Top.Mail.Ru
162

Ці ва ўсім вінаваты рэтраградны Меркурый? Расказваем, як уплывае рух планеты на людзей

З 9 да 29 лістапада 2025 года планета-свавольніца будзе «падаваць назад», ладзячы ўсім нам невялікую праверку на трываласць



Што азначае рэтраградны?

У кожнай планеты Сонечнай сістэмы ёсць два віды руху — дырэктны і рэтраградны. Дырэктны — гэта звычайны ход нябеснага цела, калі яно ідзе ў звыклым напрамку, па сваёй траекторыі, і не спрабуе «збіцца з дарогі». А вось рэтраградным рухам планет у астралогіі называецца з’ява, калі нябеснае цела пачынае рухацца назад. Насамрэч гэтага, вядома, не адбываецца. Проста планета ў пэўны перыяд рухаецца вакол Сонца па іншай траекторыі і з іншай хуткасцю. З Зямлі ж здаецца, што яна пайшла назад — узнікае аптычная ілюзія.
(Успомніце свае адчуванні ў цягніку, калі іншы састаў праязджае міма вас? На секунду з’яўляецца адчуванне, што цягнік, які рухаецца больш хутка, ідзе назад, пакуль ён, нарэшце, не знікне. Гэта той жа самы эфект, што адбываецца ў нашым небе, калі Меркурый праходзіць міма нашай планеты.)

Перыяды рэтраграднага Меркурыя

Меркурый — самая імклівая планета з усіх, якія ёсць у нашай Сонечнай сістэме. Яна круціцца вакол зоркі кожныя 88 дзён, а ўваходзіць у «рэтраград», калі пралятае міма Зямлі. Гэта здараецца 3-4 разы на год, і кожны з перыядаў доўжыцца каля трох тыдняў. Сёлета Меркурый яшчэ раз будзе рэтраградным у перыяд з 9-га да 29 лістапада.

Чаго асцерагацца нам? 

Меркурый — планета, якая адказвае за інфармацыю, веды, кантакты, продаж, дакументы, зносіны, сувязь, інтэрнэт, транспарт, тэхніку і гаджэты. Падчас «рэтраграда» менавіта гэтыя сферы жыцця знаходзяцца пад прыцэлам.

Не рэкамендуецца планаваць афармленне сур’ёзных дакументаў і здзелак, а калі і даводзіцца іх здзяйсняць, то варта ўважліва пераправяраць інфармацыю, рабіць рэзервовыя копіі праектаў, дубліраваць важныя даныя.

Таксама ўважліва стаўцеся да раскладу транспарту (напрыклад, калі плануецца пералёт, то ёсць вялікая верагоднасць затрымак, пераносаў рэйса ці якой-небудзь блытаніны).
У цэлым у такія перыяды важна захоўваць акуратнасць на дарогах, улічваць, што могуць быць нечаканыя сітуацыі, шукаць абходныя шляхі. Да вырашэння пытанняў, звязаных з перамяшчэннем або кантактамі, трэба падыходзіць уважліва, таму што любыя сутыкненні не прывядуць да патрэбных вынікаў.

Варта больш уважліва ставіцца да абслугоўвання свайго аўтамабіля. Не трэба планаваць важных продажаў і пакупак, паколькі ёсць рызыка, што працэс будзе ўскладнены або зацягнуты. 
Адзначана, што ў гэты перыяд часта вяртаюцца тыя людзі, з якімі закончаны адносіны: былая «палавінка», сябры, старыя знаёмыя. Калі ёсць жаданне аднавіць кантакты, то гэта самы зручны момант. Таксама ў час рэтраграднага Меркурыя можна зрабіць усе справы, якія назапасіліся, ці вярнуцца да старых праектаў — усё, што было не скончана, з лёгкасцю завершыцца. 

А вось для людзей, якія нарадзіліся ў перыяд рэтраграднага Меркурыя, наадварот любыя пачынанні з дакументамі, вучобай, пакупкамі ці новыя знаёмствы будуць у гэты час паспяховыя.

Тым не менш, некаторыя астролагі лічаць, што рэтраградны Меркурый — залішне распіяраная з’ява і баяцца яе дакладна не варта.

Каб знізіць негатыўныя праявы, лепш планаваць усё загадзя, да надыходу названага перыяду. Паколькі для тых, хто прывык уважліва ставіцца да падобных пытанняў, наадварот, могуць з’явіцца магчымасці для развіцця.

Падчас рэтраграднасці спецыялісты раяць больш часу ўдзяляць самааналізу. Рэфлексія, медытацыя могуць дапамагчы справіцца са штодзённымі праблемамі.
І памятайце: ваша жыццё залежыць перш за ўсё ад вас, у які б бок па небасхіле не рухаліся планеты.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю