Транспартны крызіс у Польшчы з сітуацыйнага паступова перарастае ў сістэмны. Улады з апошніх адміністрацыйных і фінансавых сіл стрымліваюць паліўную інфляцыю, якая хоць і запаволілася, але дрэнна ўплывае на самаадчуванне ўладальнікаў аўтамабіляў і перавозчыкаў. А наперадзе маячыць чыгуначны крызіс. У найбліжэйшыя два-тры гады каля ста цягнікоў на рэгіянальных лініях запатрабуюць капітальнага рамонту. А крыніцы фінансавання пакуль не праглядаюцца.
Высокая мабільнасць — адно з дасягненняў і неабходных опцый сучаснага свету. Але ў Польшчы яна становіцца ўсё больш дарагой. Услед за бензінам і дызелем імкліва стала даражэць газаматорнае паліва. Яго нібыта забыліся ўключыць ва ўрадавую праграму стрымлівання цэн. Адпаведна, кошт на звадкаваны прапан-бутан на запраўках рэзка вырас. Калі летась увосень кошт літра такога паліва складаў каля 2,7 злотага (крыху больш за долар), то ў лістападзе яго цана даходзіла да 4,3 злотага (амаль 1,8 долара). Паколькі на гэты від паліва цэнаўтварэнне свабоднае, то валатыльнасць на запраўках вельмі істотная: можа змяняцца адразу на 10-20 %.
Уласна кажучы, попыт на прапан-бутан залежыць не толькі ад аўтамабілістаў і іх запатрабаванняў, але і ад цэлага шэрагу іншых абставін, якія да аўтатранспарту непасрэднага дачынення не маюць. Па-першае, заканчваюць сельскагаспадарчы сезон фермеры, і звадкаваны газ актыўна выкарыстоўваецца ў зернесушылках. Па-другое, з прычыны агульнасусветнага паліўнага крызісу пастаўкі прапан-бутану (а яго ў асноўным Польшча імпартуе) адбываюцца ў рваным рытме. Па-трэцяе, дрэнныя ўмовы надвор’я на Балтыцы робяць лагістыку яшчэ больш непрадказальнай.
Між тым газаматорнае паліва не з’яўляецца сацыяльна значным толькі фармальна. З 8 мільёнаў машын у Еўропе на гэтым відзе цягі на Польшчу прыпадае больш за 2,5 мільёна актыўных транспартных сродкаў. Зарэгістравана — каля 3,5 мільёна, але каля мільёна з іх наўрад ці на хаду, паколькі яны не прайшлі тэхагляду ці на іх не аформлена страхоўка. На машыны на газаматорным паліве прыпадае каля 12-13 % польскага аўтапарку. І ўладальнікі такіх машын, мякка кажучы, знаходзяцца ў раздражненні з-за цэнавых змен.
Але на фоне падаражання ўтрымання і эксплуатацыі асабістага транспарту адбываюцца не самыя дабратворныя працэсы ў сегменце грамадскіх перавозак. З аднаго боку, польскія ўлады анансуюць маштабныя праграмы па будаўніцтве хуткасных магістраляў, якія павінны зрабіць падарожжа ўнутры краіны хуткім і камфортным. Да 2035 года плануецца ўзвесці амаль 800 кіламетраў высакахуткасных дарог, мадэрнізаваць варшаўскі чыгуначны вузел, павялічыць яго прапускны паток. Добрыя намеры вельмі ёмістыя па ўкладанні капіталу. Але гэта — дасягненні будучых перыядаў. Тым больш пакуль абмяркоўваюцца толькі канцэпцыі, а да рэальных работ справа яшчэ не дайшла.
Цяпер выспявае іншая праблема: на чым ездзіць па існуючых чыгуначных пуцях.
У найбліжэйшыя два-тры гады на рамонт неабходна паставіць да 100 адзінак рухомага саставу, які курсіруе на мясцовых лініях. Толькі ў Велікапольскім ваяводстве неабходна ў найбліжэйшы час паставіць на рамонт 22 электрычкі.
Фінансаванне мяркуецца з мясцовых бюджэтаў, для якіх гэта вельмі значная нагрузка. Нельга выключаць, што нават непад’ёмная.
Пік абнаўлення рухомага саставу на мясцовых лініях прыпаў на 2013–2015 гады, калі на гэтыя мэты шчодрыя траншы выдзяляў Еўрасаюз. Трэба адзначыць, што саставы вельмі сучасныя, хуткасныя і камфортныя. Але для іх далейшай эксплуатацыі ў заяўленых вытворцамі рэжымах неабходны капітальны рамонт прыблізна праз 15 гадоў эксплуатацыі. Працэдура гэта не самая хуткая і дастаткова дарагая: абыходзіцца ў 2-2,5 мільёна злотых для саставу (каля 800 тыс. — мільёна долараў у эквіваленце). Цягнік разбіраюць, тэсціруюць усе вузлы і агрэгаты, некаторыя мяняюць. Прычым частка з іх пастаўляецца толькі пад заказ і час чакання можа займаць ад некалькіх месяцаў да года.
Тэрмін эксплуатацыі саставаў няўмольна падыходзіць да заканчэння, а мясцовыя ўлады, на плечы якіх кладзецца гэта праблема, пакуль не спяшаюцца аб’яўляць тэндары. Профільныя эксперты сцвярджаюць: калі ўсе ваяводствы вырашаць рабіць рамонт у апошнюю хвіліну і разам, то сэрвісныя кампаніі могуць не справіцца з такімі заказамі — частка рухомага саставу проста будзе стаяць у чарзе. Іншымі словамі, існуе рызыка, што ў найбліжэйшыя год-два колькасць сучасных электрычак на мясцовых лініях у Польшчы скароціцца. Адпаведна, зменшыцца і даступнасць мабільнасці для насельніцтва. Факт не толькі сацыяльны, але і эканамічны: сучасныя агламерацыі ў сваіх бізнес-працэсах заточаныя пад высокую і даступную для насельніцтва мабільнасць. Праўда, усе негатыўныя эфекты выявяцца не адразу. Але і выправіць іх у адзін час не атрымаецца.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ