Паводле інфармацыі Белгідрамета, туман, які згусціўся на большай частцы краіны, пратрымаецца да вечара нядзелі, ноччу і раніцай у панядзелак, бачнасць складзе 100-500 м. У МУС нагадалі аб мерах бяспекі пры тумане, паведамляе БелТА.
У шчыльным тумане, у сырое і пахмурнае надвор’е пагаршаецца бачнасць і стан праезнай часткі, скажаецца ўспрыманне адлегласцяў, падкрэслілі ў міліцэйскім ведамстве. У такіх умовах варта выбіраць найбольш бяспечную хуткасць, якая дазволіць спыніцца ў межах бачнасці. У моцным тумане яна можа складаць і 20 км/г. Таксама варта павялічыць дыстанцыю ў паўтара-два разы больш звычайнай. «Уключыце блізкае святло, пярэднія і заднія процітуманыя фары. Далёкае святло не выкарыстоўвайце, каб пазбегнуць самааслеплення», — рэкамендавалі ў МУС.
Неабходна ўлічваць, што вільготнасць паветра ў спалучэнні з нізкай тэмпературай нават без ападкаў можа прывесці да галалёдзіцы. Ня трэба здзяйсняць рэзкіх тармажэнняў, перастраенняў і абгонаў. Важна павысіць пільнасць пры праездзе пераходаў і скрыжаванняў.
«У вельмі густым тумане, калі бачнасць стала вельмі дрэннай, знайдзіце бяспечнае месца для поўнага прыпынку. Уключыце аварыйную светлавую сігналізацыю і пакіньце праезную частку. Будзьце прадказальныя: выкарыстоўвайце светлавыя і ў выпадку неабходнасці гукавыя сігналы пры любых манеўрах», — параілі аўтамабілістам у МУС.
Пешаходам неабходна пераходзіць дарогу толькі ва ўстаноўленых месцах, пераканаўшыся, што іх бачаць кіроўцы і прапускаюць. Абавязкова выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы.