Якія пытанні абмеркавалі Прэм’ер-міністр Беларусі і губернатар Санкт-Пецярбурга.
У панядзелак Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын абмеркаваў з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым найважнейшыя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва. Кіраўнік беларускага ўрада перш за ўсё спыніўся на прыярытэтах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва: прамысловым супрацоўніцтве, тавараабароце, пастаўцы харчавання і развіцці турыстычнай сферы.
Санкт-Пецярбург — адзін з ключавых партнёраў нашай краіны, адзначыў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын: «Мы на самай справе ўдзячныя за вашу дапамогу, за падтрымку ў рэалізацыі многіх нашых сумесных праектаў. І я ўпэўнены, што ў далейшым наша работа будзе будавацца менавіта такім чынам. Асабліва радуе тое, што менавіта прамысловая кааперацыя, прамысловае супрацоўніцтва ляжыць у аснове росту нашага тавараабароту — пастаўкі беларускай тэхнікі, сумесныя праекты. Мне здаецца, што за гэтымі рэчамі ў нас ёсць сур’ёзныя перспектывы.
Кіраўнік беларускага ўрада таксама звярнуў увагу на тое, што пастаўкі беларускага харчавання ў Санкт-Пецярбург на працягу многіх гадоў з’яўляюцца ключавым напрамкам супрацоўніцтва: «Я з задавальненнем адзначаю, што гэтая дынаміка не зніжаецца, а, наадварот, прырастае».
Яшчэ адзін ключавы напрамак, на якім акцэнтаваў увагу беларускі Прэм’ер — развіццё турыстычнай сферы. «Санкт-Пецярбург — жамчужына не толькі Расійскай Федэрацыі, але і ўсяго свету. Я сам стараюся наведваць гэты горад па меры магчымасці. Кожны раз прыязджаючы, адкрываеш для сябе нешта новае ў гэтым выдатным горадзе. Таму, думаю, узаемны турыстычны абмен будзе таксама вельмі цікавым напрамкам супрацоўніцтва».
Інтэграцыя паміж вытворчасцямі Беларусі і Санкт-Пецярбурга — гэта аснова канкурэнтаздольнасці сумеснай прадукцыі, заявіў губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў: «Гэта не проста ўзаемадзеянне па тыпу „купіў — прадаў або паставіў“, а інтэграцыя нашай прамысловасці, аховы здароўя, навукі, адукацыі і многіх іншых сфер. У гэтым выпадку мы набываем самае галоўнае — канкурэнтаздольнасць. Менавіта інтэграцыя дае магчымасць канкурэнтаздольнасці нашай сумеснай прадукцыі».
Самае важнае, паводле слоў губернатара, — умець убачыць будучыню і ісці да гэтай будучыні. Аб гэтым і ішла размова на сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада: «Усе даручэнні Прэзідэнтаў узялі пад увагу — частку выканалі, частку выконваем, а таксама з’явіліся новыя задачы. Перш за ўсё — гэта ўзаемазвязаная работа ва ўсіх напрамках. Гэта вельмі важнае пытанне».
Аляксандр Бяглоў таксама паведаміў, што ў 2025 годзе аб’ём паставак прадукцыі з Беларусі ў Санкт-Пецярбург складзе больш за 230 тысяч тон: «Гэта таксама інтэграцыя — сумесныя праекты і гэтак далей».
Многія пецябруржцы хочуць наведаць Беларусь, таму адной з ключавых тэм стаў турызм. У прыватнасці, цікавасць выклікалі дамы адпачынку. На думку Аляксандра Бяглова, важна развіваць супрацоўніцтва ў сферы медыцынскага турызму.
Разгледзелі падчас сустрэчы стварэнне сэрвіснага цэнтра і гандлёвага дома ў Санкт-Пецярбургу і шэраг іншых напрамкаў. «Абмеркавалі пытанні па-таварыску, а не толькі па-дзелавому. Думаю, што даручэнні нашых прэзідэнтаў мы выканаем», — рэзюмаваў Аляксандр Бяглоў.
У размове з журналістамі кіраўнік беларускага ўрада Аляксандр Турчын падкрэсліў, што дыялог з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга адбыўся сяброўскі, а ў сяброў закрытых тэм няма: «Мы не абыходзім вострыя вуглы. Сёння мы як сапраўдныя сябры прагаварылі перспектывы, невялікія тэхнічныя пытанні і варыянты іх вырашэння. Эфектыўная ыорма супрацоўніцтва Беларусі з Санкт-Пецярбургам — гэта Савет дзелавога супрацоўніцтва. Я наогул лічу, што гэта адна з самых паспяховых формаў супрацоўніцтва паміж рэгіёнам Расійскай Федэрацыі і Беларуссю».

Высокатэхналагічныя вытворчасці, IT-сфера — адны з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва. «Кампетэнцыі нашых краін дазваляюць нам выходзіць на новыя ўзроўні, на забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту нашых краін. Супрацоўніцтва Санкт-Пецярбурга і Беларусі — прыклад партнёрства на найвышэйшым узроўні», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота БелТА.