Санаторый «Азёрны», што ў Гродзенскім раёне, 24 лютага прымаў гасцей, якія былі настроены не на рэлакс і адпачынак. На яго базе адбылася рэспубліканская нарада, прысвечаная вынікам работы сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва ў 2025 годзе. І, як водзіцца, былі пастаўлены асноўныя задачы ў гэтай сферы на 2026-ты. Тэма хоць і «курортная», тым не менш заслугоўвае сур'ёзнага падыходу.
Упэўненая дынаміка
Як адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ, беларускія санаторыі паказваюць упэўненую станоўчую дынаміку. У 2024 годзе адбыўся скачок росту ў гэтай сферы, які не пайшоў на спад у 2025-м. Даходы ад аказання паслуг павялічыліся на 23 %, перавысіўшы 1,5 мільярда рублёў. Напаўняльнасць санаторыяў дасягнула рэкорднага ўзроўню, склаўшы 84,6 %. Экспарт паслуг вырас на 33 % і склаў больш за 536 мільёнаў рублёў. У доларавым выражэнні агульны даход дасягнуў 175 мільёнаў, што на 41 % больш у параўнанні з 2024 годам. Таксама ўсе дзяржаўныя праграмы і сацыяльныя праекты былі паспяхова выкананы. Рэспубліканскі цэнтр забяспечыў даступнасць санаторна-курортных паслуг для грамадзян Беларусі, уключаючы льготныя катэгорыі.
У 2025 годзе санаторыі Беларусі наведалі жыхары 80 краін, у 2024-м — 68. Колькасць замежнікаў дасягнула максімуму і склала амаль 260 тысяч чалавек. Найбольшую ўдзельную вагу складаюць госці з Расіі. Нягледзячы на скарачэнне патоку з заходняга напрамку, геаграфія пашыраецца, назіраецца ўстойлівы попыт сярод жыхароў краін СНД. Да таго ж і грамадзяне краін Балтыі і Польшчы таксама выбіраюць санаторыі Сінявокай.
Курс на поспех
На 2026 год прагназуюцца станоўчыя вынікі. Паказчыкі продажу і працэнт браніравання на вясновы і летні перыяды растуць, што ўсяляе надзею на паспяховае паўгоддзе. Што, несумненна, важна: цэны на санаторна-курортныя паслугі застануцца на прымальным узроўні з ростам не больш як 6 %.
Cанаторый «Азёрны» невыпадкова быў выбраны пляцоўкай для правядзення семінара. Установа прайшла значны шлях развіцця, пастаянна ўдасканальваючы матэрыяльна-тэхнічную і медыцынскую базы. Як расказаў намеснік дырэктара «Азёрнага» Віктар КУРАТЧЫК, у 2025 годзе ў санаторыі праходзілі рэканструкцыя і рэнавацыя жылога фонду. Былі поўнасцю зменены сістэмы ацяплення і водазабеспячэння, павялічана жылая плошча за кошт уключэння балконаў, а таксама абноўлена мэбля.
Акрамя таго, «Азёрны» актыўна прываблівае замежных турыстаў.
У 2025 годзе 25 % гасцей санаторыя былі нерэзідэнтамі, у асноўным з Расіі.
У рэгіёне праводзіцца сур’ёзная работа па дзіцячым аздараўленні, падкрэсліў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ПРАНЮК, які браў удзел у семінары.
— У летні перыяд і на канікулах шмат дзяцей з Гродзеншчыны маюць магчымасць аздаравіцца, наведаць прышкольныя, палатачныя і ваенна-патрыятычныя лагеры на базе ваенных часцей. Летась больш за 50 % школьнікаў атрымалі аздараўленне дзякуючы скарачэнню прамежкаў паміж зменамі ў лагерах і адкрыццю новых устаноў.
Гродзенская вобласць увогуле славіцца сваімі санаторыямі. Тут кожны можа знайсці нешта цікавае для сябе, атрымаць асалоду ад прыроды і набрацца сіл. Ствараюцца ўсе ўмовы для паўнацэннага адпачынку і аздараўлення дзяцей і дарослых, што дае магчымасць забяспечыць роўныя магчымасці для ўсіх і садзейнічае развіццю турызму ў рэгіёне. Пра гэта гавораць і вынікі нарады: Гродзенскае ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па выніках працы заняло першае месца, другое ўзяў сталічны рэгіён, а трэцяе — Брэсцкая вобласть.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ