У Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына з гендырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым. Тэм для абмеркавання аказалася нямала.
У Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына з гендырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым. Тэм для абмеркавання аказалася нямала.
Ну а ў пачатку гутаркі — прыемны момант: заслужаная ўзнагарода з рук Прэм’ер-міністра. Аляксандр Турчын уручыў Аляксею Ліхачову ордэн Пашаны. Дзяржаўная ўзнагарода ўручана за значны ўклад у рэалізацыю інвестпраекта па будаўніцтве БелАЭС.
— Я хацеў бы падзякаваць вам за асабісты ўдзел у будаўніцтве нашай першай атамнай электрастанцыі, за дапамогу і падтрымку і з задавальненнем выканаць даручэнне Прэзідэнта — уручыць вам за асабісты ўклад у маштабны нацыянальны праект высокую дзяржаўную ўзнагароду, — пракаментаваў Прэм’ер-міністр.
Аляксей Ліхачоў у сваю чаргу падзякаваў за высокую ацэнку яго работы і папрасіў перадаць самыя шчырыя словы падзякі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і за ўзнагароду, і за па-сапраўднаму бацькоўскі клопат у справе двухбаковага расійска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы мірнага атама і ў кампетэнцыях, якія пашыраюцца, узаемадзеяння дзвюх краін.
— Крыху больш за 10 гадоў таму рушыў наперад гэты праект, і сёння, гледзячы на вынікі нашай працы, скажу па-руску коратка: душа спявае, — адзначыў Аляксей Ліхачоў.
Аляксандр Турчын нагадаў, што не адзін год нашу краіну і дзяржкарпарацыю аб’ядноўваюць цесныя сувязі ў галіне атамнай энергетыкі:
— Таму падчас сустрэчы хацеў бы, каб мы абмеркавалі ўвесь спектр нашага супрацоўніцтва. Безумоўна, адна з галоўных тэм — працяг супрацоўніцтва ў атамнай энергетыцы (Ёсць і іншыя. — «Зв.»). Лічбавізацыя, супрацоўніцтва ў галіне медыцыны, сумесны праект па электрамабілях і гэтак далей... Увогуле, пералік пытанняў зразумелы.
Прэм’ер-міністр заўважыў, што чым больш ёсць магчымасцяў для зносін, тым больш узнікае тэм для далейшага супрацоўніцтва.
Аляксей Ліхачоў падзякаваў за магчымасць такой сустрэчы і высокую ацэнку працы.
— Мы рэалізоўваем даручэнне, дадзенае нам Аляксандрам Рыгоравічам у канцы 2023 года, — не сыходзіць з Беларусі па выніках здачы атамнай электрастанцыі, а пашырыць супрацоўніцтва, — нагадаў кіраўнік «Расатама».
Паводле яго слоў, у пачатку 2024 года адразу былі падпісаны адпаведныя дакументы, адпрацавана «дарожная карта»:
— І за не такі ўжо працяглы тэрмін дзеяння гэтых дакументаў — крыху больш за год — нам ёсць што выкласці на стол як вынікі ўзаемадзеяння. Самае галоўнае — ёсць велізарная колькасць далейшых планаў развіцця. Мы ацэньваем абарот у сферы новых напрамкаў дзесьці больш за 10 мільярдаў рублёў па выніках мінулага года. Лічым, што выйдзем на лічбу ў паўтара раза большую па выніках 2025 года і на гэтым не абмяжуемся.

Таксама гендырэктар дзяржкарпарацыі звярнуў увагу, што ўсе сумесныя праекты маюць добры плён і патэнцыял развіцця. У кампаніі ёсць прапановы, як пашырыць спектр кірункаў узаемадзеяння ў інтарэсах эканомік і народаў дзвюх краін.
Фота: БелТА