Top.Mail.Ru

Дэлегаты УНС разглядаюць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады

Гэты найважнейшы дакумент выносіцца на зацвярджэнне УНС у адпаведнасці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Усебеларускім народным сходзе». З дакладам аб праекце Праграмы сацэканамразвіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку выступіў Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН.


Як звярнуў увагу Старшыня УНС, Прэзідэнт Беларусі, на парадку дня — вельмі важнае пытанне. «Я вас папярэджваў, сумнае, можа, у нейкай ступені нецікавае, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да дэлегатаў. — Такая эканоміка. Як адзін класік казаў: «Я зайздрошчу тым народам, якія жывуць у гэтай сумнай, нецікавай абстаноўцы». Таму, як перакананы кіраўнік дзяржавы, лепш будзем сумаваць, планаваць нашы дзеянні эканамічныя, каб народу было крыху лягчэй жыць.

Рост інвестыцый і павелічэнне аб’ёму пабудаванага жылля 

Найперш кіраўнік урада праінфармаваў аб ключавых выніках пяцігодкі, якая завяршаецца. Ëн канстатаваў, што ў 2021 — 2025 гадах Беларусь знаходзілася пад пастаянным ціскам: «ковідныя» абмежаванні, санкцыі, геапалітычныя ўзрушэнні. 

«Нягледзячы на гэта, у эканоміцы дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Па выніках бягучага года ВУП у доларавым эквіваленце — каля 92 млрд долараў. Эфектыўна рэалізуецца экспартная стратэгія. Задача па забеспячэнні аб’ёмаў экспарту тавараў і паслуг больш за 50 млрд долараў будзе выканана. Агульны аб’ём інвестыцый у асноўны капітал за пяць гадоў — каля 200 мільярдаў рублёў. Іх доля ў ВУП за 2025 год — каля 19 %». 

Па словах кіраўніка ўрада, за пяцігодку рэалізавана больш за тысячу вытворчых, інвестыцыйных праектаў, што дазволіла стварыць звыш 13 тысяч новых працоўных месцаў. 

Аляксандр Турчын праінфармаваў аб тым, што забяспечаны запланаваны аб’ём уводу жылля. «Пабудавана каля 117 тысяч кватэр, у тым ліку 46 тысяч — для шматдзетных сем’яў, — канкрэтызаваў ён. — Выканана адна з галоўных задач пяцігодкі — забяспечаны ўстойлівы рост рэальнай заработнай платы. Гэта дазволіла стымуляваць спажыванне, падтрымаць унутраны рынак. Сярэдні памер заработнай платы склаў каля 2700 рублёў».

Кіраўнік урада акцэнтаваў увагу на тым, што многае зроблена для камфортнага жыцця ў рэгіёнах. Па яго словах, фактычна за пяцігодку пабудавалі і рэканструявалі 24 паліклінікі, 58 дзіцячых садоў, 73 школы, 18 аб’ектаў спартыўнай інфраструктуры, адрамантавана больш як 17 тысяч кіламетраў дарог, пабудаваны 162 кіламетры. Уведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 13,6 млн квадратных метраў жылых дамоў.

«Разам з тым нельга сказаць, што ў эканоміцы няма праблем або ўрад іх не бачыць, — заўважыў Прэм’ер-міністр. — Тым больш, што частку з іх кіраўнік дзяржавы ўчора абазначыў у сваім выступленні. Пакуль захоўваюцца невысокая краінавая і таварная дыверсіфікацыя экспарту, недастатковая інвестыцыйная актыўнасць, нізкая доля сферы паслуг у ВУП і іншыя. Абазначаныя праблемныя пытанні ўскладняюцца дэмаграфічнымі выклікамі: старэннем насельніцтва, зніжэннем нараджальнасці, міграцыяй».

Менавіта на базе ўсіх дасягнутых вынікаў, як звярнуў увагу Аляксандр Турчын, фарміравалася новае аблічча праграмы на наступную пяцігодку, якая накіравана на эфектыўнае пераадоленне як знешніх пагроз, так і ўнутраных выклікаў.

«На фоне геапалітычнай нестабільнасці і запаволення тэмпаў сусветнай эканомікі чаканы рост нашай эканомікі складзе не менш як 103 % у год, — праінфармаваў ён. — За ўсю пяцігодку рост — 115,8 %. Неабходна адзначыць, што гэта задача з’яўляецца вельмі напружанай. Для параўнання: рост ВУП за бягучую пяцігодку ацэньваецца на ўзроўні 107 %. Разам з ВУП на наступныя пяць гадоў запланаваны рост інвестыцый у асноўны капітал на ўзроўні 116,7 %, прадукцыйнасцю працы — 119,8 %, экспарту тавараў і паслуг — 119,5 %. Тэмп росту рэальных даходаў насельніцтва прагназуецца на ўзроўні 121 %». 


«Чалавекаарыентаваная палітыка і вырашэнне „зямных“ праблем»

У аснову Праграмы сацэканамразвіцця на 2026 — 2030 гады, як адзначыў Аляксандр Турчын, пакладзены вынікі праведзенага Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў маштабнага сацыялагічнага даследавання запытаў і чаканняў грамадства ў сярэднетэрміновай перспектыве. Ëн расказаў, што пад эгідай праекта «Народная пяцігодка» быў арганізаваны агульнанацыянальны дыялог «Вобраз будучыні», ступень уцягнутасці ў які стала беспрэцэдэнтнай —звыш 70 тысяч чалавек. 

«Нашы грамадзяне чакаюць ад дзяржавы чалавекаарыентаванай палітыкі, вырашэння „зямных“ праблем (якасць адукацыі і аховы здароўя, удасканаленне інфраструктуры, рамонт дарог, недапушчальнасць росту цэн) і, самае галоўнае, рэалістычнасці выканання дадзеных абяцанняў», — канкрэтызаваў кіраўнік урада. 

Пры гэтым Аляксандр Турчын дадаў, што праграма дапрацавана з улікам пытанняў, якія паступілі ад дэлегатаў УНС. Выбудаваны дакладны механізм яе рэалізацыі, які ўключае 20 дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнай накіраванасці, 17 галіновых, 7 рэгіянальных і 38 навуковых праграм. Гэтыя падыходы сталі вызначальнымі ў выбары прыярытэтаў пяцігодкі. Іх сем.

«Першы прыярытэт — нацыянальная дэмаграфічная бяспека (захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і), — канкрэтызаваў Аляксандр Турчын. — Другі — развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы. Трэці — стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця. Чацвёрты — рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя. Пяты — моцныя рэгіёны. Шосты — умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі. Сёмы — рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу».

За кожным прыярытэтам Праграмы замацаваны куратары з ліку кіраўнікоў урада, за канкрэтныя задачы адказваюць міністры і губернатары. 

Першы: нацыянальная дэмаграфічная бяспека

Аляксандр Турчын расказаў, што за пяць гадоў плануецца павялічыць колькасць народжаных на 1000 чалавек (з 6,5 да 7); знізіць смяротнасць да 11,5 праміле; падоўжыць чаканую працягласць жыцця (да 76,5 года). 

«Будуць мадэрнізаваны падыходы па выплаце дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, — канкрэтызаваў кіраўнік урада. — Для забеспячэння магчымасці ранняга выхаду маладых маці на работу пашырыцца даступнасць груп у дзіцячых садах для дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў. У выніку Беларусь захавае лідзіруючыя пазіцыі ў спісе самых камфортных краін для мацярынства і для нараджэння дзяцей».

Для забеспячэння комплекснага вырашэння пытанняў, якія датычацца прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння плануецца павысіць ахоп дыспансерызацыяй не менш як 95 % дарослага насельніцтва. Пастаўлена задача — забяспечыць работу не менш як трох міжраённых цэнтраў спецыялізаванай меддапамогі ў кожнай вобласці. Пашырэнне іх сеткі ў рэгіёнах, па словах Прэм’ер-міністра, дазволіць палепшыць даступнасць аказання медыцынскай дапамогі пацыентам незалежна ад месца іх пражывання, а таксама стварыць аптымальныя ўмовы для ранняй дыягностыкі захворванняў.

«Да канца пяцігодкі будзе пабудавана і рэканструявана 83 аб’екты аховы здароўя: больш за 40 бальніц, парадку 19 паліклінік, 18 спецыялізаваных цэнтраў, — удакладніў ён. — Запланаваны аб’ём інвестыцый 7 млрд рублёў».

Па словах кіраўніка ўрада, для падтрымкі здаровага ладу жыцця насельніцтва і прафесійнага спорту запланавана будаўніцтва 72 спартыўных аб’ектаў з аб’ёмам інвестыцый 1 млрд. рублёў. З іх — 27 фізкультурна-аздараўленчых комплексаў і 10 басейнаў. Для вырашэння пастаўленых задач распрацаваны тры дзяржпраграмы: «Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу», «Здароўе нацыі», «Фізічная культура і спорт».

Другі: развіццё чалавечага патэнцыялу

Для забеспячэння роўных стартавых магчымасцяў для атрымання дашкольнай, агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца будаўніцтва каля 20 новых дзіцячых садоў, 27 школ, а таксама стварэнне камфортных умоў для навучання ў каледжах.

«Фарміруецца эфектыўная мадэль дадатковай адукацыі дарослых, у тым ліку бізнес-адукацыі, адаптаванай пад патрэбнасці эканомікі, — дадаў кіраўнік урада. — Асаблівы фокус — на моладзь, яе патрыятычнае выхаванне. Патрэбна падтрымка перспектыўных маладзёжных праектаў і ініцыятыў, уключаючы маладзёжнае прадпрымальніцтва, стварэнне паўнавартасных умоў для самарэалізацыі маладых грамадзян у розных сферах, але абавязкова ў нашай краіне». 

Па словах Прэм’ер-міністра, задача на рынку працы — забяспечыць баланс: з аднаго боку — не дапусціць «уцечку» кадраў, з другога — стымуляваць прыток запатрабаваных спецыялістаў у краіну. Забяспечанасць у кадрах, як звярнуў увагу ён, павінна скласці не менш за 97 %. 

Пры гэтым, як дадаў Аляксандр Турчын, важна стварыць умовы для занятасці насельніцтва. Сярод іх — «хуткі ўваход» на рынак працы, у першую чаргу, моладзі (у тым ліку за кошт карэкціроўкі прафесійна-кваліфікацыйных патрабаванняў спецыялістаў і спалучэння падрыхтоўкі кадраў з патрэбнасцямі наймальнікаў); развіццё гнуткіх рэжымаў працы, пашырэнне ўзроставых граніц найму, у тым ліку актывізацыя працы асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. 

У галіне сацыяльнай абароны пастаўлены задачы: развіццё інфраструктуры дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання; пашырэнне ўдзелу суб’ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці ў аказанні сацыяльных паслуг; перавод сістэмы сацыяльнага абслугоўвання ў лічбавы і праактыўны фармат; стварэнне ўмоў пражывання ў сацыяльных пансіянатах, набліжаных да дамашніх. Механізмамі рэалізацыі прапанаваных ініцыятыў стануць тры дзяржпраграмы: «Беларусь інтэлектуальная», «Таварыства роўных магчымасцяў», «Збалансаваны рынак працы».

«Беларусь захавае свае высокія пазіцыі ў Глабальным індэксе чалавечага развіцця, — выказаў перакананасць Аляксандр Турчын. — Арыенціровачна — 61 месца ў 2030 годзе».


Трэці: якаснае і зручнае асяроддзе для жыцця 

Як адзначыў кіраўнік урада, у першую чаргу, гэта жыллё, дарогі, транспарт, ЖКГ. «Рэсурсы будуць накіраваныя на будаўніцтва і рэканструкцыю арэнднага жылля. Такое рашэнне дазволіць утрымаць і захаваць кваліфікаваныя кадры ў рэгіёнах. Будаваць будзем там, дзе плануецца рэалізацыя буйных вытворчых праектаў і для работнікаў найбольш запатрабаваных пасад, маладых спецыялістаў. Гэта зробіць працоўныя рэсурсы рухомымі, мабільнымі, дазволіць шукаць дом каля работы, а не наадварот», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Паводле яго слоў, за пяцігодку плануецца пабудаваць 5 мільёнаў квадратных метраў арэнднага жылля. «На яго сёння маецца вялікі попыт, — акцэнтаваў Аляксандр Турчын. — Акрамя таго, плануецца будаўніцтва, рэканструкцыя і капітальны рамонт не менш за 25 тысяч кіламетраў рэспубліканскіх і мясцовых дарог. Усе дарогі — ад райцэнтраў да аграгарадкоў — будуць з удасканаленым пакрыццём. Транспартная даступнасць вырасце — час у шляху ад населеных пунктаў да абласных цэнтраў не павінен перавышаць гадзіну-паўтары, а гэта не больш чым пераўсованне ўнутры Мінска».

Рост камфортнасці пражывання ў рэгіёнах плануецца забяспечыць за кошт якаснага пераўтварэння жылога фонду і дваровых тэрыторый, добраўпарадкавання населеных пунктаў, забеспячэння якасным водазабеспячэннем і водаадвядзеннем. «Запланавана будаўніцтва і рэканструкцыя 36 ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод. За пяцігоддзе доля жылых дамоў пасля капітальнага рамонту складзе не менш за 11 %, — канкрэтызаваў Прэм’ер-міністр. — Рэалізацыя пастаўленай задачы закладзена ў рамках 4 дзяржпраграм: «Будаўніцтва жылля», «Дарогі Беларусі», «Транспарт Беларусі», «Камфортнае жыллё» і «Спрыяльнае асяроддзе». 

Чацвёрты: канкурэнтаздольнасць, тэхналогія і лічбавізацыя 

Як адзначыў кіраўнік урада, у аснове — рэалізацыя інвестыцыйных праектаў. «У дрэваапрацоўцы — гэта будаўніцтва другога завода па вытворчасці сульфатнай цэлюлозы, у нафтахіміі — комплекс па вытворчасці поліпрапілену, у металургіі — стварэнне вытворчасці дакладнага алюмініевага ліцця, у машынабудаванні — арганізацыя выпуску трактароў высокай магутнасці, — пералічыў Аляксандр Турчын. — Вынікам іх рэалізацыі стане рост дабаўленай вартасці на работніка ў прамысловасці — у 1,4 раза».

На эфектыўнасць рэальнага сектара, паводле слоў Прэм’ер-міністра, павінна працаваць навука. «База падрыхтавана. Гэта 12 дзяржпраграм навуковых даследаванняў, 20 навукова-тэхнічных праграм і Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця, — канкрэтызаваў кіраўнік урада. — Іх рэалізацыя дазволіць павялічыць навукаёмістасць ВУП да аднаго працэнта і нарасціць долю інавацыйна-актыўных арганізацый да 45 %». 

Прэм’ер-міністр таксама адзначыў, што ў цесным спалучэнні з навукай пастаўлена задача па фарміраванні новых высокатэхналагічных галін — вытворчасць прамысловых робатаў, беспілотных сістэм, пілатуемай авіяцыі і мікраэлектроннай прадукцыі, фармацэўтычных прэпаратаў і біятэхналагічнай прадукцыі, электрычных і гібрыдных легкавых аўтамабіляў. 

«За пяць гадоў доля высокатэхналагічных вытворчасцяў павялічыцца да 8,5 %, гадавы аб’ём вытворчасці электрамабіляў складзе не менш за 10 тысяч, колькасць робататэхнічных сістэм на 10 тысяч работнікаў складзе не менш за 100», — паведаміў Аляксандр Турчын. 

Паводле слоў кіраўніка ўрада, за кошт павышэння тэхналагічнасці эканомікі плануецца забяспечыць рост паставак на экспарт беларускіх тавараў і паслуг у 1,2 раза за пяцігодку, долю высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі ў экспарце тавараў і паслуг — да 44 % у 2030 годзе. Прадугледжваецца далейшая дыверсіфікацыя знешняга гандлю за кошт нарошчвання долі краін далёкай дугі да 30 % да 2030 года. 

«Запланаваны мерапрыемствы па лічбавізацыі ў рэальным сектары, дзяржкіраванні і сацыяльнай сферы, — акцэнтаваў Прэм’ер-міністр. — Айчыннае праграмнае забеспячэнне павінна „закрыць“ крытычна важныя галіны на 90 %. Найбольш запатрабаваныя ў насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання адміністрацыйныя працэдуры будуць пераведзены ў лічбавы фармат. Як вынік, доля лічбавай эканомікі ў валавым унутраным прадукце дасягне 7,5 %».

Яшчэ адным апорным пунктам для тэхналагічнага развіцця стане бізнес, дадаў Аляксандр Турчын. «Будзе створаны галаўны рэгулятар — Цэнтр развіцця прадпрымальніцтва, адзіная анлайн-платформа, пашырацца інструменты фінансавай падтрымкі Банка развіцця. У выніку доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў валавай дабаўленай вартасці складзе 33 %, а сярэднегадавы прырост падатковых паступленняў ад гэтай катэгорыі — не менш за 10 %», — падкрэсліў кіраўнік урада. 

У дасягненні пастаўленых задач ключавымі механізмамі стануць Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця, а таксама дзяржпраграмы «Навука для эканомікі і грамадства», «Лічбавая Беларусь», «Устойлівае прадпрымальніцтва». 

Пяты: моцныя рэгіёны

Як адзначыў Аляксандр Турчын, кожная тэрыторыя павінна развівацца як адзіны сацыяльна-эканамічны комплекс у рамках сваёй вобласці, залучаючы ў працэсы росту ўсе населеныя пункты і рэсурсы. «Гэта значыць, кожны рэгіён стане месцам, дзе хочацца жыць: даступная работа, якасная інфраструктура і роўныя магчымасці. Для Брэсцкай і Гомельскай абласцей асноўны акцэнт — на развіцці Прыпяцкага Палесся. Для іншых тэрыторый — Віцебскае Паазер’е, паўднёва-ўсходнія рэгіёны Магілёўскай вобласці, Прынёманскі край Гродзенскай вобласці. У Мінскай вобласці такім пунктам росту стане Мінскі прамысловы пояс», — канкрэтызаваў Прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, ацэнка развіцця рэгіёнаў — комплексная. Прапануюцца тры базавыя індыкатары: рост рэальнай заработнай платы, інвестыцый і зніжэнне пазыковай нагрузкі на бюджэт. «Асаблівая ўвага — развіццю АПК. Запланавана будаўніцтва больш за 200 малочнатаварных і 5 буйных свінаводчых комплексаў, а таксама цяпліц і агароднінасховішчаў. Задача па экспарце харчавання — 10-12 мільярдаў долараў да канца наступнай пяцігодкі», — паведаміў Аляксандр Турчын.

Яшчэ адзін важны фактар устойлівасці і развіцця рэгіёнаў — экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне. «Неабходна павысіць выкарыстанне цвёрдых камунальных адходаў да 70 %, у вытворчасці — да не менш за 90 %. Да 2030 года ў планах увесці ў эксплуатацыю 7 новых аб’ектаў па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, — акцэнтаваў кіраўнік урада. — Вырашаць дадзеныя задачы будзем праз тры дзяржпраграмы: «АПК будучыні», «Экалогія» і «Нетры». 

Шосты: умацаванне абараназдольнасці 

Прэм’ер-міністр падкрэсліў: «Сёння вытворча-тэхнічны патэнцыял арганізацый абароннага сектара эканомікі ператвараецца ў магутны інавацыйны рэсурс у інтарэсах умацавання абараназдольнасці краіны. Створаны навукова-тэхнічны зачын і асвоены тэхналогіі вырабу высакадакладнага ракетнага ўзбраення, стралковай зброі. Забяспечаны серыйны выпуск беспілотных авіяцыйных комплексаў, сродкаў сувязі, радыёлакацыі і радыёэлектроннай барацьбы». 

Паводле яго слоў, пастаўлена задача па развіцці абароннага сектара эканомікі ў мэтах рэалізацыі самастойнай ваеннай палітыкі ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі, гатоўнасці Беларусі да ўстойлівага функцыянавання дзяржавы ў ваенны час. Таксама плануецца стварыць інавацыйныя цэнтры і лабараторыі па распрацоўцы найноўшых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі. 

Сёмы: рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу

«Задача — вывесці гэту галіну на якасна новы ўзровень, ператварыўшы яе ў нацыянальны праект і аднаго з лідараў эканомікі, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Патэнцыял развіцця істотны. Турызм як лакаматыў пацягне за сабой развіццё іншых паслуг: гасцінічны бізнес, крэатыўныя паслугі, транспарт, грамадскае харчаванне, розніцу і гэтак далей».

Як адзначыў кіраўнік урада, лічбавізацыя турызму, сучасная інфраструктура па сусветных стандартах, разнастайнасць тытульных маршрутаў як візітная картка рэгіёнаў дазволяць пашырыць магчымасці для нашых грамадзян адпачываць дома, захоўваючы даходы ўнутры краіны, а таксама павялічыць прыток замежных грамадзян і валютных паступленняў. 

«Важна прывесці ў парадак гасцініцы і санаторыі. Гэта базавы мінімум для развіцця індустрыі, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. — Ужо адабралі 46 аб’ектаў. Патрэба ў інвестыцыях — больш за 1 мільярд рублёў. За пяць гадоў будзе пабудавана і рэканструявана парадку 100 турыстычных аб’ектаў. Рэалізацыя пастаўленых задач павялічыць уклад турызму ў ВУП да 4,5 %, экспарт турыстычных паслуг — у 2 разы. Механізмамі рэалізацыі стануць дзяржпраграмы «Турызм» і «Культурная прастора». 

Рэалізацыя дадзеных прыярытэтаў дазволіць грамадзянам адчуць рэальныя змены ў паляпшэнні якасці свайго жыцця ўжо на гарызонце пяці гадоў. «Неабходна адзначыць, што важнай асаблівасцю праграмы з’яўляецца яе забяспечанасць фінансавымі рэсурсамі. Пры гэтым крыніцы сродкаў пралічаны з улікам рэальных магчымасцяў нашай эканомікі. Такім чынам, выкананы ключавыя патрабаванні — фінансавая забяспечанасць і рэалізуемасць пастаўленых у праграме задач», — акцэнтаваў Аляксандр Турчын. 

Вынікі выканання гэтых задач штогод будуць дакладвацца Прэм’ер-міністрам Усебеларускаму народнаму сходу ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Таксама па рашэнні Усебеларускага народнага сходу будзе магчыма ўносіць змяненні і дапаўненні ў праграму ў выпадку, калі сітуацыя ў краіне або на знешнім контуры істотна зменіцца.

У заключэнні Прэм’ер-міністр адзначыў, што праграма адлюстроўвае, па сутнасці, эканамічную мадэль развіцця нашай дзяржавы з пастаноўкай рэалістычных задач пры забеспячэнні макраэканамічнай збалансаванасці. «Праграма адпавядае задачам пяцігодкі якасці, адказвае запытам грамадства і гарантуе прытрымліванне выбранага курсу на пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын. 

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю