Top.Mail.Ru

Ці зменіцца ліміт на колькасць жывёл у адной кватэры і ці трэба валанцёрам плаціць «сабачы» падатак?

Гадаванцы ў законе

Са студзеня 2025 года ў краіне дзейнічае Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Адзін з ключавых яго момантаў — заканадаўчае замацаванне статусу жывёлы як істоты, якая таксама мае патрэбу ў доглядзе і абароне. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, сабакі і кошкі ва ўзросце ад трох месяцаў павінны быць зарэгістраваныя. Прычым гэта норма існуе яшчэ з 2001 года. Пры набыцці хвастатага сябра гаспадар павінен звярнуцца з заявай і дакументам, які сведчыць асобу, у службу «адно акно». Дадатковыя дакументы трэба прадставіць, калі сабакі адносяцца да катэгорый, якія патрабуюць асаблівай адказнасці (як правіла, гэта сабакі буйных і небяспечных парод). Гаспадары атрымліваюць жэтоны і пасведчанні — мяркуецца, што дзякуючы ім прасцей будзе знайсці і вярнуць гадаванца, калі ён згубіцца.

Але, як заўважыла намеснік кіраўніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея СЯЎРУК, заканадаўства развіваецца, і падрыхтаваны праект пастановы, які рэгулюе шэраг пытанняў, якія датычацца догляду гадаванцаў.

Пажаданні пачуты

З улікам таго рэзанансу, які ўзнік у грамадстве ў сувязі з неабходнасцю легалізацыі жывёл, разглядаецца пытанне аб тым, што калі кожны сабака павінны быць зарэгістраваны, то ўладальнікі катоў могуць рэгістраваць іх па жаданні. Створана міжведамасная рабочая група, у якую ўваходзяць і прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку зоаабарончых арганізацый, якія рыхтуюць пералік парод сабак, што патрабуюць асаблівай адказнасці (яны адрозніваюцца вялікімі памерамі альбо схільнасцю да агрэсіі). Вывучаюцца меркаванні наконт таго, якія пароды туды ўключаць. Напрыклад, ці павінны быць у гэтым спісе аўчаркі — адны з самых папулярных у беларусаў сабак, якія да таго ж часта выкарыстоўваюцца ў службовых мэтах. Гаспадары патэнцыяльна небяспечных ці непрадказальных у паводзінах сабак павінны мець пасведчанне аб праходжанні спецыяльных курсаў.

Згодна з дзеючым законам, сёння ў кватэрах шматкватэрных дамоў дазваляецца трымаць не больш як дзве жывёлы. З улікам таго, якія бурныя спрэчкі ў грамадстве выклікала гэта норма, разглядаецца пытанне аб зняцці абмежаванняў, але пры ўмове, што гаспадар будзе выконваць правілы карыстання жылымі памяшканнямі і яго хвастатыя сябры не будуць прыносіць нязручнасці суседзям.

На сёння ў краіне зарэгістравана больш за 132 тысячы гадаванцаў (106 тысяч з іх — сабакі), паведаміла Надзея Сяўрук. Вядома, у рэальнасці гэтыя лічбы значна большыя. Статыстыка важная для таго, каб не толькі вырашаць пытанні з развіццём інфраструктуры для гадаванцаў, але і праводзіць абавязковую вакцынацыю жывёл, якая робіцца бясплатна.

Плата за любоў

Як заўважыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Дзяніс Церашкоў, плата за валоданне сабакамі — не новаўвядзенне, такі падатак існуе больш за дзесяць гадоў. Гаспадарам зарэгістраваных сабак ён налічваецца штоквартальна і падаецца разам з плацёжкай за жыллёва-камунальныя паслугі. Пасля звароту аб рэгістрацыі жывёлы ў службу «адно акно» інфармацыя аб ёй перадаецца абслугоўваючым арганізацыям. Заканадаўствам замацаваны пералік грамадзян і падставы для вызвалення ад «сабачага падатку». Так інваліды першай і другой групы вызваляюцца ад падатку на ўсіх сабак, інваліды трэцяй групы, шмадзетныя сем’і, бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, пенсіянеры маюць ільготу на ўтрыманне аднаго сабакі. Падатковым кодэксам прадугледжаны дзве стаўкі — 14 і 67 рублёў (апошняя — для сабак, якія ўваходзяць у пералік тых, што патрабуюць асаблівай адказнасці, гэта мера прымаецца, каб рэгуляваць колькасць патэнцыяльна праблемных жывёл). Мясцовыя распарадчыя органы маюць права прымаць рашэнні аб паніжэнні стаўкі падатку.

Падчас сустрэчы, прысвечанай утрыманню жывёл, што прайшла ў Доме прэсы, прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый узнялі пытанне аб тым, як быць з падаткам на сабак валанцёрам, што падбіраюць жывёл з вуліцы, даюць ім часовае ўтрыманне. Дзяніс Церашкоў адзначыў, што ўжо не раз гэтае пытанне ўздымалася, звароты ад валанцёраў паступалі ў тым ліку ў Міністэрства па падатках і зборах: «Наша пазіцыя: людзі, якія не з’яўляюцца гаспадарамі такіх жывёл, не павінны прызнавацца плацельшчыкамі такога падатку».

Прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі «ЗООшанс» унеслі свае прапановы, якія б дапамаглі рэгуляваць колькасць жывёл: гэта можа быць чыпіраванне, абавязковая стэрылізацыя, вакцынацыя жывёл, завядзенне на іх пашпартоў. Менавіта нестэрылізаваныя жывёлы ўяўляюць найбольшую праблему для дзяржавы, на плечы якой кладзецца задача па рэгуляванні іх колькасці, адлове і ўтрыманні «беспрытульнікаў».

Мы за іх адказваем

Старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй ДУБРОЎСКІ нагадаў, што за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжана як адміністратыўная, так і крымінальная адказнасць, ажно да пазбаўлення волі да чатырох гадоў. Адказнасць за здзекі з жывёл прымяняецца ў тым ліку да непаўналетніх, якія ўжо дасягнулі 14 гадоў. Пакаранне пагражае і тым, хто пазбаўляецца ад жывёл.

Як падкрэсліла Надзея Сяўрук, нормы ўводзяцца не для таго, каб некага пакараць, важна навучыць гаспадароў жывёл адказнаму стаўленню. І гэта датычыцца ў тым ліку ўборкі за гадаванцам на вуліцы, адказнасці ўладальніка за забеспячэнне фізіялагічных патрэб гадаванца, яго бяспекі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Лізаветы Голад


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю