Гаспадар зняў слухаўку, са злосцю — бо нехта ж чужы, свае званілі б на сотавы — спытаў:
— Алё, хто на провадзе?.. Медсястра? Якая такая?..
Выслухаў адказ і адразу ж сеў, бо даведаўся, што жонка яго — Люба-Любачка — трапіла ў бальніцу, што ёй трэба...
Ваня ўсё запомніў, мігам злажыў пакеты, сеў у машыну і хвілін праз 30 ужо глядзеў на сваю спужаную каханую — распытваў, што з ёй здарылася.
— Ды вось жа — пералом, — паказваючы балючую руку, жалілася Люба. — Упала на лесвіцы. Хутка, сказалі, аперацыя... А як жа ты, Ванечка? Хто ж табе есці зварыць?
Муж супакойваў жонку як толькі мог.
Ён жа праводзіў яе на аперацыю і сустракаў ля дзвярэй палаты. Зноў супакойваў...
Дамоў вярнуўся ледзь жывы і позна: абы-як павячэраў і гэтак жа паспаў (першы раз без Любы). Раніцай паехаў на працу, вечарам — у бальніцу да жонкі.
— Ванечка, ты не галодны? — адразу ж спытала яна.
— Не, — схлусіў муж. — Я што — маленькі? Грошы ёсць, крама побач...
Па дарозе з бальніцы ён зайшоў туды, купіў хлеба, дзясятак яек і — як у фільмах, каб стрэс зняць — бутэльку белай.
Дома ўсё гэта выставіў на журнальны столік перад канапай, уключыў тэлевізар. Ішло нейкае кіно, артысты знаёмыя... Цікава ж паглядзець!
Карацей, у кухню, каб нешта ўзяць з халадзільніка ці пасмажыць яечню, ісці не выпадала: Ваня ўзяў з кантэйнера яйка, прабіў у носіку дзірачку і выпіў — адно, другое, трэцяе...
Назаўтра была субота, за ёй — нядзеля: два выхадныя. Жонка па тэлефоне сказала, што ёй трэба прывезці. Ваня ўсё купіў і ўсё завёз: хворую праведаў, у краму зайшоў, дамоў вярнуўся ўжо з... двума дзясяткамі яек. Ну чаму б і не, калі яму спадабалася вось так — напару з тэлевізарам — адпачываць. І нават харчавацца.
У панядзелак раніцай ён выпіў кубак гарачай гарбаты і заехаў да жонкі. Люба ляжала на ложку, але, убачыўшы мужа, тут жа падхапілася, спытала:
— Ванечка, што з табой? Захварэў?! Мусіць, на Боткіна?! Тэмпературу мераў? Жоўты ўвесь... Не верыш? Дык паглядзі!
Люба дастала з тумбачкі люстэрка і працягнула мужу. Ваня зірнуў туды і нічога не зразумеў: твар яго і сапраўды нагадваў дзьмухавец.
— Куляй у прыёмны пакой, — загадала жонка.
Пярэчыць ёй Іван не адвыжыўся — пайшоў «здавацца».
Адзінае, з бальніцы яго выпісалі гэтак жа хутка, як і паклалі. Не знайшлі дактары ніякай інфекцыі. А да ўсяго яшчэ і парагаталі, пачуўшы, чым гэты «хворы» два дні харчаваўся.
Не да смеху толькі жонцы было: пабаялася, што муж, крый бог, яшчэ нейкага коніка выкіне — упрасіла доктара, каб выпісаў яе з бальніцы.
Дамоў дабіралася сама: Ванечка быў на рабоце. Затое ўвечары вярнуўся з кветкамі і каробкай цукерак.
На кухні яго чакала смачная вячэра. Люба, нягледзячы на кволасць, прыгатавала яе адной левай.
Валянціна Бабко-Аляшкевіч
Салігорскі раён