Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын правёў сумеснае пасяджэнне гадавога агульнага сходу акцыянераў і назіральнага савета ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», паведамляе БелТА.
На парадку дня — разгляд вынікаў работы за 2025 год і ацэнка вынікаў за першы квартал 2026 года.
«Мы традыцыйна ў сакавіку збіраемся, разглядаем вынікі работы за мінулы год, зацвярджаем фінансавую справаздачнасць, прымаем рашэнне аб размеркаванні прыбытку, абмяркоўваем іншыя пытанні дзейнасці банка. Мінулы год, безумоўна, быў вельмі напружаным, але тым не менш можна здавальняюча ацаніць работу банка за мінулы год. Банкам развіцця выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі», — сказаў Аляксандр Турчын.
Ён прывёў некалькі лічбаў. Так, на мэты інвестыцыйнага фінансавання накіравана больш за 4 млрд рублёў. Аб’ём выдачы экспартных крэдытаў за 2025 год склаў 4,4 млрд рублёў. Акрамя таго, у 2025 годзе Банк развіцця працягнуў праграму падтрымкі суб’ектаў малога бізнэсу. У рамках згаданай праграмы на гэтыя мэты было накіравана 375 млн рублёў. Пералічана ў бюджэт 330 млн рублёў.
«Сённяшняе пасяджэнне — не толькі ацэнка вынікаў 2025 года, у нас практычна скончыўся першы квартал 2026-га. Банк развіцця ўвайшоў у новы цыкл работы — першы год стратэгічнага плана развіцця. Хацелася б, каб мы разумелі тэндэнцыі і перспектывы бягучага года. Таму сёння на парадку дня 18 пытанняў, большая частка з якіх разглядаецца адначасова назіральным саветам і агульным сходам акцыянераў. Разлічваю, што мы аператыўна і канструктыўна правядзём сённяшняе пасяджэнне», — адзначыў Прэм’ер-міністр.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел нядаўна прызначаны прадстаўніком дзяржавы ў органах кіравання Банка развіцця Уладзіслаў Татарыновіч і прапанаваны да прызначэння незалежным дырэктарам Павел Калаур. «Хачу пажадаць калегам паспяховай і плённай работы ў органах кіравання Банка развіцця», — дадаў кіраўнік беларускага ўрада.