Вятранка, мусіць, самае частае інфекцыйнае захворванне. Адпаведна, нашы бабулі, мамы, ды і мы самі ведаем пра яго ўсё. Або не? Напрыклад, ці ведаеце вы, што агульнага паміж вятранкай і апаясвальным герпесам? Развенчвае міфы і адказвае на самыя распаўсюджаныя пытанні пра гэта захворванне ўрач-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Дар’я ПЕТРАЧУК.
Вінаваты Varіcella Zoster vіrus
— Калі ў сям’і дарослы хварэе на апаясвальны герпес, ці заразны ён для дзіцяці?
— Апаясвальны герпес (herpeszoster, або апаясвальны лішай) — вострае віруснае захворванне чалавека з пераважным пашкоджаннем скуры і нервовай сістэмы. Прычынай яго ўзнікнення з’яўляецца вірус Varіcella Zoster. Гэтую назву ён атрымаў у сувязі з тым, што можа выклікаць два розныя па клініцы захворванні: ветраную воспу і ўласна апаясвальны герпес. Заражэнне звычайна адбываецца ў дзіцячым узросце, суправаджаючыся ў 95 % выпадкаў развіццём ветраной воспы, ці працякае бессімптомна.
Пасля перанесенай ветраной воспы вірус пажыццёва захоўваецца ў арганізме ў нервовых гангліях і пры пэўных умовах (пераахаладжэнне, зніжэнне імунітэту, недастатковае харчаванне, гіперінсаляцыя, стрэс, траўма, хімія- ці цытастатычная тэрапія) можа праявіцца ў выглядзе апаясвальнага лішая. Таму, калі дзіця не хварэла на ветраную воспу, дарослы для яе заразны. Прычым заразны ўвесь перыяд высыпанняў да адпадзення скурачак. Дарэчы, гэта захворванне перадаецца паветрана-кропельным шляхам і адрозніваецца здольнасцю распаўсюджвацца на вялікія адлегласці — з паверха на паверх, у суседнія пакоі, калідоры.
— Дзіця ад вятранкі лепш прывіць?
— Гэта адназначна. Вятранка можа мець шэраг ускладненняў. Часцей за ўсё — гнойных з боку скуры і мяккіх тканак. Актуальная вакцынацыя ў першыя 72 гадзіны пасля кантакту з хворым. Цяпер у наяўнасці дзве вакцыны ад ветраной воспы розных вытворцаў. Зрабіць прышчэпку можна на платнай аснове.
— Калі адно дзіця хварэе на ветраную воспу, ці трэба ізаляваць другое дзіця і калі ў яго чакаць высыпкі?
— У першыя 72 гадзіны можна прывіць кантактнае дзіця, і рызыка захварэць знізіцца ў шмат разоў. Кантактны ізалюецца з 11-га па 21-ы дзень. Калі, напрыклад, сып пачаўся першага чысла, то з 11-га па 21-ы дзень кантактнае дзіця адпраўляецца на каранцін. У гэты перыяд павінны з’явіцца прыкметы захворвання, звычайна гэта 14-ы дзень.
— Калі чалавек пачынае быць заразным пры ветраной воспе?
— За два дні да высыпанняў. Плюс увесь перыяд высыпанняў і пяць дзён пасля апошніх высыпанняў.
— Ці можна хварэць на вятранку двойчы?
— Можна. Часцей гэта здараецца ў людзей невакцынаваных. Тут прасочваецца спадчыннасць: калі ў сям’і ўжо былі паўторныя выпадкі, шанцы павялічваюцца.
Ці вызначаць антыцелы?
— Калі дзіця вакцынаванае, ці ёсць сэнс у вызначэнні ўзроўню ІgG?
— Не, дастаткова дакументальнага пацвярджэння ўвядзення дзвюх доз вакцыны.
— Ці варта дыягнаставаць вятранку, вызначаючы ІgМ?
— Сералагічны тэст, які вызначае ўзровень імунаглабулінаў, мае абмежаваную дыягнастычную каштоўнасць пры ветраной воспе і не рэкамендуецца для лабараторнага пацвярджэння вострага захворвання. Тэст мае нізкую спецыфічнасць і часта можа ўзнікнуць ілжывастаноўчы вынік. Толькі пры станоўчым імунаглабуліне М і клініцы ветраной воспы можна казаць аб вострай інфекцыі. Проста станоўчыя імунаглабуліны М і адсутнасць клінічных праяў не дазваляюць нам дыягнаставаць захворванне. Плюс антыцелы будуць выяўляцца са значнай затрымкай пасля з’яўлення сыпу, і ў здачы гэтага аналізу я не бачу ніякага сэнсу. Звычайна для выстаўлення дыягназу дастаткова клінічных праяў і эпідэміялагічнага анамнезу.
— Ці абавязкова змазваць сып зялёнкай?
— Пры апрацоўцы значна зніжаецца сверб, сам элемент падсушваецца, зніжаецца рызыка далучэння бактэрыяльнай флоры. Можна скарыстацца і ласьёнамі з утрыманнем цынку і спіртазмяшчальнымі растворамі анілінавых фарбавальнікаў. Апошнія, праўда, у наш час прымяняюцца абмежавана, што абумоўлена ростам рэзістэнтнасці шэрагу мікраарганізмаў да іх дзеяння і неэстэтычнасцю прымянення: сляды раствораў доўга захоўваюцца на скуры і падфарбоўваюць адзенне.
— Ці дапамагаюць супрацьвірусныя прэпараты пры ветраной воспе?
— Толькі пасля рэкамендацый урача можна выкарыстоўваць ацыклавір, валацыклавір, фамцыклавір. Гэтыя прэпараты не заўсёды патрэбныя пры ветраной воспе і пры прызначэнні ўрач узважвае рызыку і карысць. Звычайна гэта цяжкія формы ветраной воспы, развіццё неўралагічных ускладненняў, паражэнне ўнутраных органаў. Іншыя прэпараты не маюць даказанай эфектыўнасці.
У душ — абавязкова
— Ці можна прымаць душ або ванну пры ветраной воспе?
— Так. Пажадана штодня і лёгкі, без мачалкі, пасля купання нельга выціраць цела, а толькі акуратна прамакаць. Ванна не рэкамендуецца,
бо ў вадзе скурачкі размакаюць, што можа стаць пагрозай дадатковай інфекцыі.
— Ці існуе вакцынацыя ад апаясвальнага лішая?
— Так, але ў нас у краіне вакцына пакуль не зарэгістраваная. Вакцына ад ветраной воспы прадухіляе першаснае заражэнне вірусам Varіcella Zoster (VZV), вакцыны ад апаясвальнага лішая прадухіляюць рэактывацыю віруса ва ўжо заражаных. Таму вакцыны ад ветраной воспы выкарыстоўваюць галоўным чынам у дзяцей, а вакцыны ад апаясвальнага лішая — у асоб, якія былі інфікаваныя VZV раней і ў якіх згасае напружанасць імунітэту. Гэта адбываецца з узростам і пры шэрагу імунадэфіцытных станаў.
— Якой схемы вакцынацыі лепш прытрымлівацца?
— Яна ўключае ўвядзенне дзвюх доз вакцыны. Пры руціннай вакцынацыі першую дозу ўводзяць дзецям у 12-15 месяцаў, другую — у 4-6 гадоў (звычайна спалучаючы з руцінным увядзеннем вакцыны ад адру, паратыту, краснухі). Старэйшым дзецям і неімунным дарослым ўводзяць дзве дозы з інтэрвалам 4-8 тыдняў.