Аграрыі Брэсцкай вобласці на сённяшні дзень, 14 кастрычніка, накапалі звыш 500 тысяч тон цукровых буракоў. Ураджайнасць салодкіх караняплодаў у паўднёва-заходнім рэгіёне пакуль не самая высокая — на ўзроўні 415 цэнтнераў з гектара. Усяго ж убрана 56 працэнтаў плошчаў, паведамляе SB.by.
У 2026 годзе на большай тэрыторыі Брэсцкай вобласці цукровыя буракі трапілі пад працяглую засуху, якая працягнулася і ў восеньскі перыяд. Таму ва ўраджайнасці культура дадала нязначна. Пачатыя ў канцы мінулага тыдня дажджы, магчыма, неяк паўплываюць на вынік на тых участках, дзе салодкі корань яшчэ не выкапаны. Ва ўсходніх і паўночных рэгіёнах аддача цалкам прыстойная — на ўзроўні 520–600 цэнтнераў з гектара.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў расказаў, што самая высокая ўраджайнасць цукровых буракоў у Баранавіцкім раёне — 611 цэнтнераў з гектара.
Ён адзначыў:
— У ляхавіцкіх гаспадарках яна складае 587 цэнтнераў з гектара. Як і ў Баранавіцкім раёне, дзе выкапана 47,7 працэнта плошчаў. У Пружанскім раёне ўбрана каля 41 працэнта цукровых буракоў, яго ўраджайнасць — на ўзроўні 524 цэнтнеры з гектара.
Анатоль Шчуплянкоў удакладніў, што цукрыстасць караняплодаў па вобласці дасягнула 16,57 працэнта. На буракапрыёмныя пункты вывезена 442,5 тысячы тон ураджаю, або 87,4 працэнта ад накапанага. Уборка ідзе ў адпаведнасці з графікам, узгодненым з перапрацоўшчыкам — ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод».