Цюменская вобласць мае намер пераняць беларускі вопыт у сферы сельскай гаспадаркі. Пра гэта заявіў журналістам намеснік губернатара Цюменскай вобласці Уладзімір Чэйметаў, паведаміла БелТА.
«Падставай для візіту нашай дэлегацыі паслужыла выстава „Белагра“. Прыехалі нашы сельскагаспадарчыя таваравытворцы, прадстаўнікі аграрнай сферы. Хачу адзначыць, што быў прыемна здзіўлены тым зменам, якія адбыліся ў працы гэтага грандыёзнага форуму. „Белагра“ — сучасная сур’ёзная індустрыяльная пляцоўка, якая прыцягвае дэлегацыі з розных краін свету. Нам цікавая ваша праца з глебамі, узбагачаныя грунты, павышэнне ўрадлівасці, увогуле культура земляробства. Хочам пераняць вопыт нашых беларускіх партнёраў, каб торф, якім Цюменская вобласць таксама славіцца ў каласальных аб’ёмах, таксама паставіць на службу аграпрамысловаму комплексу. Акрамя таго, інвестар, які разам з намі закладвае сады ў Цюменскай вобласці, учора наведаў прадпрыемства, якое мае вялікія плошчы садоў. На працягу цэлага дня прадметна з тэхнолагам у полі вывучаў, як даглядаць за садамі, як размяшчаць іх. Наш дылер па пастаўцы прадукцыі Пецярбургскага трактарнага завода, не маючы ў сваёй лінейцы камбайнавага парку, плануе ўсталяваць партнёрскія, дылерскія адносіны з вытворцамі ў Беларусі, каб тэхніку пастаўляць і абслугоўваць на тэрыторыі Цюменскай вобласці», — сказаў Уладзімір Чэйметаў.
Паводле яго слоў, за апошні час заключаны кантракты на пастаўку ў Цюменскую вобласць беларускай дарожнай, камунальнай тэхнікі, спецыялізаванага транспарту. Традыцыйна рэгіён цікавяць трактары МТЗ, грузавікі МАЗ.
Сёння ў Мінску прайшло сумеснае пасяджэнне Рабочай групы па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Цюменскай вобласцю. «Прыемна, што з года ў год, з візіту ў візіт мы знаходзім усё новыя і новыя пункты супрацоўніцтва, сумеснага ўзаемавыгаднага партнёрства. Упэўнены, гэтая праца будзе працягвацца. Пасяджэнне Рабочай групы дасць дадатковы штуршок развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», — адзначыў намеснік губернатара Цюменскай вобласці.