Пляцоўка для выпрацоўкі прамысловай стратэгіі
Выстава «ІНАПРАМ. Беларусь» праводзіцца ў Мінску другі раз і ўжо стала Еўразійскай гандлёва-прамысловай пляцоўкай. У гэтым годзе свае дасягненні экспанавалі больш за 600 кампаній, а наведалі выставу прадстаўнікі дзелавой супольнасці з 45 дзяржаў. Кіраўнікі ўрадаў краін - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза таксама азнаёміліся з экспазіцыяй. Перш за ўсё іх увагі ўдастоіліся стэнды машынабудаўнічых кампаній, якія прадстаўляюць адытыўныя тэхналогіі, мікраэлектроніку, распрацоўкі ў галіне пратэзавання і сучаснага медыцынскага абсталявання. Гэта тыя сферы, у якіх найбольш запатрабавана кааперацыя паміж дзяржавамі ў рамках ЕАЭС. Гэтаму пытанню была прысвечана і пленарная сесія.

«Выстаўка „ІНАПРАМ“ — найважнейшая пляцоўка для выпрацоўкі стратэгічных напрамкаў развіцця прамысловай сферы на Еўразійскай прасторы», — адзначыў у сваім выступленні Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Ён канстатаваў: Беларусь паставіла перад сабой дакладную мэту — стаць краінай з развітой лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай. Гэта ключавая задача прапісана ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года. Але вырашыць яе паасобку немагчыма: неабходна аб’ядноўваць намаганні з партнёрамі.
Аляксандр Турчын абазначыў ключавыя трэнды, якія прапануе Беларусь у рамках тэхналагічнага развіцця і шматбаковага ўзаемадзеяння на прасторы ЕАЭС. Першы кірунак — пераход да экасістэмнага супрацоўніцтва лічбавымі платформамі, калі кампаніі аб’ядноўваюцца для сумеснага стварэння каштоўнасцяў. Вядомы кейс — платформы таксі, калі кліент атрымлівае адразу шмат спадарожных паслуг і інструментаў для задавальнення сваіх патрэб. Магутныя лічбавыя платформы неабходныя для галін машынабудавання, станкабудавання і іншых, каб аб’ядноўваць намаганні па фарміраванні каштоўнасцяў. У тым ліку з выкарыстаннем сучасных лічбавых рашэнняў.
Другі кірунак — супрацоўніцтва прамых канкурэнтаў. Яны аб’ядноўваюцца для вырашэння складаных і маштабных задач, якія не па сілах адолець паасобку. Але ў галіне дызайну, маркетынгу, прасоўвання прадукцыі кампаніі праводзяць незалежную палітыку. Такім чынам, на думку Аляксандра Турчына, можна «размеркаваць рызыкі, але захаваць канкурэнцыю». У свеце кааптацыя — ужо распаўсюджаны інструмент павышэння галіновай устойлівасці. Па гэтым трэку рухаюцца і вытворцы ў ЕАЭС. Паводле слоў беларускага Прэм’ер-міністра, МАЗ і КАМАЗ ужо тры гады праводзяць работу па ўніфікацыі кампанентнай базы. Аналагічныя працэсы адбываюцца ў сельскагаспадарчым машынабудаванні. За пяць гадоў беларускія кампаніі паставілі расійскаму «Рассельмашу» камплектуючых на суму 8 мільярдаў расійскіх рублёў.

Трэці кірунак — адкрытыя інавацыі і кааперацыя вакол складаных тэхналагічных задач. Да гэтай работы, упэўнены Аляксандр Турчын, «разам з закрытымі лабараторыямі неабходна прыцягваць знешнія ідэі — стартапы, даследчыя цэнтры, малы бізнес». А на міждзяржаўным узроўні ўзмацніць узаемадзеянне і намаганні для рэалізацыі капіталаёмістых і навукаёмістых праектаў.
Для гэтага, падкрэсліў Аляксандр Турчын, неабходна выпрацаваць дакладныя крытэрыі і патрабаванні для фарміравання прыярытэтнасці праектаў. Трэба паскорыць і ўзмацніць работу ў галіне выпрацоўкі міждзяржаўных стандартаў для новых высокатэхналагічных галін, паколькі яны з’яўляюцца пропускам на рынкі іншых краін і з’яўляюцца адной з базавых асноў для паспяховага супрацоўніцтва.

«Аб’яднаўшы намаганні, мы зможам дасягнуць многага на карысць нашых дзяржаў і народаў», — перакананы Аляксандр Турчын.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ