Сведкі славы многіх пакаленняў
18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. У краіне з багатай, але драматычнай, гісторыяй гэты дзень — адзін з тых, калі на першыя пазіцыі выходзіць памяць, прычым не толькі асобнага чалавека ці сям’і, але і агульная для ўсіх жыхароў. Яна можа вымярацца колькаснымі паказчыкамі: у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны 5696 аб’ектаў, з іх больш за 2200 — помнікі археалогіі, што сведчыць аб жаданні «заглыбіцца» ў вельмі далёкае мінулае. Але не менш значная якасць нашай памяці, калі веданне гісторыі робіць грамадзян патрыётамі.

— Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны вельмі важнае для падтрымання культурнай ідэнтычнасці, сувязі пакаленняў і перадачы назапашанага ўнікальнага досведу продкаў нашчадкам, — лічыць Альгерд Чарняўскі, начальнік аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. — Гэта фарміруе і духоўныя каштоўнасці, выхоўвае павагу да нашай гісторыі і прадухіляе разбурэнне нацыянальнага багацця краіны.
Найбольш значныя аб’екты, якім удзялялася асаблівая ўвага дзяржавы апошнім часам: Спаса-Праабражэнскі храм у Полацку, помнік архітэктуры XІІ стагоддзя, дзе захаваліся і былі адноўлены рэдкія фрэскі (такога няма ў нашых суседзяў!), Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр, капліца-склеп роду Ажэшкаў у Заказелі Драгічынскага раёна, ратуша ў Чачэрску... Працягваюцца работы па рэстаўрацыі і кансервацыі Крэўскага замка, Старога замка ў Гродне, палаца Булгакаў у Жылічах і шэрагу іншых. Правядзенне рэстаўрацыйных работ на знакавых аб’ектах стала магчымым дзякуючы фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Але клопат аб нашай памяці — агульная справа, да яе далучаюцца грамадскія арганізацыі і неабыякавыя асобы. Гэта датычыцца перш за ўсё воінскіх пахаванняў, брацкіх магіл, мемарыялаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
— Каля 688 такіх аб’ектаў па ўсёй тэрыторыі нашай краіны знаходзяцца пад апекай прафсаюзных арганізацый, — адзначыў Станіслаў Валюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — За апошнія два гады, калі адзначаліся важныя даты, звязаныя з вайсковай гісторыяй, было шмат зроблена ва ўсіх 118 раёнах нашай краіны. Адзін з праектаў, які мы паспяхова рэалізуем з 2022 года, — «Захаваем гісторыю». У нас у краіне ёсць знакавыя аб’екты, пра якія ўсе ведаюць (Брэсцкая крэпасць-герой, манументы ў гонар Перамогі ў Мінску і інш.), але ёсць асобныя магілы, брацкія пахаванні, помнікі воінам, якія вызвалялі невялікія населеныя пункты, вёскі, мястэчкі. Мы паставілі сабе задачу аднавіць памяць пра тых людзей, якія аддалі жыццё, вызваляючы іх.
За апошнія 4 гады былі алічбаваныя дакументы і інфармацыя, якая датычыцца 3618 памятных мясцін. Такім чынам кожны можа з дапамогай тэлефона атрымаць звесткі пра падзеі, якія там адбываліся, пра людзей, што ляжаць у гэтай зямлі, і нават ад іх імя пачуць гісторыю вызвалення таго ці іншага населенага пункта. Дзеля таго, каб зацікавіць моладзь, праводзіцца шэраг адукацыйных праектаў, адзін з іх — форум «Нюрнбергскі працэс. Не дазволім забыць!».
— Без перабольшання можна гаварыць аб тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаяла пытанне аб захаванні беларусаў як нацыі, — акцэнтуе ўвагу Павел Трубчык, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Гэта адказ на пытанні: «Ці патрэбна нам такая колькасць памятных мясцін?» і «Наколькі важна захаванне гістарычнай памяці?» Ні адна дзяржава ў свеце не пацярпела так, як Беларусь.
Нацыянальная акадэмія навук выступіла з ініцыятывай правядзення беларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», якая садзейнічала выданню пяці кніг (шостая на падыходзе). Створаны спецыялізаваны сайт (letopіs. by), куды трапляе інфармацыя аб гістарычных падзеях і асобах: такім чынам любы чалавек можа даслаць інфармацыю і захаваць памяць пра сваіх бабуль, дзядуль, сваякоў, якія былі ўдзельнікамі тых падзей і зрабілі асабісты ўнёсак у Перамогу.

Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА