Літоўскія грузаперавозчыкі правялі ў Вільнюсе акцыю пратэсту супраць закрыцця пагранпераходаў з Беларуссю, паведамляе БелТА.
Прадстаўнікі розных кампаній жадаюць паказаць сваім уладам, што ў краіне ёсць легальны бізнэс, які з закрыццём граніц нясе страты. Да акцыі далучыліся каля двух дзясяткаў грузаперавозчыкаў, за рулём якіх знаходзяцца гаспадары фірм. Машыны ўпрыгожылі паветранымі шарыкамі.
«Гэта наглядная дэманстрацыя літоўскім уладам, што ёсць паветраныя шарыкі, а ёсць рэальныя людзі», — сказаў кіраўнік транспартна-лагістычнай кампаніі «Келрува» Віталь Гігевіч. Удзельнікі заклікаюць улады не толькі вярнуць сваіх грамадзян дадому, але і адкрыць граніцу, каб можна было зноў спакойна працаваць, атрымліваць прыбытак, плаціць падаткі тым самым папаўняць бюджэт.
Гэта мірная акцыя, падкрэсліў Віталь Гігевіч: «Мы сустрэліся, каб абмеркаваць планы, падтрымаць адно аднаго. Бо падтрымкі ад літоўскіх уладаў няма». На думку пратэстуючых, спыніўшы работу пагранпераходаў, літоўскія ўлады падтрымалі кантрабандыстаў, але не законапаслухмяных грамадзян, якія плацяць падаткі і працягваюць іх плаціць нават пры адсутнасці работы.