Top.Mail.Ru

ЦВК Беларусі на выбарах у Дзярждуму РФ цікавіў расійскі электаральны вопыт — Карпенка

Цэнтрвыбаркам Беларусі на выбарах у Дзярждуму РФ цікавіў расійскі электаральны вопыт. Аб гэтым паведаміў кіраўнік ЦВК Беларусі Ігар Карпенка на брыфінгу ў ЦВК Расіі па выніках расійскай парламенцкай выбарчай кампаніі, перадае БелТА.


«Беларусь накіравала прадстаўнічую дэлегацыю для міжнароднага назірання за выбарамі дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі. Гэта парламентарыі, арганізатары выбараў, эксперты, дыпламаты, якія назіралі за выбарамі ў розных рэгіёнах краіны, а таксама на сямі выбарчых участках, што былі створаны ў Рэспубліцы Беларусь. ЦВК Беларусі традыцыйна таксама прымае ўдзел у міжнародным назіранні. Гэта абумоўлена як нашымі дружалюбнымі адносінамі і двухбаковым стратэгічным партнёрствам, так і тым, што мы спрабуем вывучаць пазітыўны вопыт нашых калег у арганізацыі выбараў», — сказаў Ігар Карпенка.

Ён паведаміў, што ў рамках выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Дзярждумы прадстаўнікі ЦВК Беларусі прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, дзе абмяняліся электаральным вопытам, а таксама правялі двухбаковыя перагаворы па пытанні рэалізацыі выбарчых правоў грамадзян Беларусі і Расіі на ўдзел у выбарах у мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады. «Праведзеная выбарчая кампанія ў Расіі намі ўспрымалася і як пляцоўка па вывучэнні электаральнага вопыту. Сапраўды, выбары паказалі маштабную работу Цэнтральнай выбарчай камісіі, тэрытарыяльных камісій, участковых, іншых дзяржаўных органаў па прававой асвеце грамадзян у галіне выбарчага права і тэхналогій, па выкарыстанні лічбавых механізмаў кіравання выбарчым працэсам, а таксама выкарыстанне сучасных тэхналогій у развіцці выбарчай сістэмы Расійскай Федэрацыі», — сказаў старшыня ЦВК Беларусі.

Паводле яго слоў, прадстаўнікі ЦВК Беларусі працавалі як у складзе місій СНД і ШАС, так і як самастойныя эксперты. «Я асабіста наведаў 7 выбарчых участкаў у Маскве, 8 участкаў у Маскоўскай вобласці, — удакладніў Ігар Карпенка. — Хачу адзначыць адкрытасць і добразычлівасць членаў участковых камісій, іх высокі ўзровень падрыхтаванасці».

«Для нас асабліва быў цікавы вопыт Расійскай Федэрацыі па выкарыстанні патэнцыялу электаральных валанцёраў, з якімі мне ўдалося паразмаўляць на выбарчых участках. Мы ў Беларусі цяпер падышлі да таго, што плануем прававое рэгуляванне дзейнасці такіх валанцёраў, таму гэта ўзаемадзеянне было асабліва для нас карысна», — адзначыў ён.

На думку кіраўніка ЦВК Беларусі, выбары ў Расіі прайшлі арганізавана, канкурэнтна, адкрыта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю