Што насамрэч адбываецца ў сусветнай эканоміцы? Наколькі яна залежыць ад вузкіх месц сусветнага гандлю? Ці прывядзе перакрыццё Армузскага праліва да новага сусветнага крызісу? І што будзе з эканомікай Беларусі? Адказаў на гэтыя пытанні ў аўтарскай праграме на «Першым інфармацыйным» першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр ЯГОРАЎ.
Развеяць кагнітыўны зман
Эксперт нагадаў, што ўвесь глабальны сусветны гандаль на 80 % забяспечваецца марскімі перавозкамі. Вады на планеце шмат, але ўсе караблі ходзяць па асноўных трох маршрутах. Першы — гэта трансціхаакіянскі маршрут. Другі — транснацыянальны маршрут, рух Амерыка — Еўропа. І трэці — шлях Еўропа — Азія.
Ён адзначыў, што Армузскі праліў не з’яўляецца ключавым для ўсяго сусветнага гандлю пунктам, але ён вельмі важны для гандлю канкрэтнымі таварамі. Менавіта перакрыццё гэтага праходу прывяло да рэзкага росту коштаў на энерганосьбіты.
— У розумах абывацеляў трывала засеў кагнітыўны зман. Нібыта высокі кошт нафты аўтаматычна вядзе да краху сусветнай эканомікі, — пазначыў Аляксандр Ягораў і прапанаваў узгадаць перыяд з 2011 па 2013 год. Тады нафта стабільна гандлявалася вышэй за адзнаку ў 100 долараў за бараль. Што з улікам інфляцыі эквівалентна сённяшнім 130 доларам. Менавіта ў гэтыя гады сусветная эканоміка расла апераджальнымі тэмпамі. А Кітай перажываў залаты век індустрыяльнага буму.
— Справа ў тым, што сучасная глабальная эканоміка стала значна менш нафтаёмістай, — тлумачыць эксперт.
Паводле яго слоў, доля чыстага кошту энергіі ў канчатковым прадукце, высокіх тэхналогій, паслуг і нават сучаснага машынабудавання няўхільна зніжаецца. Больш за тое, дарагая нафта не проста спальвае рэсурсы, яна сама па сабе генеруе новы сусветны ВУП.
Па-першае, праз маштабныя інвестыцыі ў інфраструктуру. Так, цяпер Армузскі праліў з’яўляецца вузкай гарлавінай для паставак нафты. Але Саудаўская Аравія і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты пачалі будаваць новыя і пашыраць дзеючыя трубаправоды, тэрміналы і лагістычныя хабы ў абыход праліва, што ў сваю чаргу стымулюе каласальныя заказы ў сталеліцейнай, інжынернай і будаўнічай галінах па ўсім свеце.
Па-другое, праз рост даходаў краін-экспарцёраў для такіх дзяржаў звышпрыбыткі ад дарагой нафты трансфармуюцца ў прыток рэальнай валюты, мадэрнізацыю ўласных вытворчасцяў і рост унутранага спажывання, што падтрымлівае стабільнасць велізарных макрарэгіёнаў. Пры гэтым, нават калі нафта падаражэе на 10-15 долараў, гэта дадасць да інфляцыі ў ЗША ці Еўропе максімум 1 %. Для іх звышмагутных эканамічных сістэм гэта статыстычная хібнасць, а не смяротны прысуд. Проста адбываецца пераарыентацыя на іншых пастаўшчыкоў, якія часова атрымліваюць звышпрыбытак ад такой сітуацыі.
— Менавіта таму спакойныя буйныя інвестары, міжнародныя фонды і элітныя трэйдары. Прафесійныя гульцы — прагматыкі, якія бачаць рэальныя балансы сыравіны, запасы ў сховішчах і магчымасці манеўру, — тлумачыць эксперт.
Як нараджаецца крызіс
Аляксандр Ягораў упэўнены, што большасць аналітыкаў шукаюць прыкметы крызісу не там, дзе яны на самай справе знаходзяцца:
— Але сапраўдны крызіс ніколі не прыходзіць звонку. Ён заўсёды нараджаецца ўнутры самой фінансавай сістэмы.
На думку эксперта, рэальная пагроза для планеты крыецца не на Блізкім Усходзе. Яна заўсёды жыве ў кабінетах Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША і вядучых банкаў свету:
— За апошнія гады, спрабуючы змагацца з інфляцыяй, яны паднялі працэнтныя стаўкі да рэкордных вышынь. Эпоха танных грошай скончылася, а гіганцкі пазыковы навес застаўся. Дзяржаўны доўг ЗША ўжо перавысіў астранамічныя 35 трыльёнаў долараў, і на выплату толькі адных працэнтаў выдаткоўваецца больш за трыльён долараў у год. Менавіта гэтая каласальная ўнутраная крэдытная бурбалка і кошт абслугоўвання дзяржаўных запазычанняў і вызначаюць цыклы сапраўдных крызісаў.
На думку спецыяліста, геапалітычны шок у Армузскім праліве можа стаць трыгерам — іголкай, якая праткне гэты разадзьмуты пазыковы шар:
— Але сам па сабе канфлікт рэгіянальнага маштабу не здольны абнуліць сусветную эканамічную сістэму. І тут важна зразумець, што насамрэч паслужыць трыгерам, а калі ён здарыцца, не ведае ніхто.
Аляксандр Ягораў падкрэслівае — не бывае аднолькавых сусветных крызісаў: яны ўсе ўнікальныя. Як і няма рэцэптаў іх прадухілення:
— Сапраўдная прычына цыклічных крызісаў закладзеная ў самой прыродзе капіталізму і чалавечай псіхалогіі. Цыклічнасць. Эканоміка заўсёды рухаецца хвалямі. Пад’ём, пік, спад, дно. Падчас уздыму ўсе аптымістычныя, інвестуюць і вырабляюць занадта шмат тавараў. Здараецца крызіс перавытворчасці. Рана ці позна надыходзіць перанасычэнне, попыт падае, і пачынаецца ачышчэнне рынку, крызіс. Па-другое, гэта псіхалогія натоўпу. Людзьмі на рынку рухаюць два пачуцці. Прагнасць (калі ўсё расце, хочацца паспець зарабіць) і страх (калі пачынае падаць, усе панічна распрадаюць актывы, абвальваючы рынак яшчэ мацней). Банкі толькі маштабуюць гэтыя эмоцыі, даючы пад іх крэдыты. Атрымліваецца дзіўная карціна. Пакуль абывацель уважліва сочыць за кожным рухам танкера ў Армузскім праліве, рэальныя праблемы нарастаюць зусім у іншым месцы. Геапалітыка — гэта толькі зручная шырма, на якую можна спісаць наступствы ўласных памылак. Калі нешта здарыцца, заўсёды будуць вінаваціць іранскія дроны або перакрытыя фарватары. Але мы павінны разумець, крызіс звычайна нараджаецца не ад недахопу бараляў, а ад памылак на фінансавым рынку.
Беларусь урок засвоіла на выдатна
Як гэта можа паўплываць на эканоміку Беларусі? І якія крокі неабходна зрабіць, каб мінімізаваць наступствы?
— Па-першае, наш фінансавы сектар за апошнія гады прайшоў глыбокую структурную трансфармацыю. Мы сур’ёзна скарацілі доларавую залежнасць Беларусі. Крэдыты, дэпазіты, разлікі не залежаць ад долара, — падкрэслівае першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка. — Санкцыйны ціск Захаду, як бы парадаксальна гэта ні гучала, сфарміраваў у беларускай эканомікі набор інструментаў для эфектыўнага супрацьстаяння вонкавым фінансавым шокам.
Па-другое, звяртае ўвагу топ-менеджар, у Беларусі высокі ўзровень фінансавай трываласці:
— Сёння золатавалютныя рэзервы краіны знаходзяцца на стабільна высокім узроўні і перавышаюць 14-15 мільярдаў долараў ЗША. Нашы рэзервы ўпэўнена пакрываюць больш за тры месяцы імпарту тавараў і паслуг, што цалкам адпавядае лепшым міжнародным стандартам фінансавай надзейнасці.
Па-трэцяе, у нас гнуткі абменны курс:
— Мы больш не трымаемся за курс долара як паказчык стабільнасці эканомікі. Галоўны паказчык — нізкая інфляцыя і грашова-крэдытная палітыка накіраваны менавіта на падтрыманне інфляцыі на ўзроўні каля 5 %. Бо менавіта нізкія цэны ў крамах і коштавая дасягальнасць прадуктаў для грамадзян з’яўляюцца меркай дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.
Па словах эксперта, беларуская фінансавая сістэма ўстойлівая не таму, што ігнаруюцца рызыкі, а таму, што яны сумленна ацэньваюцца.
— Так, часам гэта патрабуе складаных рашэнняў, накшталт карэкціроўкі працэнтных ставак, — згаджаецца Аляксандр Ягораў. — Але менавіта гэтая незалежная экспертыза Нацыянальнага банка гарантуе, што нашы рэзервы застаюцца пад надзейнай абаронай, а інфляцыя не выйдзе з-пад кантролю. Так, у свеце хапае фізічна вузкіх месцаў, накшталт Армузскага праліва. Але самае небяспечнае бутэлькавае рыльца сучаснасці — татальная залежнасць глабальнага гандлю ад долара і фінансавай сістэмы адной канкрэтнай краіны. Беларусь гэты ўрок засвоіла на выдатна, паслядоўна выбудоўваючы свой суверэнны контур і чысцячы эканоміку ад чужой валюты.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ