Аб гэтым ішла размова падчас сустрэчы Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з Каардынуючым міністрам па эканамічных пытаннях Рэспублікі Інданезія Аірлангам Хартарта.
Аб гэтым ішла размова падчас сустрэчы Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з Каардынуючым міністрам па эканамічных пытаннях Рэспублікі Інданезія Аірлангам Хартарта.
На парадку дня — развіццё двухбаковага супрацоўніцтва і пашырэнне беларуска-інданезійскіх кантактаў.
Як адзначыў Аляксандр Турчын, апошнім часам сувязі паміж краінамі значна ўмацаваліся: «Нягледзячы на адлегласць, Беларусь і Інданезія блізкія ментальна і духоўна. Нас аб’ядноўвае імкненне да міру, сяброўства і партнёрства, заснаванага на ўзаемнай павазе. Беларусь бачыць у Інданезіі сапраўднага сябра і надзейнага партнёра, апорны пункт уваходу ў шырокі рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі».
Паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, візіт Прэзідэнта Інданезіі Прабова Субіянта ў Беларусь у ліпені мінулага года надаў важны імпульс развіццю беларуска-інданезійскіх кантактаў, і беларускі бок гатовы рэалізаваць усе дасягнутыя дамоўленасці. У сваю чаргу, новыя магчымасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва будуць даступныя пасля ўступлення ў сілу пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Інданезіяй:
— Беларускі бок актыўна працуе над ратыфікацыяй пагаднення. Праект адпаведнага закона ўжо адобраны нашым парламентам. Запэўніваю вас, што беларускі бізнес чакае гэтай падзеі. Мы запрашаем інданезійскія галіновыя органы і дзелавыя колы больш узаемадзейнічаць з беларускімі партнёрамі, напрацоўваць дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва, удзельнічаць у выставах, семінарах, арганізоўваць сумесныя бізнес-мерапрыемствы, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Такі падыход дапаможа нам лепш разумець патрэбы адзін аднаго, шукаць і знаходзіць пункты ўзаемнага інтарэсу, выбудоўваць прамыя кантакты і наладжваць доўгатэрміновае ўзаемадзеянне і партнёрства. Гэта таксама закладзе трывалы фундамент далейшай шматграннай работы ва ўмовах функцыянавання зоны свабоднага гандлю.
Каардынуючы міністр па эканамічных пытаннях Рэспублікі Інданезія Аірланга Хартарта таксама падкрэсліў, што Беларусь і Інданезію аб’ядноўваюць агульныя ідэалы — імкненне да свабоды і непрыманне любой гегемоніі і агрэсіі: «Мы надзвычайна цэнім доўгатэрміновыя ўзаемаадносіны паміж Інданезіяй і Беларуссю, якія ўмацоўваюцца з кожным годам і якія былі закладзены 33 гады таму з пачаткам дыпламатычных узаемаадносін паміж нашымі краінамі», — адзначыў ён.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА