Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў на мінулым тыдні Указ «Аб забеспячэнні выплаты заработнай платы і ўзнагароджанняў». Якія навацыі ён нясе і для каго?
Як паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, у адпаведнасці з дакументам Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы надзяляецца правам вынясення абавязковых для выканання патрабаванняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства пры выяўленні фактаў нявыплаты (няпоўнай выплаты) ва ўстаноўлены тэрмін не толькі заработнай платы, але і ўзнагароджанняў па грамадзянска-прававых дагаворах.
Пры невыкананні суб’ектамі гаспадарання дадзеных патрабаванняў спагнанне такіх выплат ажыццяўляецца ў пазасудовым парадку. Дэпартамент дзяржінспекцыі працы падае ў органы прымусовага выканання прадстаўленне аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ў інтарэсах грамадзяніна.
Акрамя таго, для павышэння сацыяльнай абароненасці работнікаў указам павялічваецца памер пазачарговых плацяжоў, якія ўтрымліваюцца з наймальнікаў у кошт пагашэння запазычанасці па выплаце заработнай платы, — з 1,5 да 3 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
Больш падрабязна аб навацыях указа расказалі ў Мінпрацы і сацабароны.
— Галоўная мэта — зрабіць так, каб грошы за працу людзі атрымлівалі своечасова і без судоў, — акцэнтавалі ў ведамстве. — Механізм ужо працуе з 2023 года, цяпер яго ўзмацнілі і распаўсюдзілі на тых, хто працуе па дагаворах падраду.
Па-першае, «падрадчыкі» абаронены гэтак жа, як і штатныя работнікі.
З красавіка 2023 года дзейнічаў Указ № 3. Коратка пра яго сутнасць: калі наймальнік затрымлівае заробак, Дэпартамент дзяржінспекцыі працы сам запытвае дакументы, правярае і выдае патрабаванне. Не выканаў — доўг спаганяюць прыставы.
Дарэчы, у выніку за час дзеяння гэтага ўказа 26 тысяч работнікаў атрымалі затрыманы заробак на агульную суму 68 мільёнаў рублёў.
Але механізм не распаўсюджваўся на тых, хто працуе па дагаворах падраду, а гэта сотні тысяч чалавек. У Мінпрацы адзначылі, што толькі ў 2025 годзе такім чынам працавала звыш 650 тысяч чалавек.
Цяпер механізм стаў адзіным: падрадчыкі абаронены гэтак жа, як і штатныя работнікі. Ніякіх судоў — толькі зварот у дзяржінспекцыю працы.
Па-другое, у дагаворы падраду з’явіцца канкрэтны тэрмін выплаты. Каб механізм працаваў дакладна, уносяцца змены ва Указ № 314. Цяпер абавязковая ўмова любога дагавора падраду — канкрэтны тэрмін выплаты ўзнагароджання.
Трэцяя навацыя: раней спосаб выяўлення ўплываў на абарону. Цяпер — не. Так, напрыклад, калі парушэнне знаходзілі па дакументах, то Дэпартамент дзяржінспекцыі працы выдаваў патрабаванне, пры невыкананні падключаліся прыставы. А калі парушэнне знаходзілі ў ходзе праверкі, то прыставы ўжо не дапамагалі, толькі суд і штраф на службовую асобу.
Цяпер спосаб выяўлення не важны. Не выканаў патрабаванне аб ліквідацыі доўгу — следам запускаецца выканаўчая вытворчасць.
І яшчэ адна навацыя. Калі рахунак арганізацыі арыштаваны, работнік атрымае больш. Цяпер пры арышце рахункаў наймальнік можа атрымаць дазвол на выплату заробку, але не больш за 1,5 БПМ на работніка — гэта 802 рублі. Паводле новага ўказа гэта сума складзе да 3 БПМ, або 1605 рублёў (каля 60 % ад сярэдняга заробку).
Як дадалі ў Мінпрацы, усе нормы ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа, гэта значыць, у маі 2026 года.