Ці ўсё напісана пра Вялікую Айчынную вайну?

09.05.2025 | 14:32

З нагоды 80-годдзя Перамогі Саюз пісьменнікаў Беларусі арганізаваў круглы стол «Вялікая Айчынная вайна ў творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў». У ім узялі ўдзел літаратары, творчасць якіх непасрэдна звязана з гэтай тэмай.


— Цi варта пісьменнікам, якія не бачылі Вялікай Айчыннай вайны, распавядаць аб ёй у сваіх творах?

Мікалай Чаргінец, ганаровы старшыня СПБ, народны пісьменнік Беларусі:

— Я сам дзіця вайны, мая сям’я была ў акупацыі ў Мінску. Вакол паміралі ад холаду, голаду, страху. Патрэбна працягваць пісаць на тэму Вялікай Айчыннай вайны, каб не забывался роля нашага народа ў Перамозе. Мы зрабілі найбольшы ўнёсак у Вялікую Перамогу, але цяпер прывід фашызму зноў блукае па Еўропе, робяцца спробы перапісаць гісторыю, каб ачарніць нашу Перамогу, занізіць страты савецкага народа падчас Другой сусветнай вайны і звесці гэта да звычайных падзей. Варта прыкласці максімум намаганняў, каб гісторыя засталася такой, якой яна ёсць; каб не запэцкаць імёны тых, хто паклаў свае жыцці на барацьбу з фашызмам. Трэба дапамагаць тым, хто працягвае і цяпер пісаць пра вайну, заахвочваць іх. Вялікая роля тут належыць гісторыкам-вучоным, якім дадзена магчымасць працаваць у архівах. Яны абавязаны дапамагчы паказаць жах вайны, а далей — справа за пісьменнікамі.

Анатоль Аўруцін, паэт, перакладчык:

— Вялікае бачыцца на адлегласці. Самы класічны прыклад: Леў Талстой напісаў «Вайну і мір» праз шмат гадоў пасля напалеонаўскага нашэсця. Атрымалася велічная эпапея. Што і не дзіўна — акрамя геніяльнага таленту, у пісьменніка была магчымасць карыстацца ўжо добра асэнсаванай гісторыяй падзей, якія ім адлюстроўваліся. Згадаем творы пра Вялікую Айчынную вайну, што пісаліся па гарачых слядах. У большасці аўтараў для адлюстравання падзей існавалі толькі дзве фарбы: чорная для захопнікаў і белая — для нашых. Практычна да з’яўлення твораў Васіля Быкава так у беларускай літаратуры і было. У рускай таксама, пакуль не з’явілася так званая лейтэнантская проза В. Астаф’ева, Г. Бакланава, Ю. Бондарава, І. Стаднюка і іх паплечнікаў, пакуль К. Сіманаў не напісаў свае «Жывыя і мёртвыя» і «Салдатамі не нараджаюцца». Менавіта з таго часу ў творах пра мінулую вайну стала з’яўляцца шмат псіхалагізму, а лёсы кніжных герояў з выключна аднапланавых станавіліся ўсё больш складанымі і поўнымі супярэчлівых акалічнасцей. Прачытайце раман Мікалая Чаргінца «Аперацыя „Кроў“», які напісаны ў зусім нядаўні час. Там усё няпроста: ні героямі, ні здраднікамі не нараджаюцца, імі становяцца ў час выпрабаванняў. Упэўнены: маладое пакаленне літаратараў створыць пра Вялікую Айчынную яшчэ нямала яркіх твораў.

Валянціна Драбышэўская, празаік:

— Не ўсе людзі, якія прайшлі вайну, маглі і могуць пра гэта напісаць, але ў кожнага з іх свая кранальная гісторыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Пісьменнік — эмпат, як радыёпрыёмнік настройваецца на хвалю душы відавочцы страшных ваенных падзей і перадае яго гісторыі ў мастацкім творы, аздабляючы сродкамі вобразнага слова. Мой адказ — варта.

Кацярына Роўда, паэтэса: 

— Палымянае мастацкае слова ў гады Вялікай Айчыннай зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з ворагамі. Наступалі і абараняліся словам празаікі, паэты. Гэтую ж місію выконвалі іх творы. Тым, хто і сёння піша пра вайну, робіць гэта з адказнасцю і праўдзіва, — мая шчырая падзяка. Так, сведкаў тых часоў засталося зусім мала, але магчымасць даведацца, захаваць, перадаць інфармацыю новым пакаленням ёсць і павінна быць выкарыстана дзеля таго, каб не захварэў на бяспамяцтва наш народ, каб ніхто і ніколі не мог затлуміць розумы нашым дзецям і ўнукам «перапісанай» гісторыяй нашай радзімы.

Таццяна Дашкевіч, паэтэса, празаік:

— Многія творцы пішуць пра тое, чаго не бачылі: ніхто з нас не быў відавочцам мангола-татарскага нашэсця, вайны 1812 года, прыгоннага права... Аднак літаратар нярэдка піша нават не пра тое, аб чым ведае, а пра тое, што адчувае, разумее, што не дае яму жыць спакойна. Мы, беларусы, не толькі з літаратуры і кіно ведаем пра вайну. Яна працягвае сваё існаванне ў кожнай сям’і, дзе пераказваюцца гісторыі дзядоў, захоўваюцца фотаздымкі, лісты... Ведаючы гэтыя артэфакты з дзяцінства, слухаючы гэтыя аповеды, мала хто з пісьменнікаў утрымаецца, каб не перажыць пачутае, і захоча выказацца праз мастацкае слова. Гэта патрэбна: вайна — тэма невычэрпная. Калі ёсць гістарычная рэканструкцыя баёў, чаму не можа быць літаратурнай рэканструкцыі ваенных рэалій? Толькі сродкі літаратуры багацейшыя, слова — найтанчэйшы інструмент, які здольны дапамагчы пабачыць, пачуць, адчуць, любіць... 

Таццяна Купрыянец, паэтэса:

— З цягам часу з рассакрэчваннем некаторых дакументаў усплываюць новыя, не вядомыя дагэтуль старонкі Вялікай Айчыннай вайны, што таксама патрабуюць увагі, не павінны быць забытымі. На жаль, пісьменнікі, якія засталі вайну, паступова сыходзяць ад нас і ўжо не змогуць аб чымсьці паведаміць... Але іх справу працягваюць наступныя пакаленні, якім ніяк нельга забываць тую вайну, каб жудасныя падзеі не паўтарыліся.

— За 80 гадоў шмат напісана пра Вялікую Айчынную вайну. Ці можна сказаць нешта новае цяпер?

Мікалай Чаргінец:

— Напісана яшчэ не пра ўсё, пра што трэба. Яшчэ вельмі многа матэрыялаў, якія чакаюць свайго часу. Многія з іх засакрэчаны. Аднак некаторыя факты ўжо раскрываюцца. Узяць хоць бы маю кнігу «Аперацыя „Кроў“», дзе я распавёў пра Сёмкава. Там найбольш ярка фашысты праявілі генацыд у дачыненні да дзяцей, у якіх адбіралі кроў для нямецкіх салдат і афіцэраў. З гонарам кажу пра гэты твор, бо да мяне пра гэта ніхто не пісаў. Я паглыбіўся ў гэтую цяжкую гісторыю, якая патрабавала таго, каб пра яе таксама даведаліся. У нас сотні спаленых вёсак з жыхарамі. А колькі людзей у тыле дапамагалі рухацца да Перамогі. Як бачыце, можна падысці да ваеннай тэмы з розных ракурсаў. Але важна паказаць, што наш народ выратаваў ад фашыстаў усю Еўропу. Нават, па сутнасці, увесь свет.

Анатоль Аўруцін:

— Менавіта раман «Аперацыя „Кроў“» стаў самым важкім аргументам пры прысваенні творцу высокага звання «народны». Некалькі гадоў таму маскоўскі пісьменнік Міхаіл Папоў, які шмат гадоў жыў і працаваў на беларускай зямлі і які па праве можа лічыцца нашым земляком, выдаў сямісотстаронкавы раман-эпапею «На кресах всходних», у якім на першым месцы даволі арыгінальны аўтарскі погляд на гісторыю партызанскага руху на беларускіх землях. 

Я цяпер рэдка чытаю вялікія празаічныя творы, але гэты літаральна праглынуў за некалькі вечароў і начэй. Нельга без слёз хвалявання чытаць і паэму Валянціны Паліканінай «Озаричи»: аўтар таксама не бачыла вайны, але з-пад яе пяра выйшаў сапраўдны твор-рэквіем.

Валянціна Драбышэўская:

— Адгалоскі вайны, сімвалы памяці адкрываюць нам шмат новага, выклікаюць сапраўдны гонар за Вялікую Перамогу і натхняюць на напісанне гістарычных твораў. Сучасныя падлеткі і моладзь усім сэрцам прынялі маю кнігу «Любіна сукенка», якая выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». Гэта апавяданне пра пятнаццацігадовую дзяўчыну Любу, якая загінула ў самую першую ваенную раніцу, ратуючы жыццё старэнькай суседкі. Ад Любы засталася толькі белая сукенка — сімвал чысціні, надзеі, кахання, мары... Сімвал памяці аб усіх, хто загінуў у страшнае ваеннае ліхалецце. Любіна сукенка да сённяшняга часу сярод нас на Парадах Перамогі і кожны дзень, як Белы Анёлак, беражэ родную Беларусь. Па сюжэце апавядання распрацаваны Рэспубліканскі патрыятычны арт-праект, а многія ўстановы адукацыі стварылі драматычную пастаноўку «80 Анёлаў» паводле апавядання «Любіна сукенка», пераплятаючы спектакль гісторыямі пра сваіх сваякоў, землякоў, настаўнікаў, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну.

Таццяна Дашкевіч:

— Кожны пісьменнік заўважыць тое, што не ўбачыць іншы, бо яго хвалюе тэма, блізкая толькі яму. Ды і кожнае пакаленне карыстаецца сваёй мовай. Напрыклад, жыццё праўнука героя вайны таксама звязана з ёй. Новае нам сёння распавядаюць ужо пасталелыя дзеці вайны — яны бачылі яе не такой, як салдаты на палях баёў. У кожным дзіцячым ваенным лёсе як мінімум — два дарослыя. Гэта і ёсць новае: погляд на вайну вачыма эксперта-дзіцяці. Для мяне як для пісьменніка гэта шырокі і перспектыўны матэрыял. І галоўнае — праўдзівы. Сённяшні погляд на вайну і душу чалавека павінен быць глыбей, псіхалагічней, сюжэты — нечаканымі, уздзеянне — творчым, адчувальным. 

Кацярына Роўда:

— Сказаць новае можна будзе і яшчэ праз столькі ж гадоў. Новыя факты генацыду нашага народу, на вялікі жаль і бясконцы жах, усплываюць рэгулярна і ў нашы гады. Новыя гісторыі адкрываюцца і ўнутры сем’яў нашых землякоў, чые дзяды і прадзеды апынуліся ў бязлітасным ваенным віры. Таму даведацца і напісаць новае рэальна, але трэба рабіць сваю справу абгрунтавана, не забываючыся пра адказнасць за кожнае напісанае слова.

Таццяна Купрыянец:

— У кожнага пакалення свае адносіны да мінулага, свае ўяўленні аб будучыні. І тыя людзі, якія жывуць цяпер, з адлегласці пройдзенага часу інакш ацэньваюць і падзеі, і людзей з тых вогненных гадоў. Час сам дыктуе з’яўленне чагосьці новага: гэта ў першую чаргу магчымасць пісаць не непасрэдна пра падзеі Вялікай Айчыннай, а пра зносіны мінулага і сучаснага. Пранесці праз дзесяцігоддзі памяць аб вайне і не запляміць яе, пакінуць для наступных пакаленняў такой жа святой і чыстай, нягледзячы на ўсе выклікі, — даволі складаная задача. Пра гэта таксама трэба распавядаць.

— Што ў творах пра вайну павінна быць на першым месцы — гістарычная праўда ці мастацкае ўвасабленне? 

Валянціна Драбышэўская:

— На першым (адзіным) месцы павінна быць гістарычная праўда ў мастацкім увасабленні.

Мікалай Чаргінец:

— Канешне, важна мастацкімі сродкамі паказаць увесь жах таго, што адбывалася. Паглыбленне ў перажыванні герояў: што чалавек думаў перад смерцю, што адчувала маці, калі вешалі яе дачку, ці маленькі сын, калі забівалі яго бацькоў, — спроба ўлезці ў душу няшчаснага, якая не азначае адыходу ад праўды. Наадварот, гэта дадае магчымасці ярчэй уявіць, што было насамрэч. 

Анатоль Аўруцін:

— У мастацкай літаратуры (гэта не мемуары ці ўспаміны ўдзельнікаў тых гераічных падзей) пра такое дзяленне і размовы не павінна быць: сучаснаму чытачу патрэбна па-мастацку ўвасобленая гістарычная праўда. І чым больш будзе ў такім творы сапраўднай мастацкасці, чым больш той самай «акопнай праўды», якую не выдумаць ні за якім пісьмовым сталом, тым больш нераўнадушных чытачоў стане ў айчыннай літаратуры.

Кацярына Роўда:

— Чым больш праўды, часам і вельмі балючай, будзе ведаць і даводзіць да чытача пісьменнік, тым менш прабелаў застаецца ў гісторыях як асобных сем’яў, так і нашай краіны ў цэлым. Адносна нядаўна агучаны новы факт, што загінуў кожны трэці. Ён адбіўся і ў маім сэрцы і адлюстраваўся ў вершы, напісаным падчас камандзіроўкі ў Хатынь... 

Таццяна Дашкевіч:

— У мастацкай прозе на тэму рэальнай гістарычнай падзеі выдумка павінна быць мінімальнай, а ў дакументальнай — ёй наогул не павінна быць месца. Жыццё само настолькі сплятае сюжэты і дае такія дэталі, што ў гэтым няма неабходнасці. Аднак мастацкасць таксама важна, паколькі ад майстэрства пісьменніка залежыць поспех твора. Менавіта яна прымушае чытача верыць ці сумнявацца, чытаць захоплена ці сумаваць. Што датычыцца вершаў, песень, то, мне падаецца, сёння цяжка напісаць новае. На жаль, усё, што ствараецца пра вайну ў паэзіі, паўтараецца. Рэдка трапляецца «сапраўднае» цяпер. Вялікай была ваенная паэзія, бо, пэўна, каб напісаць выдатныя вершы на тэму Вялікай Айчыннай, трэба яе перажыць хоць бы ў расповедах сучаснікаў-відавочцаў. Каб так пранізліва ведаць думкі юнага салдата: «Я так даўно не бачыў маму», як пісаў Міхаіл Ножкін, які не ўдзельнічаў у баях, а быў дзіцем падчас вайны.

Таццяна Купрыянец:

— Што з гэтага будзе на першым месцы, залежыць ад аўтара, ад выбранага ім жанру. Але галоўнае ў любым выпадку, каб мастацкае ўвасабленне не супярэчыла гістарычнай праўдзе. Перш чым пісаць пра вайну ці ўвасабляць памяць аб ёй у карцінах і скульптурах, трэба паглыбіцца ў гісторыю, адчуць подых таго часу. Свет змяняецца нават за адно дзесяцігоддзе, што ж казаць аб васьмі... І творца павінен улічваць гэта.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю