У Беларусі створаны міжрэгіянальныя і міжраённыя медыцынскія цэнтры. Такая форма арганізацыі сістэмы аховы здароўя дазваляе насельніцтву атрымліваць высокакваліфікаваную дапамогу незалежна ад адлегласці да абласных медустаноў. Наколькі яна эфектыўная, уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці вырашыла даведацца на прыкладзе Лідскага міжраённага медыцынскага цэнтра.
Зона адказнасці
У зоне адказнасці Лідскай ЦРБ, акрамя свайго раёна, знаходзяцца яшчэ пяць: Воранаўскі, Навагрудскі, Дзятлаўскі, Іўеўскі і Карэліцкі. Усяго цэнтр абслугоўвае больш за 246 тысяч чалавек. Лячэбная сетка ўключае амбулаторную службу агульнай магутнасцю 1964 наведванні ў змену, стацыянары на 1007 ложкаў.
— У раёне выбудавана разгалінаваная сетка аховы здароўя. Працуюць цэнтральная раённая, дзве гарадскія, дзіцячая (з філіялам) і стаматалагічная паліклінікі, а таксама паліклініка Бярозаўскай гарадской бальніцы, — пералічвае намеснік галоўнага ўрача Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена ДАПІРА. — Прыём вядуць жаночая кансультацыя, псіханаркалагічны і скурна-венералагічны дыспансеры. Экстранную дапамогу аказвае станцыя хуткай дапамогі. Асаблівы ўпор робім на першаснае звяно: усе 11 урачэбных амбулаторый раёна (6 самастойных і 5 пры ўчастковых бальніцах) працуюць па агульнаўрачэбным прынцыпе, што пазбаўляе пацыентаў ад лішніх паездак да вузкіх спецыялістаў. А для жыхароў аддаленых вёсак адкрыты 16 стацыянарных ФАПаў і курсіруе адзін перасоўны.

Цэнтр размяшчалі з такім разлікам, каб дастаўка экстраннага пацыента з любога пункта замацаванай зоны займала не больш за 60 хвілін. Гэта набліжае складаную медыцыну да сельскіх і гарадскіх жыхароў раёнаў без неабходнасці ехаць у абласны цэнтр. Установа таксама мае магутную і сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу для правядзення дыягностыкі і складаных аперацый.
Мінімальнае ўмяшанне
Важны вектар развіцця хірургічнай службы ў Лідскім раёне — малаінвазіўныя відэаасіставаныя аперацыі. Урачы аперыруюць праз невялікія праколы пад кантролем відэакамеры — як у планавым, так і ў экстраным парадку.
Па словах намесніка галоўнага ўрача Лідскай ЦРБ па хірургіі Аляксандра ЯКУБОЎСКАГА, за апошні час хірургі асвоілі лапараскапічнае лячэнне пахвінных і іншых грыж пярэдняй брушной сценкі, а нядаўна паспяхова прааперыравалі складаную грыжу, якая закранае адразу брушную і грудную поласці. Актыўна развіваецца і ўралогія — тут укаранёна лапараскапічная прастатэктамія. Раней пацыентаў накіроўвалі ва ўніверсітэцкую клініку.
Не саступае абласному ўзроўню і траўматалогія: у аддзяленні паспяхова выконваюць эндапратэзаванне тазасцегнавога і каленнага суставаў, малаінвазіўны астэасінтэз і артраскапію каленнага сустава. Дакументы пацыентаў паступаюць праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму, пасля чаго камісія (часцей на вочным аглядзе) вызначае ўзровень аперацыі і адразу прызначае дату. Пытанне з працяглым чаканнем замены тазасцегнавога і каленнага суставаў у бальніцы вырашана.
Сучасныя тэхналогіі ў дапамогу
Тэхналагічным скачком стала адкрыццё ангіяграфічнага кабінета. Праз невялікі пракол сасуда на руцэ ці назе пад рэнтген-кантролем тут ратуюць пацыентаў з інфарктамі і інсультамі: выдаляюць тромбы і ўсталёўваюць стэнты. Акрамя таго, цяпер урачы будуць праводзіць эмбалізацыю сасудаў — напрыклад, перакрываць крывацёк, які сілкуе міёму маткі, што дазволіць жанчынам пазбегнуць цяжкай поласцевай аперацыі і захаваць орган.
— Раней па такія эндаваскулярныя ўмяшанні пацыентам прыходзілася ехаць у Мінск, а сёння мы паспяхова выконваем іх на месцы, — адзначае Аляксандр Якубоўскі. — У кастрычніку правялі першую такую аперацыю. Міёма была буйной — 9 сантыметраў. Выдаленне звычайным спосабам прынесла б нямала нязручнасцяў пацыентцы. Пасля перакрыцця сасуда пухліна будзе паступова «ўсыхаць».
Галоўная задача — у самыя кароткія тэрміны аднавіць крывацёк пры інфарктах і інсультах, тлумачыць выконваючы абавязкі загадчыка ангіяграфічнага кабінета Рышард ДАЙЛІДА.
— Пацыентаў не трэба везці ў Гродна — хуткая дапамога дастаўляе іх у сярэднім за 45 хвілін, што дазваляе ўкласціся ў «залатую гадзіну» і выратаваць клеткі сэрца і мозгу ад гібелі.
— «Хуткая» папярэджвае нас загадзя, таму да прыезду пацыента аперацыйная ўжо гатова. Акрамя экстранай дапамогі, развіваем планавыя аперацыі: аднаўляем крывацёк у сасудах ног (каб пазбегнуць гангрэны і ампутацыі), выконваем умяшанні на сасудах брушной поласці. Але галоўны фактар поспеху — своечасовы зварот самога пацыента.
Дакладная дыягностыка
Моцную падтрымку медыкам забяспечвае сучасная дыягнастычная база — у бальніцы працуюць два кабінеты камп’ютарнай тамаграфіі (КТ) і кабінет магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ).
Служба КТ абсталявана двума высокатэхналагічнымі апаратамі. Адзін тамограф працуе ў планавым дзённым рэжыме, а другі — кругласутачна. Гэта дазваляе без страты часу абследаваць экстранных пацыентаў з інсультамі і чэрапна-мазгавымі траўмамі.
Кабінет МРТ адкрыўся ў снежні 2024 года. Тут праводзяць практычна ўсе віды даследаванняў (за выключэннем сэрца і малочных залоз). Прычым гэта адзін з самых ёмістых тамографаў у вобласці — апарат прымае пацыентаў з масай цела да 200 кг (пры шырыні тулава да 70 см і пярэдне-заднім памеры да 45 см). Прайсці абодва віды абследаванняў на платнай аснове (у тым ліку жыхарам іншых рэгіёнаў) можна ў вольны ад асноўнага патоку пацыентаў час.
Школа прафесійнага росту
Штогод калектыў Лідскай ЦРБ папаўняюць маладыя спецыялісты, для якіх буйная шматпрофільная бальніца становіцца выдатнай школай прафесійнага росту. Адна з іх — урач-тэрапеўт Вераніка МАРЧЫК, выпускніца ГрДМУ, якая ў гэтай медустанове ўжо другі год: першы год тут праходзіла яе інтэрнатура, а цяпер ідзе адпрацоўка.
Дзяўчына родам з Іўя. Цікавасць да медыцыны ў яе з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. Хоць у сям’і ўрачоў не было, яе родныя заўсёды цікавіліся гэтай сферай. Нягледзячы на першапачатковыя сумненні з-за вялікай адказнасці за жыцці людзей, Вераніка цвёрда вырашыла паступаць у медуніверсітэт. Падчас студэнцтва паспела папрацаваць санітаркай і медсястрой, каб на практыцы адчуць розныя кірункі — ад рэанімацыі да хірургіі. У выніку свядома выбрала тэрапію.
Вучылася Вераніка платна, тым не менш захацела прайсці працэдуру размеркавання і атрымаць статус маладога спецыяліста. Папрасіла накіраваць яе ў Ліду, і камісія пайшла насустрач.

— Мне пашанцавала патрапіць у такую класную бальніцу. Тут у мяне ёсць усе магчымасці для рэалізацыі. Мусіць, усе так кажуць, але мне вельмі падабаецца калектыў. Прыемна, што старэйшыя калегі заўсёды дапамогуць, падкажуць. Цяга да ведаў тут заахвочваецца. Я — урач-тэрапеўт па дзяжурстве ў стацыянары: з 16.00 да 8.00 раніцы. Акрамя таго, бяру дадатковыя дзяжурствы ў прыёмным аддзяленні — гэта бясцэнны клінічны досвед. Для мяне важна як мага больш практыкавацца.
Важнай апорай у рабоце бальніцы з’яўляецца сярэдні медыцынскі персанал. Яго таксама штогод
папаўняюць маладыя кадры. Другі год у хірургічным аддзяленні Лідскай ЦРБ працуе палатная медыцынская сястра Кацярына ІВАНОЎСКАЯ. Родам яна са Шчучынскага раёна, а прафесію атрымала ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы.
Цікавасць да медыцыны ў Кацярыны таксама з’явілася ў дзяцінстве. Яе мама працавала поварам у бальніцы, і дзяўчынка часта бывала там. Яшчэ падчас практыкі ў каледжы дзяўчына зразумела, што яе стыхія — менавіта хірургія. Патрапіць па размеркаванні ў Ліду Кацярына захацела сама — горад ёй падабаўся, да таго ж адсюль зручна дабірацца да бацькоў.
— У хірургіі шмат дынамікі, няма часу сядзець на месцы. Мне такое па душы. Ні выгляд крыві, ні складаныя перавязкі мяне не палохаюць. Так, першыя працоўныя дні даліся няпроста. Вялікае аддзяленне, цяжкія пацыенты пасля аперацый, хваляванне, як бы чаго не пераблытаць. Пацыенты часам ставіліся насцярожана. Але вопытныя калегі заўсёды прыходзілі на выручку: тлумачылі, што малады спецыяліст мае ўсе неабходныя навыкі. Падказвалі ў складаных сітуацыях, з разуменнем ставіліся да навічкоў і падтрымлівалі ва ўсім. Я хутка асвоілася і з задавальненнем выконваю свае абавязкі.
За лічбамі, новым абсталяваннем і складанымі медыцынскімі тэрмінамі стаіць простая і зразумелая мэта — захаваць здароўе і жыццё кожнага пацыента. І, мяркуючы па тым, як упэўнена развіваецца Лідская ЦРБ і з якім энтузіязмам уліваецца ў калектыў моладзь, у раённай медыцыны наперадзе яшчэ шмат новых прафесійных перамог.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара