Я склала завяшчанне каля 15 гадоў таму. Ці трэба мне перарабляць яго, ці з’яўляецца яно сапраўдным сёння? Можа, у заканадаўстве адбыліся якія-небудзь змены?
Таццяна Мікалаеўна, г. Брэст
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ларыса РУДЗЬКО:
— Ваша завяшчанне сапраўднае. Але калі змянілася маёмасць, або вы хочаце штосьці дадаць, або ўнесці карэкціроўкі, то звярніцеся да натарыуса і аформіце новае завяшчанне. Яно можа быць напісана і падпісана ў прысутнасці натарыуса вамі ўласнаручна ў двух экзэмплярах або напісана натарыусам з вашых слоў у прысутнасці сведкі.
Акрамя таго, натарыус павінен растлумачыць, што нават калі завяшчанне ёсць, але маюцца спадчыннікі на абавязковую долю, пазбавіць іх яе вы не можаце.
Згодна з артыкулам 1064 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці спадчынадаўца, а таксама непрацаздольныя муж (жонка) і бацькі ўспадкуюць незалежна ад зместу завяшчання не менш за палову долі, якая належала б кожнаму з іх пры атрыманні ў спадчыну па законе. Пры гэтым спадчыннік на абавязковую долю павінен быць непаўналетнім або непрацаздольным на дзень смерці спадчынадаўца. Да непрацаздольных адносяцца грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, або інваліды.
Таксама пры засведчанні завяшчання натарыус растлумачыць, што пры жыцці складзены дакумент не набывае моц і можа быць зменены або адменены цалкам у залежнасці ад абставін у любы час.
Што можа перашкодзіць здзелцы з нерухомасцю?
Ці можна перааформіць дагавор аб прыватызацыі ад маці да дачкі? Маці — уласнік. Прыватызацыя яшчэ не выплачана поўнасцю, аплачвае яе толькі дачка. У кватэры прапісаны сын, дачка і два яе ўнукі. Сама жыве і прапісана па іншым адрасе.
Ірына, г. Мінск
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:
— Любыя здзелкі з нерухомасцю могуць быць праведзены пры адсутнасці перашкод, якімі могуць з’яўляцца, напрыклад, права закладу (іпатэкі) у трэцяй асобы на кватэру, адсутнасць згоды зарэгістраваных паўналетніх членаў сям’і і іншыя. У тым ліку абавязковай умовай з’яўляецца жаданне ўласніка на перадачу дадзенай маёмасці ва ўласнасць іншай асобе.
Тут лагічна выказаць здагадку, што нявыплачаная прыватызацыя мае на ўвазе абцяжаранне (абмежаванне) правоў на кватэру. Для адчужэння нерухомай маёмасці яна павінна быць свабоднай ад прэтэнзій трэціх асоб. Пры гэтым, згодна з п. 1.7 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.04.2020 № 121 «Аб жыллёвых адносінах», прыватызаваныя ў растэрміноўку жылыя памяшканні можна адчужаць толькі пасля поўнага пагашэння кошту гэтага жылога памяшкання.
Як аформіць дагавор куплі-продажу аўто?
Чуў, што дагавор куплі-продажу машыны ў Беларусі можна аформіць у натарыуса. Падкажыце, калі ласка, якія дакументы патрэбныя для гэтага? І ці трэба таксама паралельна звяртацца ў Дзяржаўтаінспекцыю?
Андрэй КАРПАЎ, г. Маладзечна
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Анастасія ЛАРЧАНКА:
— З 22 студзеня 2023 года ўведзены новыя правілы адчужэння транспартных сродкаў. З гэтага перыяду дагавор куплі-
продажу аўтамабіля сапраўды можна аформіць у органах ДАІ або ў натарыуса. Пры гэтым дагавор куплі-продажу транспартнага сродку можа быць засведчаны любым натарыусам Рэспублікі Беларусь — тэрытарыяльных абмежаванняў тут няма. Ключавое патрабаванне: аўтамабіль павінен быць зняты з уліку ў ДАІ перад зваротам да натарыуса. Без адзнакі аб зняцці натарыус не засведчыць здзелку.
Абавязковыя дакументы:
✓ дакументы, якія сведчаць асобу (пашпарты, ІD-карта прадаўца і пакупніка);
✓ пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (тэхпашпарт) — з адзнакай ДАІ аб зняцці аўтамабіля з уліку;
✓ даверанасць — калі інтарэсы аднаго з бакоў прадстаўляе давераная асоба, то патрэбен арыгінал натарыяльна засведчанай даверанасці;
✓ дакументы, якія пацвярджаюць праваздольнасць юрыдычнай асобы і паўнамоцтвы яго прадстаўніка (пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, устаноўчыя дакументы, пратакол сходу заснавальнікаў, рашэнне аб прызначэнні, даверанасць), дакументы індывідуальнага прадпрымальніка (пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ІП) — калі адным з бакоў выступае юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік.
Дакументы, якія могуць спатрэбіцца дадаткова:
✓ дакумент, што пацвярджае набыццё права ўласнасці на транспартны сродак, — калі натарыус палічыць гэта неабходным (напрыклад, папярэдні дагавор, пасведчанне аб праве на спадчыну, дагавор дарэння і інш.);
✓ згода мужа (жонкі) на адчужэнне — калі аўтамабіль набыты ў шлюбе (агульная сумесная ўласнасць мужа і жонкі). Згоду можна аформіць у натарыуса загадзя або адначасова з дагаворам. Не патрабуецца згода, калі аўтамабіль набыты да шлюбу, атрыманы ў спадчыну або ў дар;
✓ дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва, — у выпадку продажу аўтамабіля блізкаму сваяку (пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб заключэнні шлюбу);
✓ дакументы, якія пацвярджаюць змену прозвішча, — калі прозвішча ўласніка змянілася пасля набыцця аўтамабіля (пасведчанне аб заключэнні шлюбу).
Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda.by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.
Віктар ЛЮБІМАЎ