Пра героеў абароны Брэсцкай крэпасці і нашых сучаснікаў расказвае новая кінастужка «Цытадэль». Прэм’ерны паказ гэтага поўнаметражнага дакументальнага фільма, створанага вядомым рэжысёрам Аляксеем Нікуліным, арганізавала ў Мінскім кінатэатры «Перамога» Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь.
22 чэрвеня 1941 года воіны розных нацыянальнасцяў сталі абаронцамі легендарнай Брэсцкай крэпасці, сярод іх быў Касым Жарменаў. Фільм расказвае пра асабісты лёс гэтага маладога казаха і пра актуальныя ва ўсе часы агульначалавечыя каштоўнасці. На прыкладзе ўнука і праўнука Касыма Жарменава, якія ў нашы дні здзейсняюць падарожжа з Казахстана ў крэпасць-герой Брэст, кінастужка запрашае гледачоў у пазнавальнае, багатае для роздуму падарожжа праз час.
.jpg)
Ад першага дня абаронцаў легендарнай цытадэлі над Бугам, праз неверагодна цяжкія выпрабаванні ваеннага ліхалецця прайшоў галоўны герой фільма, зведаў жахі фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера, змагаўся ў радах партызанаў на тэрыторыі Чэхаславакіі. У мірныя гады ён вярнуўся на родную зямлю, працаваў педагогам. Жыццё Касыма Жарменава стала прыкладам для ўсіх, дзеля каго людзі розных нацыянальнасцяў змагаліся супраць захопнікаў і заваявалі вялікую Перамогу.
Кранальна гучаць з экрана маналогі ўнука і праўнука воіна-абаронцы цытадэлі. Іх словы суправаджаюць па-майстэрску знятыя дакументальныя кадры: першыя крокі па зямлі, дзе ішлі баі супраць захопнікаў, знаходка на сцяне крэпасці надрапанага ў далёкія гады імя іх продка Касым...
Пасля паказа кінастужкі гледачы доўга не адпускалі з залы галоўных прадстаўнікоў аўтарскага калектыву, да іх было шмат пытанняў, быў абмен думкамі. Асабліва цікавым стала выступленне прафесара Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта Лайлы Ахметавай, якая на працягу амаль шасцідзесяці гадоў вядзе няспынную валанцёрскую працу, наведвае Брэсцкую крэпасць-герой і працуе ў яе архівах.

Прэм'ера фільма ўжо адбылася ў Казахстане і Расіі, там дакументальная стужка выклікала вялікую цікавасць асабліва ў маладзёжнай аўдыторыі. Нядаўна з фільмам пазнаёміліся і гледачы Брэста.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара