Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Рэспубліцы Казахстан. Сёння беларускі Прэм’ер правёў сустрэчу з Прэзідэнтам краіны Касымам-Жамартам Такаевым, падчас якой абмеркаваў перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прамкааперацыі.
У пачатку сустрэчы Аляксандр Турчын перадаў цёплыя словы прывітання і душэўныя пажаданні ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведаміўшы, што напярэдадні вылету адбылася працяглая гутарка з Кіраўніком дзяржавы па тэматыцы маючага адбыцца візіту.
— Мы ў Беларусі, як вашы сябры, уважліва сочым за развіццём Казахстана і радуемся вашым поспехам, таму што на працягу доўгага часу краіна дэманструе ўстойлівы эканамічны рост, і мы не можам не радавацца тым дасягненням, якія вы на сённяшні дзень маеце, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Са свайго боку Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў цёпла прывітаў беларускага Прэм’ера.
— Гэта ваша першае прыбыццё ў якасці кіраўніка ўрада — афіцыйны візіт — мы вітаем гэты візіт. Лічым яго вельмі важным з улікам узроўню развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі і, вядома, зместу гэтых сувязяў.
Што датычыцца гандлю паміж краінамі, на думку казахстанскага лідара, ён паспяхова развіваецца і знаходзіцца на ўзроўні ад 900 тысяч да мільярда долараў.
— Наколькі я ведаю, Казахстан з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі. Але ў цэлым я хацеў бы падкрэсліць, што мы з вялікай сімпатыяй і павагай ставімся да вашай краіны, да вашага народа, яго самабытнай культуры.
Касым-Жамарт Такаеў канстатаваў, што такія прадукцыйныя ўзаемаадносіны — вынік работы і велізарная заслуга беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі.
— Карыстаючыся магчымасцю, я хацеў бы перадаць прывітанне і найлепшыя пажаданні Прэзідэнту Беларусі. Мы настроены на самую пазітыўную работу з адпаведным вынікам, таму што зацікаўлены ў тым, каб паспяховае развіццё супрацоўніцтва мела свой працяг, — асабліва адзначыў Прэзідэнт Казахстана.
Па завяршэнні сустрэчы Аляксандр Турчын пабываў у Цэнтры падтрымкі лічбавага ўрада Казахстана, дзе беларускай дэлегацыі былі прэзентаваны тэхналагічныя магчымасці платформаў, накіраваных на зручнасць насельніцтва і бізнесу, а таксама эфектыўнасць работы. На прыкладзе «Лічбавай карты сям’і» адзначаны станоўчы вопыт уплыву тэхналогій на ўдасканаленне сістэмы аказання мер сацыяльнай падтрымкі грамадзян.
Таксама ў рамках візіту Прэм’ер-міністр Беларусі наведаў міжнародны тэхнапарк ІТ-стартапаў «Астана Хаб».