Top.Mail.Ru

Ці стане кватэра больш даступнай?

Даступнасць жылля — гэта вельмі актуальнае пытанне. «Менавіта таму ўрад ужо прарабіў пэўную работу. Ужо цяпер прыярытэты па жыллёвым будаўніцтве крыху ссоўваюцца. Значна больш сур’ёзная роля адводзіцца будаўніцтву арэнднага жылля, мы працягваем развіваць гэты кірунак, што адлюстравана ў стратэгіі развіцця», — падкрэсліў у эфіры «Першага інфармацыйнага» тэлеканала міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслан Пархамовіч.


Міністр адзначыў, што недастаткова звярталі ўвагу на рэнавацыю. «На жаль, жыллёвы фонд не вечны, ён старэе і страчвае свае ўласцівасці па камфортнасці, таму неабходна звяртаць на гэта сур’ёзную ўвагу. Будаваць новае і забываць пра старое, — адмоўная тэндэнцыя. Мы хутка пачнём страчваць у абсалютных лічбах свой жыллёвы фонд, — звярнуў увагу ён. — Таму трэба не толькі будаваць новае жыллё, але яшчэ і прыводзіць у парадак тое, якое ўжо, на жаль, не адпавядае ўсім тым патрабаванням, на якія разлічваюць грамадзяне. Таму асобным кірункам на будучае дзесяцігоддзе для нас з’яўляецца рэнавацыя. Безумоўна, гэта і павышэнне даступнасці, і павелічэнне забяспечанасці квадратнымі метрамі».

Змяняюцца падыходы і да забеспячэння «квадратамі». «Вядома, сёння ў нас нядрэнны паказчык, але я думаю, што ён павінен быць значна большым, — лічыць Руслан Пархамовіч. — Калі 30 квадратных метраў цяпер для нас добрая норма, то 40–45 квадратных метраў на чалавека — той аптымальны аб’ём жылля, які павінен быць для камфортнага пражывання».

Адказваючы на пытанне, колькі будзе кошт квадратнага метра, напрыклад, праз 10 гадоў, ці выгадна інвеставаць у кватэру, кіраўнік Мінбудархітэктуры заўважыў, што нейкіх значных перакосаў тут не будзе. Па яго меркаванні, ёсць няўхільны прынцып: кошт квадратнага метра жылля, пабудаванага з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, не павінен перавышаць памер сярэднямесячнага заробку. «Мы ад гэтага прынцыпу не адыходзім. І я думаю, што і ў 2035 годзе ён будзе, безумоўна, выкананы. Гэта базавы прынцып, якога варта прытрымлівацца. Усё астатняе прадыктуе рынак».

Міністр адзначыў, што рынак Мінска — гэта асобная тэма. «Тут, безумоўна, кошт вышэйшы, таму што гэта сталіца. Ёсць абласныя цэнтры, ёсць малыя населеныя пункты, — падкрэсліў Руслан Пархамовіч. — Але мы будзем зважаць на кожны з гэтых рынкаў і выпрацоўваць па кожным з іх асобныя падыходы для таго, каб у цэлым для ўсіх абсалютна грамадзян мы мелі аднолькавыя ўмовы, каб камфортна сябе людзі адчувалі як у сельскай мясцовасці, так і ў сталіцы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю