Пра хваробу Арцёма яго мама Марына даведалася, калі хлопчыку было чатыры гады. Спачатку бацькі думалі, што сын проста адстае ў развіцці маўлення: ён гаварыў «на сваёй мове». Але неўролаг заўважыў слабасць мышцаў і накіраваў дзіця на абследаванне. Аналіз паказаў узровень крэатынкіназы ў 12 тысяч адзінак — перавышэнне нормы прыкладна ў 40 разоў. Генетычны тэст пацвердзіў страшны дыягназ: міядыстрафія Дзюшэна, рэдкае генетычнае захворванне, якое паступова разбурае мышцы.
Адзіным шанцам спыніць незваротны працэс стаў прэпарат «Элевідыс», які з’явіўся ў 2023 годзе. Спачатку яго ўводзілі толькі дзецям да пяці гадоў, але пасля зняцця ўзроставых абмежаванняў у Арцёма з’явілася надзея. Лекі не зарэгістраваныя ў Беларусі — лячэнне магчымае толькі за мяжой, і каштуе яно каля 2,9 млн долараў.
Сям’я збірала грошы больш за год. У верасні СМІ расказалі гісторыю Арцёма, і гэта дало магутны штуршок: у свой дзень нараджэння хлопчык атрымаў нечаканы падарунак — 1 мільён рублёў за суткі. А 16 кастрычніка адбылося тое, у што бацькі ўжо амаль перасталі верыць: дабрачынны рахунак папоўніўся на 5,5 млн рублёў. «Калі шчыра, мы спачатку нават не паверылі і не ведалі, што нам рабіць: хацелася адначасова і плакаць, і смяяцца. Эмоцыі перапаўнялі, бо гэта такі цуд!» — падзялілася Марына.
Хто менавіта перавёў гэтую суму — чалавек або арганізацыя — пакуль невядома. «Можа, з часам стане вядома, хто гэта. Але ў любым выпадку мы вельмі-вельмі ўдзячныя за гэты ўчынак!» — кажа мама Арцёма.
У бліжэйшы час сям’я плануе вывесці сабраныя сродкі і адправіцца ў Дубай, дзе хлопчыку павінны ўвесці неабходны прэпарат. Арцём вучыцца ў звычайнай школе, любіць футбол і, як прызнаецца мама, рэдка плача — стараецца жыць жыццём звычайнага чацвёртакласніка, нягледзячы на хваробу.
Ягор ЧУРЫК