Да сённяшняга дня дзейнасць Таварыства перасоўных мастацкіх выставак выклікае цікавасць навуковай супольнасці ды шырокага кола гледачоў. Варта толькі зазірнуць у адпаведныя залы Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу ці Траццякоўскай галерэі ў Маскве, каб адчуць, наколькі моцна творчасць тагачасных мастакоў уздзейнічае на нашага сучасніка...
Што ўжо казаць пра творцаў — яны, як правіла, вывучаюць гісторыю мастацтваў і робяць свае высновы аб тым, які ўплыў маюць той ці іншы кірунак, пэўная плынь, чым можна натхніцца і што запазычыць. Пра гэта ёсць асаблівая нагода паразважаць падчас знаёмства з 100-й выстаўкай мастацкага аб’яднання «Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. ХХІ стагоддзе (Санкт-Пецярбург)». У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі экспазіцыя была ўрачыста адкрыта ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і будзе знаходзіцца там да 25 красавіка.
«Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. XXI стагоддзе» створана ў 2005 годзе ў Санкт-Пецярбургу з мэтай адрадзіць і працягнуць найлепшыя традыцыі рускага мастацтва, вядомыя па творах перадзвіжнікаў менавіта пазамінулага стагоддзя (найбуйнейшая творчая суполка парэформеннай эпохі Расіі існавала да 1923 года). Аднак цяперашнія ўдзельнікі мастацкага аб’яднання, быццам уступаючы ў дыялог з папярэднікамі, разам з рэалістычным падыходам да мастацтва прапануюць таксама іншыя мастацкія канцэпцыі.
Праект у галерэі «Лабірынт» знаёміць з некалькімі дзясяткамі работ графікаў, жывапісцаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўнага мастацтва, якія ў сваёй творчасці імкнуцца абапірацца на агульную традыцыю і прынцыпы, што адпавядаюць Статуту Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. Куратар экспазіцыі — кіраўнік суполкі Валерый Выбаржанін.
Памкненні мастакоў, чые творы экспануюцца ў Мінску, вызначаюць пільная ўвага да штодзённасці і яе драбніц, удумлівае стаўленне да асобы, любоў да родных пейзажаў і далёкіх ад бацькаўшчыны краявідаў (гэты жанр, відаць, самы ўпадабаны ўдзельнікамі выстаўкі). Між іншым, калі для карцін перадзвіжнікаў XIX стагоддзя былі характэрныя найперш абвостраны псіхалагізм, сацыяльная накіраванасць, а галоўнае, трагічны погляд на рэчаіснасць, то сённяшнія аўтары пазіраюць на навакольны свет, на жыццё сучасніка часцей з асцярожным аптымізмам, з удзячнасцю да мінулага і надзеяй на будучыню. Напрыклад, пейзаж Ігара Пятрова «Сена (Чырвоныя мачты)» (2012) меў усе перпектывы стаць работай, у якой уздымаюцца праблемы густанаселенага горада, адлюстроўваецца вірлівае жыццё порта, аднак перад гледачом — тыповы гарадскі пейзаж: з яго дапамогай мастак паказаў спакой і веліч горада, у які заўсёды будуць вяртацца караблі... Тым часам Кірыл Аланэ ў творы «Снягі Пецярбурга» (2019) здолеў выявіць паўночную сталіцу Расіі, традыцыйна змрочную і непрытульную зімою, прыветлівай і напоўненай унутраным святлом, а Дзмітрый Кузняцоў нават у індустрыяльным пейзажы «Трамвай на заводскай ускраіне» (2023) звярнуўся да гледачоў з цёплай згадкай аб радзіме.
Некаторыя аўтары толькі намякаюць аб трагедыі, якая знаходзіцца ў сюжэце, а іншыя звяртаюцца да гэтай тэмы адкрыта: шэраг твораў прысвечаны ваенным падзеям. Яны, дарэчы, рознахарактарныя, чаму паспрыяў у тым ліку выбар мастакамі розных эпох. Напрыклад, Ігар Курчынскі ў фрагменце палатна, над якім працаваў у 2024 годзе, адлюстраваў бітву пры Моладзях 1572 года, Аляксандр Саплін у карціне «Бацькоўскае благаславенне ў народнае апалчэнне. 1812 год» (2012) звярнуўся да падзей Айчыннай вайны 1812 года паміж Расійскай імперыяй і напалеонаўскай Францыяй, а Вікторыя Самсонава занатавала свае пачуцці ў творы «Пад гукі метранома. Блакада» (2024), дзе гаворка ідзе ўжо аб Вялікай Айчыннай.
Фота аўтара