У нашай краіне ў 2024 годзе выяўлена 1031 карупцыйнае злачынства. Гэта на 18 працэнтаў меней, чым у 2023 годзе, — такія лічбы прагучалі з вуснаў старшага пракурора ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Андрэя Федаровічава падчас відэаканферэнцыі ў прэс-клубе «Культура і мастацтва». Гаворка ішла пра якасць супрацьдзеяння карупцыі і фарміраванне нецярпімых адносін да яе ў грамадстве.
У арганізацыях культуры прайшла комплексная праверка, здзейсненая органамі пракуратуры, і за 2021–2022 гады было зафіксавана 53 карупцыйныя злачынствы, якія ўчынілі 18 супрацоўнікаў. Але па выніках мінулага года ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству культуры, не зарэгістравана ніводнага карупцыйнага злачынства. Калі мець на ўвазе ўсю сферу культуры, то такія факты ёсць.
Прагучалі прыклады спраў, па якіх ужо ёсць судовыя прысуды. Былы намеснік дырэктара аднаго з тэатраў Гродзенскай вобласці на працягу дзесяці гадоў атрымліваў ад арганізатараў культурна-масавых мерапрыемстваў хабар за забеспячэнне заключэння дагавораў (прыватная арганізацыя спецыялізавалася на арганізацыі выступленняў вядомых артыстаў). Хабар ажыццяўляўся не толькі ў грашовых сродках, але і ў матэрыяльных каштоўнасцях. Даказана атрыманне 21 тысячы рублёў. За падобнае злачынства (арганізацыя канцэртнай дзейнасці) быў асуджаны дырэктар Дома культуры аднаго з акцыянерных таварыстваў у Віцебскай вобласці (гаворка пра 2021–2023 гады). Узаемадзеянне ўстаноў культуры з арганізацыямі альбо прадстаўнікамі артыстаў — уразлівая з пункту гледжання карупцыі з’ява.
Ёсць і яшчэ адзін момант, які можа ствараць спакусу для людзей. Напрыклад, дырэктар аднаго з дамоў культуры Мінскай вобласці быў асуджаны за крадзеж грашовых сродкаў праз фіктыўнае працаўладкаванне свайго блізкага сваяка на пасаду метадыста, абавязкі якога не выконваліся. Так званыя «мёртвыя душы» — хваравітая тэма, у тым ліку для сферы культуры. Але гэта не датычыцца тых выпадкаў, калі абавязкі выконваюцца...