Новыя магутнасці – новыя магчымасці
Аляксандр Турчын азнаёміўся з вытворчымі магутнасцямі прадпрыемства, ходам яго мадэрнізацыі і планамі па развіцці. На ММЗ прайшла і рабочая нарада, у ходзе якой абмеркавалі пытанні, прысвечаныя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці холдынга. Да ўдзелу быў запрошаны шырокі кола ўдзельнікаў, у тым ліку і прадстаўнікі флагманаў беларускага машынабудавання.
— Хацеў бы, каб мы адкрыта пагаварылі пра нашы перспектывы рухавікабудавання і максімальнае выкарыстанне айчынных рухавікоў для вытворчасці нашай тэхнікі. Таму кіраўнікоў нашых найбуйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў запрасілі, — звярнуўся да ўдзельнікаў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. — Я яшчэ раз хачу акцэнтаваць увагу: мне важна сёння адкрытая і аб’ектыўная размова, каб мы разумелі, якія нашы магчымасці і што мы можам зрабіць па пазначаных мэтах. Мы павінны дакладна разумець, наколькі мы забяспечваем надзейнасць нашага машынабудавання. Таму сённяшняя наша сустрэча на тэму айчынных рухавікоў.
Мінскі маторны завод пастаянна пашырае лінейку прадукцыі, запатрабаванай у машынабудаўнічай галіне. На працягу некалькіх гадоў на прадпрыемстве рэалізуецца інвестыцыйны праект па стварэнні высокатэхналагічнай сучаснай вытворчасці рухавікоў. Пры мадэрнізацыі дзеючай вытворчасці ўкараняецца сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне. У бягучым годзе плануецца завяршыць падрыхтоўку вытворчасці малалітражных дызельных рухавікоў з рабочым аб’ёмам да 2,5 л, што дасць магчымасць выпускаць да 7,5 тыс. адзінак гэтай прадукцыі ў год.

Як адзначыў генеральны дырэктар Мінскага маторнага завода Аляксандр Батвіннік, у час УНС Прэзідэнтам была пастаўлена задача стварыць усю гаму рухавікоў, якія будуць запатрабаваны ў Беларусі і мець добры экспартны патэнцыял. «Тэма нарады — якія работы мы сёння праводзім, а таксама інавацыйнае развіццё Мінскага маторнага завода ў частцы стварэння новай лінейкі рухавікоў. За апошнія гады створана каля шасці новых мадэляў. Створана каля 30 мадыфікацый, якія актыўна выкарыстоўваюцца для вытворчасці канечнага прадукту нашымі спажыўцамі як у Беларусі, так і за яе межамі. Асобнае пытанне — інвестыцыйная дзейнасць: мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці, будаўніцтва ліцейнага завода. Гэта дасць магчымасць нам устараніць слабыя месцы ў частцы вырабу тых рухавікоў, якія будуць запатрабаваны на ўнутраным і знешнім рынках», — сказаў ён.

На пытанне, што дасць мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў, генеральны дырэктар адказаў:
— Мы хочам перш за ўсё замяніць агрэгатныя спецыялізаваныя станкі на ўніверсальныя, якія дазволяць вырабляць дэталі для рухавікоў да 14 літраў. Гэта значыць — перайсці ў новы мадэльны рад з новым літражом, якога да гэтага не выраблялі. Сёння асноўная спецыялізацыя ММЗ — гэта рухавікі да 300 конскіх сіл. У нас задача ў кароткі тэрмін перайсці да рухавікоў да 450–550 к. с. і ісці ў сегмент большай магутнасці.

Галоўны канструктар ММЗ Міхаіл Клеса расказаў, над чым сёння працуе канструктарскае бюро завода.
— Займаемся пашырэннем лінейкі, — у прыватнасці, вядзём работы над стварэннем рухавіка 9,5 літра. Скончылі выраб доследнага ўзору 14-літровага рухавіка, прызначанага для энерганасычанай тэхнікі, што запатрабавана для «Гомсельмаша». Таксама займаемся рухавіком 2,5 літра. «Займаемся марской, рачной тэматыкай, а таксама пашырэннем прымянення нашых рухавікоў на розных тыпах тэхнікі», — праінфармаваў ён.
Стратэгічны крок — стварэнне высокатэхналагічнай сучаснай вытворчасці рухавікоў з рабочым аб’ёмам ад 19 да 69 л. Завершаны будаўніча-мантажныя работы на ўчастку зборкі і выпрабавання гэтых рухавікоў, а таксама пусканаладачныя работы на выпрабавальным стэндзе. Ужо ў гэтым месяцы запланаваны ўвод у эксплуатацыю выпрабавальнага комплексу.

Што датычыцца праектаў у рэгіёнах, у Жыткавічах у мінулым годзе завяршылі першую чаргу праекта, у гэтым годзе пачалі другую. Таксама сярод важных праектаў будаўніцтва новага ліцейнага завода ў Стоўбцах — сучаснага, лічбавага, рабатызаванага, які дасць магчымасць значна палепшыць якасць ліцця і атрымаць добры эканамічны эфект.
Экспарт завода за восем месяцаў вырас на 5,7%. «Добра працуем з нашымі партнёрамі ў краінах постсавецкай прасторы — Расія, Узбекістан, Казахстан, Таджыкістан і іншыя. З упэўненасцю можам сказаць, што рухавік Мінскага маторнага завода — гэта рухавік Саюзнай дзяржавы, таму што амаль усе яго кампаненты выраблены ў Беларусі і Расіі. Таксама актыўна працуем з Азіяцкім рэгіёнам», — абазначыў гендырэктар ММЗ.
Надзея ЗУЕВА