Top.Mail.Ru

Ці здольныя гаджэты і сацыяльныя сеткі выклікаць псіхічныя парушэнні, расказала эксперт

Стан псіхічнага дабрабыту з’яўляецца вельмі важным складнікам здароўя: ён дазваляе чалавеку спраўляцца са стрэсам, рэалізоўваць свой патэнцыял, прадуктыўна вучыцца і працаваць, актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Вядучы навуковы супрацоўнік ДУ «РНПЦ псіхічнага здароўя», кандыдат медыцынскіх навук Аксана Шылава расказала пра фактары, якія ўплываюць на ўзровень псіхічнага здароўя, піша sb.by.

— Гэта ўмовы, звязаныя з сацыяльнай абароненасцю, забяспечанасцю працай, адукацыяй. Сярод індывідуальных фактараў рызыкі развіцця псіхічных расстройстваў — спадчыннасць, асаблівасці адносін у сям’і, фізічны гвалт у дзяцінстве, булінг у навучальных установах.

Вялікую ролю адыгрывае забеспячэнне спецыялізаванай псіхіятрычнай дапамогай. У Беларусі яна арганізавана на высокім узроўні. Існуе магчымасць звярнуцца да спецыяліста ананімна — як платна, так і бясплатна; у распараджэнні медыкаў маецца шырокі пералік якасных прэпаратаў. Працуе кругласутачна даступны антыкрызісны тэлефон 133, размова са спецыялістам службы дапамагае справіцца з крызіснай сітуацыяй. Што датычыцца РНПЦ псіхічнага здароўя, то гэта найбуйнейшы ў Еўропе стацыянар, у якім не толькі аказваецца спецыялізаваная псіхіятрычная дапамога, але і працуе буйны навуковы цэнтр.

— Шмат кажуць пра ўплыў гаджэтаў і сацыяльных сетак на рызыку развіцця псіхічных расстройстваў. Аднак важна разумець, што псіхічнае здароўе кожнага чалавека індывідуальнае. Адзін застаецца здаровым насуперак усяму: дысфункцыянальнай сямейнай сістэме, булінгу. А для развіцця псіхічнага расстройства ў іншага дастаткова нязначнага здарэння, — адзначыла спецыяліст.

Адназначна негатыўна ўплывае на псіхічнае здароўе маладых людзей нізкі ўзровень ахоўных механізмаў. Выяўляецца гэта, напрыклад, ва ўжыванні псіхаактыўных рэчываў, слабых навыках або зусім няўменні вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, або гаварыць пра іх, у страху звярнуцца па дапамогу да псіхолага.

— Фарміраванне ахоўных механізмаў — адзін з найважнейшых напрамкаў развіцця псіхіятрыі, у тым ліку прафілактычнай, — лічыць Аксана Шылава. — Мы павінны дапамагаць чалавеку навучыцца шанаваць псіхічнае і фізічнае здароўе, а таксама само жыццё. Гэта асабліва важна для прафілактыкі суіцыдальных паводзін.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю