Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын прадставіў калектыву Апарату Савета Міністраў і профільным ведамствам новага намесніка Прэм’ер-міністра па пытаннях будаўніцтва, транспарту і ЖКГ Аляксандра Церахава, перадае БелТА.
Па словах Аляксандра Турчына, новы віцэ-прэм’ер у прадстаўленні не мае патрэбы. «Доўгі час ён працаваў у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, быў намеснікам міністра, міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У апошнія гады ён узначальваў адзін з найбуйнейшых будаўнічых холдынгаў нашай краіны, — адзначыў ён. — Учора падчас прызначэння Прэзідэнт паставіў задачу для Аляксандра Церахава гранічна выразна і ясна».
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што сярод моцных якасцяў новага віцэ-прэм’ера — высокая хуткасць прыняцця рашэнняў. «І самае галоўнае, што ён працаваў на зямлі і ведае тыя праблемы, якія ёсць у будаўнічай галіне, у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ведае рэгіянальныя праблемы. Думаю, што ўсе гэтыя сферы атрымаюць дадатковы імпульс з прыходам Аляксандра Аляксандравіча», — заўважыў кіраўнік урада.
Аляксандр Турчын яшчэ раз павіншаваў Аляксандра Церахава з высокай пасадай і пажадаў яму поспехаў. «Урад, усе калегі, безумоўна, падставяць вам пры неабходнасці плячо. І мы спадзяёмся на зладжаную работу нашай каманды».
Да цяперашняга часу Аляксандр Церахаў займаў пасаду генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Мінскбуд». А да гэтага на працягу шэрагу гадоў узначальваў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.