Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын лічыць задачу па выкананні найважнейшых прагнозных параметраў развіцця краіны на 2026 год звышнапружанай. Пра гэта ён заявіў журналістам, каментуючы зацверджаныя Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 3 лістапада дакументы, перадае БелТА.
«Калі мы пачыналі распрацоўваць прагнозныя дакументы, гэтыя параметры былі, скажам так, умерана напружанымі. Сёння гэтыя параметры выглядаюць звышнапружана», — сказаў кіраўнік урада. Ён патлумачыў гэта тым, што сітуацыя ў краіне і на знешнім контуры вельмі дынамічна мяняецца. «І, вядома, тыя параметры, якія зацверджаны Прэзідэнтам, вельмі напружаныя. Для таго каб іх выканаць, спатрэбіцца зладжаная работа ўсіх зацікаўленых у нашай краіне, пачынаючы ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і заканчваючы дзяржаўным апаратам», — звярнуў увагу Прэм’ер-міністр.
Урад удзячны кіраўніку дзяржавы за падтрымку прапаноў па ключавых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. «Дакументы падпісаны ў тым выглядзе, у якім іх уносіў урад», — сказаў Аляксандр Турчын, дадаўшы, што гэтаму папярэднічала велізарная падрыхтоўчая работа. Яна ўключала ўзгадненне ўсіх лічбаў з зацікаўленымі структурамі — не толькі членамі ўрада, але і дзяржорганамі, КДК, а таксама абедзвюма палатамі парламента. «Паверце, што лічбы, якія мы прапануем Прэзідэнту, вывераныя. Але я яшчэ раз хачу сказаць, у сённяшніх рэаліях яны выглядаюць вельмі і вельмі напружана», — заявіў Прэм’ер-міністр.
Ён звярнуў увагу, што ў развіццё зацверджаных Прэзідэнтам найважнейшых прагнозных параметраў урад рыхтуе яшчэ цэлы шэраг нарматыўных прававых актаў, якія «павінны дазволіць, не разварушваючыся, ужо з 1 студзеня 2026 года, прыступіць да рэалізацыі намечаных планаў».