Ключавыя пытанні — пашырэнне вытворчасці і дыверсіфікацыя рынкаў збыту. На прадпрыемстве перапрацоўваюць сельскагаспадарчую сыравіну, вырабляюць больш за 500 найменняў прадукцыі.
Генеральны дырэктар Брэсцкага мясакамбіната Павел Бухавецкі адзначыў, што змяняецца традыцыйная структура попыту. Пакупнікі ўсё больш аддаюць перавагу зручнай ежы, паўфабрыкатам, гатовай прадукцыі. «Паспяваем за трэндамі, прапануем рынку новыя віды, — расказаў кіраўнік. — У нас сфарміраваныя на 15 гадоў інвестыцыйныя праграмы. Распісана ўсё па гадах у рамках холдынга. На ўсіх чатырох пляцоўках ідзе шырокая мадэрнізацыя. Рыхтуемся да трэндаў, якія прысутнічаюць на рынку».
У прыватнасці, на Кобрынскай пляцоўцы прадугледжана будаўніцтва новага цэха па вытворчасці гатовай і напаўгатовай ежы. У Брэсце — пашырэнне вытворчасці пельменяў і цэха паўфабрыкатаў. Рыхтуецца да рэканструкцыі Бярозаўскі мясакамбінат. Для загрузкі магутнасцяў у Бярозаўскім раёне пачалося будаўніцтва свінакомплексу на 100 тыс. галоў. У вытворчы працэс планамерна ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі. «Усё, што можна, мы зрабілі. А ўжо пры будаўніцтве новых прадпрыемстваў ідзе практычна поўная аўтаматызацыя і рабатызацыя», — дадаў Павел Бухавецкі.

Кіраўнік дзяржавы нацэльвае беларускіх вытворцаў на больш глыбокую перапрацоўку для атрымання прадуктаў з большай дабаўленай вартасцю. Спецыялісты шукаюць новыя тэхналогіі, спосабы і рэцэпты для пашырэння лінейкі прадукцыі.
«Ідэі прадуктаў з’яўляюцца ў аддзеле маркетынгу, дзе вывучаюць перавагі спажыўцоў і даюць заданні бюро па распрацоўцы новых відаў. Мы ацэньваем нашы сыравінныя запасы. Маем перавагу, паколькі ў нас ёсць эксперыментальны цэх, які ўключае ў сябе міні-версіі абсталявання, што дазваляе распрацоўваць прадукты, не адцягваючы асноўную вытворчасць ад выканання заявак. Працуем з рознымі пастаўшчыкамі інгрэдыентаў і матэрыялаў. Бясконца тэсціруем і выбіраем лепшы варыянт суадносін цана — якасць, каб распрацаваць прадукт, які б спадабаўся спажыўцу», — патлумачыла тэхнолаг Аліна Раманчук.