Top.Mail.Ru
175

Ці ўсе непатрэбныя рэчы варта несці ў «гуманітарку»

Дапамагчы справай

Калі ў чалавека на вуліцы спытаць, што такое Чырвоны Крыж, многія скажуць пра дапамогу і «гуманітарку». Аказанне адраснай дапамогі, у прыватнасці, забеспячэнне неабходнымі рэчамі тых, хто ўваходзіць у катэгорыю ўразлівых грамадзян, — гэта толькі адзін са шматлікіх відаў дзейнасці арганізацыі. «Звязда» вырашыла разабрацца ў сутнасці паняцця «гуманітарная дапамога», а таксама даведацца, куды можна здаць непатрэбныя рэчы, як яны знаходзяць сваіх гаспадароў і ці заўсёды добрая справа з’яўляецца такой.

Галоўнае — жаданне прынесці і аддаць

Мы звярнуліся ў Мінскую гарадскую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа. Пра тое, як аказваецца дапамога маючым у ёй патрэбу, а таксама аб працэсе збору, прыёмкі, сартавання і перадачы рэчаў падапечным расказала старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Раманія Зорына.

«Людзі не зусім тактычна называюць рэчы, якія былі ў карыстанні, „гуманітаркай“. Многія лічаць, што гэта залатое дно, іншыя наадварот — што гэта смецце. І першае і другое сцвярджэнні на сто працэнтаў няправільныя, праўда дзесьці пасярэдзіне», — тлумачыць Раманія Раманаўна.

«Адзін з нашых кірункаў — гуманітарная дапамога насельніцтву, у тым ліку ў выглядзе рэчаў — адзення, абутку, пэўных прадметаў догляду і побыту. Усё гэта пра «гуманітарную дапамогу». Што датычыцца Мінска, то поўны цыкл работы з рэчамі, якія былі ў карыстанні, у нашай арганізацыі толькі наладжваецца. Аднак галоўнае — жаданне прынесці такія рэчы і аддаць. Гуманітарны патэнцыял у гараджан вялікі, кожны хоча нешта добрае зрабіць, аддаць, напрыклад, сваю паношаную вопратку. Пакет з рэчамі можна пакласці ў спецыяльныя кантэйнеры Чырвонага Крыжа. Альбо прынесці ў адзін з офісаў арганізацыі, загадзя патэлефанаваўшы. Далей гэтыя рэчы ва ўстанове ставяць на ўлік, перабіраюць, сартуюць, — тлумачыць Раманія Зорына.

Па словах старшыні арганізацыі, у людзей рэчаў, былых у карыстанні, велізарная колькасць. Але столькі ўзяць у горада няма неабходнасці. Гэта адна з праблем перанасычэння. Аднак існуе і другая праблема: на невысокім узроўні культура дарэння рэчаў. Раманія Раманаўна падзялілася, што часта 50 % ахвяраваных рэчаў у такім выглядзе, што не могуць быць паўторна выкарыстаны.

Частка з іх пойдзе для прыкладной творчасці валанцёраў. З абрэзкаў тканіны робяць прыгожыя падарункі. Астатняе аддаюць на перапрацоўку альбо на сметнік. Пры гэтым трэба скласці дагавор і аплаціць правільную ўтылізацыю — гэта вялікі цыкл работы.

«Чаму так адбываецца? — задае рытарычнае пытанне Раманія Зорына. — Таму што ў кожнага сваё разуменне добрай справы і паняцце, што з рэчаў прыстойнае, а што не. Людзі прыносяць вельмі паношанае ці зусім ужо старое адзенне, і па маральных прынцыпах такое не можа быць выкарыстана паўторна. Мы паважаем усіх — і асоб без пэўнага месца жыхарства, і тых, у каго цяжкае жыццёвае становішча. 

І наўрад ці крымплен, які быў папулярны пяцьдзесят гадоў таму, падыдзе для выкарыстання».

Хочаце зрабіць добрую справу — патэлефануйце

Не маюць патрэбы падапечныя Чырвонага Крыжа ні ў бальных сукенках, ні ў афіцыйных касцюмах, ні ў абутку на высокіх абцасах. Хоць людзі прыносяць іх з найлепшых памкненняў. «Бывае, некаторыя складваюць у пакет бруднае, з дрэнным пахам адзенне. І калі гэта трапляе ў кантэйнер — выкінуць можна ўвесь», — тлумачыць Раманія Зорына. — Таму заклікаю: калі надумалі зрабіць добрую справу — найперш патэлефануйце і даведайцеся, у чым ёсць неабходнасць. 

Зімой, напрыклад, патрэбны цёплыя паўсядзённыя рэчы.

«А хто займаецца сартаваннем і выдачай дапамогі?» — спыталіся.

«Колькасць валанцёраў, якія бясплатна працуюць з такімі рэчамі, невялікая. У асноўным гэта пажылыя жанчыны».

Працуюць з раніцы да вечара

Мы вырашылі з’ездзіць і паглядзець, як усё адбываецца. Якраз перад гэтым у будынак Чырвонага Крыжа прыйшла дзяўчына, якая родам з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Яна амаль не размаўляла па-руску і карысталася перакладчыкам у тэлефоне. Патрэбны былі цёплыя рэчы. Пасля запаўнення адпаведных дакументаў, нас адвезлі ў адзін з офісаў горада, што па вуліцы Сурганава, 40. Тут размяшчаюцца арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа — Першамайскага і Савецкага раёнаў. Дзяўчыну адвялі ў гардэробную. Пажылыя валанцёркі і адначасова падапечныя Крыжа Рыма Дорахава і Наталля Герасімовіч дапамаглі афрыканцы падабраць адзенне і вопратку на зіму.

«У сераду ніякіх мерапрыемстваў не плануем, бо тут з раніцы і да вечара людзі ідуць па дапамогу», — патлумачыла Наталля Міхалкоўская, старшыня Савецкай раённай арганізацыі г. Мінска.

Мы спыталі ў Рымы Доравай, якая з-за інваліднасці сама значыцца падапечнай у Чырвонага Крыжа, чаму яна прыходзіць у пункт. «Парэкамендавалі звярнуцца сюды. Прыходжу і з задавальненнем назіраю, як людзям тут падабаецца. Многія ходзяць на адукацыйныя курсы. Не ведала раней, як шырока Чырвоны Крыж сябе пазіцыянуе. Тут вучаць пажылых карыстацца камп’ютарам, знаёмяць са штучным інтэлектам. Людзі не хочуць разыходзіцца», — расказала яна.

Наталля Герасімовіч, інвалід другой групы, таксама падапечная і валанцёр. Працуе па серадах: прымае, выдае адзенне, сочыць за парадкам. «Мне тут лёгка і цікава. 35 гадоў працавала ў швейнай вытворчасці, таму гэта ў радасць. Працаваць няцяжка — галоўнае падпісаць і раскласці, каб людзі самі арыентаваліся».

— Дык вось чаму так хутка на вока вызначыла параметры фігуры дзяўчыны, — здагадаліся мы. Наталля Мікалаеўна сціпла адказвае: «Усё жыццё з адзеннем...»

Як можна атрымаць дапамогу?

Трэба напісаць заяву і ўказаць, што знаходзішся ва ўразлівым становішчы.

Тамара Якас, старшыня Першамайскай раённай арганізацыі г. Мінска Чырвонага Крыжа патлумачыла, што неабходны пашпарт і дакумент, які пацвярджае статус — інваліднае, пенсіённае пасведчанні і г. д.

«Калі ёсць такая неабходнасць, наведвальнікі атрымліваюць не толькі адзенне, але і прадукты харчавання, сродкі гігіены. Могуць пагрэцца, выпіць гарачага чаю, памераць ціск, — падзялілася старшыня. — А яшчэ мяркую, што прыходзяць сюды па псіхаэмацыйную падтрымку, каб не толькі атрымаць штосьці ў рукі, а і пачуць добрае слова, і ведаць, што разумеюць і не асуджаюць».

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю