віцебскаблгаз » Андрэй ГАГАНАЎ.
Для забеспячэння правільнага тэхналагічнага захоўвання торфу — каб не гарэў, не намакаў і не страчваў свае карысныя ўласцівасці, — яго складуюць у штабелі і ізалююць плёнкай.
УП «Віцебскаблгаз» штогод узначальвае рэспубліканскія рэйтынгі па экспарце тарфяной прадукцыі. 2025 год стаў рэкордным: на верхавым торфе і пажыўных грунтах прадпрыемства зарабіла 4,2 мільёна долараў.
Геаграфія тарфяных паставак арганізацыі ахоплівае амаль паўсвету: Расія, Грузія, Казахстан, Турцыя, ААЭ, Кітай.
— Менавіта Паднябесная становіцца ключавым рынкам збыту, — адзначыў Андрэй Гаганаў. — Адпраўленыя намі летась у КНР 17,5 тысячы тон торфу прынеслі 1,8 мільёна долараў. Толькі спачатку гэтага года ў Кітай ужо пастаўлена прадукцыі на мільён долараў.

Поўная аўтаматызацыя
Мы пабывалі ў аграгарадку Крулеўшчына Докшыцкага раёна, дзе ў свой час быў уведзены ў эксплуатацыю завод па вытворчасці пажыўных грунтоў і прэсаванні верхавога торфу. Тут вырабляецца да 40 тысяч тон прадукцыі ў год.
Торф пастаўляецца на прадпрыемства з месца здабычы, размешчанага ў 18 кіламетрах ад яго, па вузкакалейцы.
У суткі перапрацоўваецца 25 вагонаў торфу — каля 200 тон. Завод працуе кругласутачна — у дзве змены па 12 гадзін, прычым круглы год.
— Рэцэптуры грунтоў распрацаваны спецыялістамі навукова-даследчага і праектнага інстытута «Белгіпрапалівагаз» у адпаведнасці з рэкамендацыямі Нацыянальнай акадэміі навук, — сказаў Павел Краўчанка. — Для кожнай расліны ствараюцца асобныя грунты. Прытрымлівацца рэцэптур дапамагае камп’ютар — чалавечы фактар тут увогуле зведзены да мінімуму. Ноччу на заводзе працуюць тры чалавекі, днём — пяць.

Здробнены торф сепарыруецца і дзеліцца на чатыры фракцыі. Для розных рэцэптур, нават для розных відаў раслін патрэбна свая фракцыя. Асноўнай фракцыяй для выпуску пажыўных грунтоў у пакетах, якія выкарыстоўваюцца для саду і агарода, з’яўляецца торф сярэдняга і дробнага памеру. Для асобных кветак, такіх як архідэі, выкарыстоўваюцца фракцыі большага памеру.
На лініі змешвання адбываецца раскісленне торфу з дапамогай даламітавай мукі. У далейшым дадаюцца мінеральныя ўгнаенні — азот, фосфар, калій і розныя мікраэлементы.
Пажыўныя грунты выпускаюцца і рэалізуюцца ва ўпакоўцы 5, 10, 20 і 55 літраў, а таксама ў спецыяльных вялікіх мяшках аб’ёмам 80, 100 і 250 літраў. Для далейшай апрацоўкі або для продажу за мяжу выкарыстоўваюцца больш аб’ёмныя ёмістасці, у якіх змяшчаецца ад 5 да 5,5 кубічнага метра карыснага рэчыва. Важаць такія вялікія мяшкі 1–1,3 тоны.

Круглыя суткі на варце
Пажары на балотах вельмі небяспечныя, прычым гарэнне іх схаванае, глыбіннае. Таму важна своечасова заўважыць узгаранне і аператыўна яго ліквідаваць. У кругласутачным дазоры —
«Лясны вартавы»: камера відэаназірання, устаноўленая на вышыні, аўтаматычна паварочваецца на 360 градусаў. Спецыяльны прамень абследуе 30-кіламетровую зону. Пры выяўленні задымлення падаецца сігнал і вызначаюцца прыкладныя каардынаты ўзгарання. Гэта інфармацыя адразу паступае дыспетчару і ў МНС. Дыспетчар удакладняе яе і, калі сапраўды ёсць узгаранне, націскае «трывожную» кнопку, пасля чаго на месца выязджаюць спецыялісты па пажаратушэнні.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БелТА