Top.Mail.Ru
75

Ці змяніла ўкараненне ШІ працэс прагназавання радовішчаў, расказаў эксперт

Ці змяніла ўкараненне штучнага інтэлекту працэс прагназавання радовішчаў карысных выкапняў, расказаў БелТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў — начальнік упраўлення па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Яўген Светагор. 


«Гаварыць аб тым, што нейрасеткі адкрываюць радовішчы, пакуль заўчасна. Аднак штучны інтэлект можа стаць надзейным памочнікам на этапе апрацоўкі вялікіх масіваў геафізічных і геахімічных даных. Калі раней геолаг візуальна супастаўляў дзясяткі карт і разрэзаў, аналізаваў базы даных, то цяпер алгарытмы здольны хутка выяўляць схаваныя заканамернасці і анамаліі, якія могуць паказваць на наяўнасць перспектыўных аб’ектаў. Гэта дае магчымасць больш дакладна планаваць палявыя работы і зніжаць рызыкі бурэння пустых свідравін. Іншымі словамі, тэхналогія не замяняе вопыт геолага, але ўзбройвае яго больш дасканалым інструментам аналізу», — лічыць Яўген Светагор. 


На яго думку, ні адзін датчык або электронны планшэт не заменіць папяровую карту або папяровую пікетажную кніжку, куды ўносяцца першасныя даныя, атрыманыя ў палявых умовах. Любая тэхніка з часам патрабуе падзарадкі або зусім можа выйсці са строю, а тут важна бесперапыннасць работ і ўменне сарыентавацца ў такіх сітуацыях. Але, несумненна, геалагічныя арганізацыі цяпер выкарыстоўваюць і электроннае абсталяванне тыпу GNSS-прыёмнікаў або партатыўных планшэтаў, куды заносіцца геалагічная інфармацыя. Усё гэтак жа неад’емнай часткай у руках геолага застаецца геалагічны малаток, паколькі з яго дапамогай ажыццяўляецца адбор проб цвёрдых і скальных горных парод", — падкрэсліў вучоны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю