Якія праблемы хвалююць жыхароў сталіцы і з якімі прапановамі прыходзяць мінчане да дэпутатаў гарсавета? Ці лёгка народным выбраннікам знаходзіць агульную мову з людзьмі і вырашаць іх праблемныя пытанні? Якую ролю адыгралі дэпутаты сталіцы ў галоўнай грамадска-палітычнай падзеі краіны? Наколькі часта людзі сталі звяртацца да дэпутатаў не толькі са скаргамі, але і з ініцыятывамі па паляпшэнні жыцця горада? На гэта і не толькі карэспандэнту «Звязды» даў адказы старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран.
— Арцём Мікалаевіч, вядома, што 2024 год для многіх быў няпростым. Якім ён быў для дэпутатаў Мінгарсавета?
— З пачатку работы 29-га склікання мы дамовіліся, што дэпутаты будуць актыўныя па ўсіх кірунках жыццядзейнасці. Не павінна быць тэм, якія не былі б цікавыя дэпутату Мінгарсавета. Мы заўсёды зацікаўлены ва ўсім, што датычыцца насельніцтва сталіцы. Зыходзячы з гэтага, мы так і выбудоўвалі нашу работу на працягу 2024 года. Яе можна падзяліць на два вялікія блокі. Першы — работа дэпутата ў акрузе, другі — работа ў Мінгарсавеце. Гаворачы аб рабоце ў акрузе, мы перш за ўсё стварылі ўзаемадзеянне дэпутата з выбаршчыкам на працягу ўсяго месяца. Як правіла, у першы панядзелак месяца мы праводзім Адзіны дзень прыёму, у другую сераду месяца — Адзіны дзень дэпутата. У канцы трэцяга тыдня дэпутаты праводзяць прыёмы на базах ЖЭС і іншых устаноў, якія размешчаны ў іх выбарчых акругах. Чацвёрты тыдзень — гэта работа з выбаршчыкамі, правядзенне сустрэч з працоўнымі калектывамі і гэтак далей.
Зыходзячы з вышэйсказанага, атрымліваецца, што ўвесь месяц у нас разбіты па тыднях для кантактаў з выбаршчыкамі. Што гэта дае? У агульнай складанасці мы абагульняем ўсе пытанні, якія так ці інакш паступілі альбо да дэпутата, альбо да яго памочніка. Усяго за 2024 год мы атрымалі болей чым чатыры тысячы запытаў ад нашых выбаршчыкаў. Гэта больш за 1100 вусных або пісьмовых зваротаў, каля 850 пытанняў паступіла ў ходзе правядзення Адзіных дзён дэпутата, праведзена каля 600 прыёмаў грамадзян. У рамках работы нашых акруговых Саветаў было вырашана больш за 1800 ініцыятыўных пытанняў.
Калі разглядаць другі блок — работу дэпутатаў у Мінгарсавеце, — то гэта, у першую чаргу, актыўная работа нашых пастаянных камісій, выязныя пасяджэнні камісій; пасяджэнні, якія праводзяцца ў Мінгарсавеце, сесіі гарадскога Савета і семінары. Семінар — гэта мерапрыемства, якое праходзіць на базе нейкай установы або прадпрыемства з вывучэннем усёй сітуацыі ў галіне. Так, напрыклад, 20 снежня 2024 года пасля чарговай сесіі ў нас адбыўся семінар ва УП «Мінскводаканал». Яшчэ перад тым, як Мінск перайшоў на воду з падземных крыніц, нашы дэпутаты азнаёміліся з пытаннямі забеспячэння горада вадой, з водаадвядзеннем, каналізацыяй. Народныя выбраннікі дэталёва вывучылі працэс, азнаёміліся з работай лабараторыі, даведаліся, якім чынам адбываецца ацэнка якасці вады і пра многае іншае. Усяго пры новым скліканні адбыліся тры такія семінары. Мы дамовіліся, што і далей будзем інтэнсіўна знаёміцца з жыццём нашага горада.
— Якую ролю ў электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта краіны адыгралі дэпутаты Мінгарсавета?
— Дэпутат сам па сабе — гэта адзін з самых актыўных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў горадзе. Дэпутаты Мінгарсавета разумеюць, наколькі важна ўзаемадзейнічаць з грамадствам і нават у нейкай ступені ўплываць на меркаванне, якое складваецца ў насельніцтва, паказваючы добрыя асабістыя прыклады. Таму, вядома, не ўбаку засталося і наша скліканне падчас самай галоўнай грамадска-палітычнай падзеі — выбараў кіраўніка дзяржавы. Каля 30 дэпутатаў актыўна працавалі ўжо ў першую частку правядзення электаральнай кампаніі, уваходзілі ў склады ініцыятыўных груп некалькіх кандыдатаў у Прэзідэнты. Сваю актыўнасць дэпутаты пазначаюць і тым, што працавалі па зборы подпісаў, і, акрамя гэтага, многія дэпутаты ўваходзілі ў склад выбарчых камісій, выступалі ў якасці нацыянальных назіральнікаў дзеля таго, каб выбары ў нашай краіне прайшлі чыста, празрыста, сумленна і дэмакратычна.
Дарэчы, мы дамаўляліся з дэпутатамі аб павышэнні актыўнасці праз дадатковыя сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Мы бачым, наколькі запатрабаваныя нашы дэпутаты як спікеры, як прафесіяналы, як кампетэнтныя людзі ў гэтым пытанні. Што немалаважна, наш Маладзёжны савет пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў таксама праяўляў вялікую актыўнасць. Там ёсць шэраг прадстаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў рабоце ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Нам вельмі прыемна бачыць такую пазіцыю моладзі. Больш за тое, я не па чутках ведаю, што іх актыўна запрашаюць у маладзёжныя калектывы, ВНУ, школы. Маладыя людзі на сваёй мове, без удзелу дарослых даводзяць пазіцыю сапраўды сталага чалавека, які на самай справе разумее, наколькі важна выбарчая кампанія для нашай краіны; разумеюць неабходнасць зрабіць выбар на карысць нашых нацыянальных каштоўнасцяў.
— Арцём Мікалаевіч, усе дэпутаты Мінскага гарадскога Савета адначасова з’яўляюцца і дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Ці адчуваецца асаблівая адказнасць?
— Так, сапраўды, усе дэпутаты Мінгарсавета з’яўляюцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Мы праводзілі вялікую работу напярэдадні новага склікання і, што немалаважна, узялі актыўны ўдзел у растлумачэнні першых двух дакументаў, якія былі прынятыя на пасяджэнні УНС. Гэта Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Мы разумелі, што павінны пайсці да людзей, у свае калектывы. Як правіла, дэпутат — гэта прадстаўнік дастаткова вялікага калектыву або кіраўнік сацыяльнай установы. Такім чынам і быў ажыццяўлены значны ахоп калектываў для таго, каб данесці неабходную інфармацыю, важныя пасылы ад кіраўніка дзяржавы, якія патрабавалі дадатковай рэтрансляцыі да насельніцтва.
Дэпутаты Мінгарсавета — людзі аўтарытэтныя, да іх меркавання прыслухоўваюцца. І якраз такое сумяшчэнне на заканадаўчым узроўні дае дадатковы статус і магчымасць, пачуўшы ўсё з першых вуснаў, тут жа данесці людзям інфармацыю ўжывую, а не з экранаў. Пры гэтым мы разумеем, што нашы людзі вельмі ўважліва сочаць за меркаваннем экспертаў, нашых журналістаў, якія ацэньваюць тыя ці іншыя падзеі адразу або праз нейкі часавы прамежак, даючы параўнальную характарыстыку, альбо з улікам геапалітычнай сітуацыі абстаноўкі — гэта ўсё таксама патрабуе экспертнай ацэнкі. І вось тут роля дэпутата досыць вялікая, таму што мы ў гэтай рабоце таксама маем свой кантынгент, свой электарат, які чуе і давярае дэпутату. Карыстацца гэтым, вядома, мы павінны і абавязаны. Адсюль і гонар за нашых народных выбраннікаў.
— Напрыканцы 2024 года, падчас выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі, Наталля Качанава адзначыла, што дзякуючы добрасумленнай работы сталічных улад і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у галіне правядзення прыёмаў грамадзян працэнт зваротаў у Савет Рэспублікі паменшыўся. Раскажыце, з чым, па-вашаму, звязана такая дынаміка? У чым асаблівасць вашых падыходаў да работы са зваротамі грамадзян?
— Я ўспрыняў словы Старшыні Савета Рэспублікі як кіраўніцтва да далейшага дзеяння. Па вялікім рахунку мы гэтую работу ў новым скліканні толькі пачалі, толькі паставілі на патрэбныя рэйкі. Гэта вал пытанняў, якія так ці інакш вырашаюцца, маюць два кірункі. Альбо гэта тлумачэнне і магчымасць проста пагутарыць з чалавекам, у якога пытанне ўжо разгледжана на ўзроўні Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, таго ж Савета Рэспублікі, і тады грамадзянін патрабуе нейкага дадатковага тлумачэння ў той бядзе, з якой ён сутыкнуўся. Альбо ж гэта пытанне, якое развязваецца на ўзроўні мясцовай улады — няхай гэта будзе аператыўна, альбо проста яго трэба запланаваць і паставіць на фінансаванне. Таму той пасыл, які атрымалі ад Наталлі Іванаўны, мы ўспрынялі як кіраўніцтва да актывізацыі сваёй дзейнасці.
З новага — былі ўнесены змены, якія датычацца арганізацыі прыёмаў. Была наладжана сістэма работы, якая дазволіць грамадзяніну, не чакаючы прыёмаў, запісаў, чэргаў да пэўнага роду кіраўнікоў, аператыўна вырашыць сваё пытанне. Мы, дэпутаты, выходзім на кантакт з першасным звяном кіраўнікоў на месцах. Гэта дазваляе вельмі хутка вырашаць тыя ці іншыя пытанні. Новым з’яўляецца і тое, што ў рабоце дэпутатаў, у тым ліку на заканадаўчым узроўні (гэта змяненне ўжо зафіксавана ў Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні)», запрацаваў тэрытарыльны акруговы Савет, так званы ТАС, у які, акрамя дэпутата, уваходзіць шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. І сумесна з імі ў нас ёсць магчымасць вырашыць нейкае пытанне ад выбаршчыкаў на перспектыву. Гэта і пытанні добраўпарадкавання, пытанні прыцягнення сродкаў для стварэння дадатковых умоў у азялененых зонах, тэрыторыях горада і існых пляцоўках.
Агульную тэматыку зваротаў мы выразна адсочваем. Крыху менш за чацвёртую частку ад агульнай колькасці зваротаў складае сфера ЖКГ. Калі разглядаць пытанні, якія агучваюцца на адзіных днях дэпутата, тэма ЖКГ складае крыху менш за 80 % ад агульнай колькасці, а пры рабоце ў ТАСах гэтая тэматыка складае каля 85 %. Чаму так адбываецца? Таму што гэта ініцыятыва, якая ідзе непасрэдна ад нас, дэпутатаў. Мы ўвесь час цікавімся, што турбуе мінчан на цяперашні момант. І тут жа чалавек кажа: «Усё добра, але...» І вось гэтае «але» часта, можа быць, і не з’яўляецца пытаннем жыццезабеспячэння, якое павінна ў гэтую ж хвіліну вырашыцца. У даным выпадку гэта «але» звязана з тым, што, напрыклад, нядрэнна было б замяніць дзіцячае абсталяванне, як гэта зрабілі на пляцоўцы ў суседнім двары. Вось такія пытанні назапашваем.
Гэтыя пытанні — на апераджэнне. Тобок мы ведаем, што ў нейкім доме ёсць патрэба да дадатковага спартыўнага абсталявання. Так, людзі ходзяць займацца на школьны стадыён, аднак для гэтага неабходна прайсці некалькі кварталаў. А жыхарам хацелася б стварыць нейкую дадатковую ўтульнасць і ў сваім двары. Акрамя таго, людзі гатовыя за гэта плаціць. Такі парадак прадугледжаны законам, і мы яго таксама ў 2024 годзе пачалі актыўна ўжываць. Пры гэтым 10 % ад агульнага кошту павінна быць кампенсавана за кошт насельніцтва. І тут, вядома, людзі не хочуць плаціць за нейкі двор дзесьці там праз два кварталы. Яны хочуць навесці прыгажосць у сябе ў двары, каб затым і сачыць за гэтым, што для іх вельмі важна. І для нас гэта перспектыўна тым, што грамадзяне асабіста прапануюць і ідуць на такія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне свайго месца пражывання, двара і гэтак далей.
— Якія задачы ставіце для дэпутацкага корпуса на найбліжэйшую будучыню?
— У нашай краіне выбудавана сістэма работы органаў грамадскага самакіравання пачынаючы ад індывідуальных. У асноўным мы бачым пабудаваную работу старастаў вёсак у рэгіёнах. На ўзроўні горада так званыя старэйшыя па дамах, на жаль, не могуць з’яўляцца індывідуальнымі органамі самакіравання, таму што ў Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» прапісана: існаваць можа толькі адзін орган самакіравання на пэўнай тэрыторыі. А мы бачым тут якраз структуру такім чынам, што пачынаць трэба ад аднаасобных старэйшых па доме або па двары. Далей гэта павінна пераходзіць ужо больш у абагульненую структуру — калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, так званы КОТГС. Над ім павінен стаяць Савет, што аб’ядноўвае ўсю акругу, — тэрытарыяльны акруговы Савет (ТАС). Калі гэтую сістэму створым у такім выглядзе, і пад гэта, можа быць, і трэба будзе змяніць заканадаўства — тады мы будзем казаць аб выбудаванай вертыкалі грамадскага самакіравання, якая дзейнічае ў горадзе, і каардынаваць гэта ўсё будуць дэпутаты Мінгарсавета. Гэта, вядома, і ўзаемадзеянне з выканаўчай уладай, таму што адміністрацыі раёнаў у любым выпадку будуць з дэпутатам і жыллёва-камунальнымі службамі. На такім кароткім шляху для вырашэння пытанняў нам не трэба будзе падымацца да ўзроўню Мінгарвыканкама, гарадскіх службаў і гэтак далей.
Мы для сябе ставім задачу, каб гэтая сістэма працавала на ўзроўні горада, каб усё было на законным узроўні, каб тут улічваліся ўсе рэчы. Гэта тая стратэгічная задача, да якой будзем рухацца. Але ёсць і тактычная задача. У нас зацверджаны парадак работы з наказамі, якія атрымалі дэпутаты ў ходзе выбарчай кампаніі, — праграма рэалізацыі наказаў выбаршчыкаў, атрыманых у ходзе выбарчай кампаніі 2024 года. Гэта рашэнне сесіі, яно абавязковае для выканання. Мы пад гэтае рашэнне і плануем нашы асноўныя фінансавыя праграмы. Гэта праграма капітальнага рамонту аб’ектаў жылля, сацыяльных устаноў і гэтак далей. І адпаведна, мы назіраем за выкананнем гэтай задачы. Перспектывы і планы, папершае, будуем такім чынам, каб дэпутат быў уцягнуты у работу сваёй акругі на пастаяннай аснове. Па-другое, на ўзроўні ўжо Мінгарсавета мы і далей працягнем вырашаць тыя пытанні, якія найбольш хвалююць наша насельніцтва.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД