Top.Mail.Ru

Ціхі подзвіг у імя жыцця. Ганаровых донараў крыві ўшаноўвалі ў Мінску

Нагрудныя знакі адрознення «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» уручылі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, паведамляе БелТА.



Перад урачыстай цырымоніяй дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка адзначыў, што «ганаровыя донары — героі нашага часу, героі нашай краіны». «Вы здзяйсняеце ціхі подзвіг. Вы ахвяруеце сваім часам. З вас пачынаецца ланцужок дабра», — сказаў ён.

Фёдар Карпенка заклікаў задумацца: штодня каля паўтары-дзвюх тысяч чалавек у Беларусі маюць патрэбу ў выратаванні жыцця праз донарства. Ён звярнуў увагу, што быць добрым, гуманным — у менталітэце сапраўдных беларусаў.

На цырымоніі было адзначана, што званне «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» — не проста радок у пасведчанні, гэта сведчанне найвышэйшай сацыяльнай адказнасці, глыбокага гуманізму і асабістага ўкладу ў здароўе нацыі. Гэта шлях, які патрабуе ўважлівасці. Здаць кроў 40 разоў ці яе кампаненты 80 разоў — гэта подзвіг, расцягнуты ў часе.

   

Загадчыца аддзялення камплектавання донараў крыві і яе кампанентаў РНПЦ Вольга Ждановіч расказала, што цырымонію ўручэння нагрудных знакаў адрознення «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» праводзяць двойчы на год. Гэтым разам ад Мінска і Мінскага раёна ў загад трапіла 352 донары, а па рэспубліцы — больш за 1,3 тыс. чалавек. 

На цырымоніі ў Мінску былі не толькі жыхары сталіцы і раёна, але таксама 17 чалавек з абласцей краіны.

«Праца па прыцягненні донараў не спыняецца. Мы стараемся прыцягваць новых донараў, асабліва моладзь. У кожнай установе адукацыі праходзяць лекцыі. Мы расказваем, навошта трэба донарства і наколькі яно карыснае. Студэнты прыцягваюцца да донарскага руху: праводзім акцыі, расказваем пра донарства ў сацсетках», — расказала Вольга Ждановіч.

Для атрымання нагруднага знака адрознення Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» донару неабходна не менш за 20 данацый крыві і 40 данацый плазмы, калі здача была бязвыплатнай, гэта значыць донар не браў ніякай кампенсацыі. Калі ён атрымлівае кампенсацыю на затраты энергетычных сіл і патрэб, атрымаць адпаведнае пасведчанне ён можа ў выпадку 40 данацый крыві ці 80 данацый кампанентаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю