Top.Mail.Ru

Турчын: Беларусь не будзе канфіскоўваць фуры з літоўскай рэгістрацыяй

Беларусь не будзе канфіскоўваць фуры з літоўскай рэгістрацыяй. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падчас сустрэчы з літоўскімі і польскімі перавозчыкамі, перадае БелТА.


Міжнародныя аўтаперавозчыкі звярнуліся да Прэзідэнта Беларусі з просьбай садзейнічаць урэгуляванню сітуацыі з грузавікамі з літоўскай рэгістрацыяй. Прэзідэнт Беларусі разгледзеў іх зварот і, кіруючыся гуманітарнымі падставамі, даручыў Прэм’ер-міністру сустрэцца з аўтаперавозчыкамі і выслухаць іх пазіцыю.

«Мы, нягледзячы на адкрыта недружалюбную палітыку суседніх дзяржаў, займаем канструктыўную пазіцыю і маем намер максімальна ўлічваць інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў. Нягледзячы на магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, у беларускага боку дакладна няма намеру і жадання гэтым скарыстацца. Наша жаданне — канструктыўна дамовіцца і выйсці з сітуацыі, якая склалася. Падчас нядаўняга візіту прадстаўнікоў літоўскай асацыяцыі ў іх была магчымасць упэўніцца, што ўсе транспартныя сродкі знаходзяцца на ахоўных стаянках, яны ўсе ў спраўным стане. Уласнік гэтых стаянак — камерцыйная арганізацыя. Наша пазіцыя таксама зразумелая: тыя выдаткі, якія панесла наша кампанія, павінны быць кампенсаваны», — сказаў Аляксандр Турчын.

Замежныя перавозчыкі фактычна кінуты на волю лёсу сваімі ўрадамі. З-за палітычна матываваных рашэнняў уласных улад, уключаючы абмежаванні на транзіт і закрыццё пунктаў пропуску, каля тысячы грузавікоў з літоўскай рэгістрацыяй аказаліся заблакіраваныя і пазбаўленыя магчымасці паўнавартасна працаваць на звыклых напрамках.

«Мы на працягу ўсіх гэтых чатырох месяцаў прапаноўвалі нашым калегам з Літоўскай Рэспублікі сустрэцца, правесці перагаворы з мэтай выпрацоўкі мер па ўрэгуляванні гэтага і іншых пытанняў у двухбаковых адносінах. На жаль, верагодна, у літоўскага ўрада ёсць больш важныя справы, чым займацца праблемамі ўласнага бізнесу», — сказаў беларускі Прэм'ер.

Беларускі бок гатовы да разгляду існуючай сітуацыі для пошуку магчымых шляхоў яе вырашэння. 


Замежныя перавозчыкі звярнуліся да Прэзідэнта для ўрэгулявання сітуацыі з фурамі з літоўскай рэгістрацыяй

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю